Бацькаў трактар…

Культура

У 2015 годзе 15 студзеня спаўняецца 75 гадоў з дня  ўтварэння Валожынскага раёна. Людзі і лёсы – гэта аснова яго багатай біяграфіі.

У нашым старажытным горадзе не так багата помнікаў. Ды і аўтары іх мала каму вядомыя, няма персанальных шыльдачак, якія і сёння сведчылі б пра творцаў. І тым не менш сваім каларытам, прастатой увасаблення, характарнасцю міжволі выдаюць сябе работы рукі самабытнага майстра Пятра Канстанцінавіча Скарынкі.

Дзеці многіх пакаленняў з хваляваннем заміраюць ля кампазіцыі ў двары райбальніцы, галоўным героем якой з’яўляецца любімы Доктар Айбаліт. Захавалася ў Валожыне і манументальная кампазіцыя ў скверы мікрараёна Сельгастэхніка. Набыткам гісторыі стаў і помнік на тэрыторыі аднаго з буйных прадпрыемстваў раёна – ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, якое размешчана па вуліцы Чапаева, 38. На высокім пастаменце тут красуецца гусенічны трактар “ДТ-74”…

 

Гэта ўжо рарытэт прамысловай галіны былога Савецкага Саюза, калі агромністая тэрыторыя краіны была маштабнай пляцоўкай з разгалінаванай кааперацыяй па пастаўках запасных частак, камплектуючых. Такі трактар раней выпускалі на Харкаўскім спецыялізаваным заводзе на Украіне. У свой час ён лічыўся магутным і высокапрадукцыйным. Праўда, з цягам часу і яго выцеснілі канкурэнты. Так і трапіў бы на звалку гісторыі гэты гусенічны асілак, калі б не творчая энергія ўсё таго ж Скарынкі. Менавіта ён прапанаваў спісаны трактар увасобіць у помнік. І сёння гэта архітэктурнае рашэнне ўражвае, прыцягвае ўвагу цікаўных наведвальнікаў у своеасаблівым музеі пад акрытым небам. Уваход на вытворчую тэрыторыю названага прадпрыемства вянчае арка, абапал стаяць дзве скульптуры. Аўтар кампазіцыі таксама Пётр Канстанцінавіч Скарынка.

Па прафесіі ён быў фізікам. Выкладаў і астраномію, урокі працы. А скульптурная працы – гэта хобі яго крылатай душы. Але і асноўны занятак, і аматарскі, відаць, для гэтага няўрымслівага чалавека былі адной вартасці і важнасці. Хаця школьны прадмет таленавіты валожынскі настаўнік любіў фанатычна, нездарма аднаго сына ён назваў Юрыем, а другога – Вольтам (у гонар вядомага італьянскага фізіка і фізіёлага Алесандро Вольта).

Сын Юрый у свой час працаваў у райаграпрамтэхніцы. У ліку першых галоўных спецыялістаў гэтага калектыву ён атрымаў вышэйшую адукацыю. Менавіта Юрый дапамагаў бацьку праектаваць помнік, дакладна разлічыць параметры і нагрузку на пастамент, на які ўзнялі масіўны гусенічны “ДТ-74”.

Пры ўважлівым разглядзе помніка можна заўважыць, што бетонная аснова-ўзвышэнне –  гэта зусім не выцягнуты прамавугольнік, як здаецца спачатку, а сагнутая, моцная рука, на далоні якой і застыў трактар. Рука па задуме мастака-самавука аказалася тытанічнай па сваёй сіле. Яна мацнейшая за трактар. І ў гэтым ёсць свой філасофскі змест, хлебаробскі пафас. Бо без працы на зямлі, без умелых руплівых рук чалавека, любая тэхніка – нішто.

Былы дырэктар ААТ “Райаграпрамтэхніка” Уладзімір Іванавіч Глябовіч прыгадаў нямала цікавага з гісторыі тых трактароў. І нават назваў механізатараў, якія працавалі на падобнай тэхніцы. “Прататыпам” увасаблення манумента на вуліцы Чапаева райцэнтра стаў трактар, на якім некалі працаваў Лявон Аляксеевіч Сак. Ад прыроды ён крыху прыкульгваў. Але хворая нага не стала для яго перашкодай у асваенні механізатарскай справы. Ужо няма, на жаль, гэтага чалавека на белым свеце. Таму і ўваскрэсіць далёкае мінулае не так і проста. Праўда, нітачка ўсё ж знайшлася.

І сёння ў райаграпрамтэхніцы працуе сярэдні сын Лявона Аляксеевіча Сака. Ідучы на працу,  Дзмітрый Лявонавіч Сак штодзень можа любавацца рарытэтным трактарам “ДТ-74”, ён  не выпадкова называе яго  “бацькаў”. Дзмітрый Лявонавіч прыгадвае, як неаднойчы на доўгачаканых школьных канікулах нарэшце спраўдзілася яго гарачая хлапчуковая мара –  правёў дзень у кабіне  “ДТ-74”. І цяпер мужчына памятае тое бязмежнае, трапяткое хваляванне, калі бацька пад пільным наглядам першы раз даверыў яму руль тэхнікі. На той час гэта быў “дужы” трактар. А сёння ён ужо не змог бы на роўных “цягацца” з  беларускім “МТЗ-35-21” магутнасцю у 350 конскіх сіл…

У шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя “ДТ-74” і іншыя яго мадыфікацыі былі ў разрадзе тэхнікі, якая высока каціравалася. Праўда, і з ёй турбот хапала: гусеніцы прама ў полі ад вялікіх нагрузак часта распадаліся на фрагменты, бо “пальцы” хутка зношваліся і пераломліваліся. І тады бацька цэлы дзень корпаўся ля трактара, перабіраючы па частках гэту масіўную “стужку”, якую прыводзілі ў рух колы. Падобная тэхніка для вясковых дзяцей была грознай, нават нечым напамінала ваенны танк. Усе хлопчыкі з Ганчыцаў, дзе жылі Сакі, зайздросцілі сынам Лявона, а іх было ў бацькоў аж чацвёра. Два сваё прафесіянальнае жыццё звязалі з тэхнікай.

Лявон Аляксеевіч адпрацаваў на трактарах рознай мадыфікацыі 38 гадоў. У маладыя гады разам з іншымі сваімі равеснікамі Л. А. Сак адправіўся ў камсамольскую камандзіроўку на цаліну. А калі вярнуўся ў Беларусь, уладкаваўся на тагачасную машынна-трактарную станцыю ў Валожын. У час працы ў Камені малады механізатар пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Альбертай Антонаўнай.

…Чым больш праходзіць часу, тым больш унікальным становіцца  трактар. Вядома, каб аснова помніка вытрымала шматтонную вагу і не разбурылася, музейны “экспанат” на пастаменце прыйшлося значна аблегчыць знутры. Некалькі гадоў таму  трактар на пару дзён пакінуў сваё звыклае месца. Яго знялі са шматметровай вышыні спецыяльным кранам. Што пастамент апусцеў, першым, вядома ж, заўважыў Дзмітрый Сак. Зразумела, вельмі расстроіўся, што помнік “разбіраюць”. Але праз некалькі дзён “ДТ-74” вярнуўся на сваю ранейшую прапіску. Людская пагалоска сцвярджала, што трактар дастаўлялі на адну з выстаў даўнейшай сельгастэхнікі, іншыя запэўнівалі, што яго выкарыстоўвалі ў час кіназдымак. Але галоўнае – трактар некаму спатрэбіўся!

У  Дзмітрыя Лявонавіча падрастаюць тры сыны. Яны шмат чаго добрага могуць расказаць пра свайго любімага дзядулю. І, вядома ж, хлопчыкі ганарацца, што могуць пафарсіць перад  сваімі равеснікамі не дарагімі смартфонамі,  а тым, што ў мікрараёне Сельгастэхніка красуецца трактар, якім некалі ўмела кіраваў іх дзядуля…

…Рука-пастамент надзейна трымае гэты ўнікальны экспанат, нібы хоча ўзвысіць яго над імклівым і зменлівым часам. Помнік  надзвычай просты, без мастацкіх выкрутасаў, але адначасова ён і сучасны. Цяперашнія прыхільнікі арт-мастацтва застылі б ля яго ў вялікім захапленні і расцанілі б помнік, узведзены ў перыферыі, як удалы перформанс…

Дальнабачны быў усё ж гэты фізік Скарынка. Добра ён ведаў формулу ўвасаблення імклівага часу ў архітэктурнай форме…

 Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий