Калi няма ветру, бярыцеся за вёслы!

Общество

Гэтай лацінскай прымаўкай кіруецца ў жыцці Н. А. ГРЫНЯВЕЦКАЯ – натура валявая і энергічная. Яна – аптымістка, не якая пасуе перад цяжкасцямі і паўтарае ўслед за першаадкрывальнікам Калумбам: “Вы ніколі не перасячэце акіян, калі не наберацеся мужнасці страціць бераг з вачэй”.

Нездарма Наталля Аляксандраўна перамагла ў раённым конкурсе “Настаўнік года-2014” у намінацыі “Лепшы выхавальнік дашкольнай установы адукацыі”. 

Да ўдзелу ў конкурсе яе падштурхнулі калегі, якія лічаць Н. А. Грынявецкую кампетэнтным і безадмоўным спецыялістам. Напачатку давялося падрыхтаваць творчую працу, накшталт курсавой – каму яна залічыцца, той праходзіць у наступны тур. Затым Наталля Аляксандраўна з поспехам пераадолела наступныя 4 этапы: правяла занятак з незнаёмымі дзецьмі ў дзіцячым садзе № 2 “Вясёлка” райцэнтра, падрыхтавала майстар-клас для супрацоўнікаў валожынскага дашкольнага Цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка”, затым перад поўнай залай на сцэне раённага Цэнтра культуры педагога чакалі “самапрэзентацыя” і заняткі з удзельнікамі конкурсу, дзе, згодна са сцэнарыем, трэба было асацыіраваць іх з дзецьмі.

Які ён – лепшы выхавальнік раёна?

На працу ў яслі-сад № 3 “Пралеска” горада Валожына Наталля Аляксандраўна прыходзіць да 7-7.30 раніцы. Пад апекай выхавальніцы – 23 малышы ад 2 да 3 гадоў. Да кожнага – увага і амаль мацярынскі клопат. Не выпадкова памочнік выхавальніка Т. М. Пратасевіч заўважыла: для Наталлі Аляксандраўны галоўнае, каб усе дзеці былі сытыя, а талеркі з-пад ежы – пустыя. Гэта, безумоўна, важна. Але яшчэ важней, заўважае Н. А. Грынявецкая, – падарыць дзіцяці шчаслівае дзяцінства.

Спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў і выхавальніка групы падоўжанага дня Н. А. Грынявецкая атрымала ў Барысаўскім педкаледжы. Выбраная прафесія не расчаравала.

Ды і сям’я дорыць утульнасць і надзею. Яна – строгая мама. Калі дзіця памыляецца ва ўчынках, укажа яму на промах і пакрытыкуе, але ў той жа час шчыра раздзеліць з ім радасць поспеху і падтрымае ў пачынаннях. Знаходзіць агульныя інтарэсы са сваімі двума дзецьмі-школьнікамі – для Наталлі Аляксандраўны адзін з пунктаў выхавання. Некалькі разоў на тыдзень разам яны выпякаюць здобу, любяць гатаваць торт “Мядовік”, шакаладныя “каўбасу” і шарыкі. Сумеснае кухарства выдатна збліжае. Разам удзельнічаюць у традыцыйным дабрачынным восеньскім кірмашы на базе СШ № 1, прымеркаваным да Дня інвалідаў. Сюды Грынявецкія прадастаўляюць апетытныя хатнія дэсерты.

Улетку ўсёй сям’ёй абавязкова адпачываюць на прыродзе з палаткамі. Нярэдка і сяброў з сабой паклічуць. То на некалькі сутак паедуць на Вілейскае вадасховішча, то спыняцца ля маляўнічага возера ў наваколлях Крэўскага замка. Адпачынак на прыродзе – гэта самы дзейсны эліксір для таго, каб новы працоўны дзень пачынаць з радасцю.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий