Данiна шанавання…

Общество

Адзін з накірункаў работы народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага Цэнтра культуры – шанаванне спадчыны і землякоў, якія ў свой час многае зрабілі па вывучэнні гісторыі і праслаўленні роднага краю.

На базе раённай бібліятэкі адбылася пазнавальна-ўшанавальная гасцёўня “Ракаўскі летапісец”. Яна прысвячалася 95-годдзю з дня нараджэння нястомнага краязнаўца, Настаўніка з вялікай літары, інтэлектуальна багатага і шчырага чалавека Васіля Пятровіча Налецкага. 44 гады свайго жыцця ён аддаў школе, 37 з якіх – ракаўскай дзесяцігодцы, дзе выхаваў не адно маладое пакаленне.

Удзельнікамі гасцёўні сталі навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя, работнікі бібліятэкі і музея, рунеўцы. У якасці шаноўных гасцей былі запрошаны людзі, якія добра ведалі Васіля Пятровіча. Найперш гэта яго сын, былы настаўнік, Віктар Васільевіч Налецкі, а таксама былыя намеснік рэдактара і рэдактар Валожынскай раённай газеты “Працоўная слава” Самуіл Ісакавіч Штэйнер і Софія Ігнацьеўна Кавяза, удзельніца “Руні”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Антонаўна Шакун, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла настаўніцкай працы.

На журнальным століку на саматканым ручніку работнікі бібліятэкі паклалі выданні, у якіх расказваецца пра В. П. Налецкага, Беларускую энцыклапедыю з яго публікацыяй пра Ракаў. Ля іх размясціліся яго партрэт і свечка. Падавалася, што сам Васіль Пятровіч вітае ўсіх, хто заходзіць у залу.

Ліліся шчырыя ўспаміны пра ракаўскага летапісца, чалавека, які самаахвярна любіў і праслаўляў родны край.

Валянціна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ



Добавить комментарий