Умеюць працаваць i весялiцца

Молодежный курьер

У рэстаране “Іслач” пятнічным вечарам сабраліся на традыцыйны пераднавагодні маладзёжны злёт-2014 самыя ініцыятыўныя, вясёлыя, жыццярадасныя маладыя людзі, якія ўмеюць і працаваць, і весяліцца ад душы.

Адкрылі мерапрыемства намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вераніка Загорская і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Алена Грыбоўская. Яны ўрачыста ўручылі Падзякі і каштоўныя падарункі тым маладым людзям, якія на працягу года праявілі сябе найлепшым чынам на працы і ў грамадскай дзейнасці.

Быў адзначаны валанцёрскі атрад сельскагаспадарчага ліцэя. Маладыя людзі атрымалі Падзяку за ініцыятыву, адказнасць, добрасумленнасць і актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў рамках конкурсу ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі экалагічны атрад сярод моладзі, якая вучыцца”. Гучнымі апладысментамі прысутныя віталі псіхолагаў ТЦСАН Алену Жданюк і Вольгу Акульскую, якім уручылі Падзякі за добрасумленную працу, адказныя адносіны да прафесіянальных абавязкаў і за актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

Затым на імправізаваную сцэну запрасілі спартсменаў, якія адстойвалі гонар раёна ў абласных і рэспубліканскіх турзлётах. Павіншавалі трэнера па барацьбе дзюдо ДЮСШ Аляксея Садоўскага і інструктара-метадыста ФАК “Надзея” Аляксея Міхнаўца.

Лепшым сакратаром пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” сёлета быў прызнаны Іван Жылевіч, які працуе ў разлікова-касавым цэнтры № 14 ААТ “Белаграпрамбанк”.

Урачыстая частка закончылася, і на сцэну падняліся вядучыя-музыканты. Моладзі прадаставілася магчымасць павесяліцца ад душы, паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах, якімі поўнілася праграма, патанцаваць.

Прыемна бачыць на такіх мерапрыемствах маладыя сямейныя пары. На святочны вечар завіталі прадстаўнікі амаль усіх арганізацый раёна.

Увесь вечар прайшоў на ўзнёслай ноце. Моладзь прыемна адпачыла. Разыходзіліся задаволеныя і шчаслівыя. Хацелася б, каб з гэтым святочным настроем маладыя людзі сустрэлі Новы, 2015 год, і на працягу яго іх не пакідалі жыццярадаснасць, аптымізм і ініцыятыва.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий