Любiць коней, фазанаў i трускалкi

Общество

Алена Канстанцінаўна Бацян з Даманоўшчыны – чалавек незвычайны. Здавалася б, з якой нагоды ў дастаткова паспяховай жыхаркі Маладзечна гадоў з дваццаць таму ўзнікла ідэя пераехаць у вёску і трывала асталявацца ў бабулінай хаце? Чым яе так прываблівае праца на зямлі? Адкуль глыбокія веды пра тое, што патрэбна для хуткага і ўпэўненага росту буйных, смачных трускалак і суніц, што прымушае захапляцца коньмі, і колькі сіл патрэбна, каб прыручыць фазанаў?

Твар гэтай жанчыны, без сумнення, акажацца знаёмы многім нашым чытачам. Дакладней, тым з іх, хто ў даўнейшыя часы быў пастаянным наведвальнікам Валожынскага рынку. Раней там была гандлёвая кропка, дзе Алена Канстанцінаўна прадавала ўласна вырашчаную прадукцыю – сартавыя трускалкі, суніцы. Гаспадыня, лічы, першай адкрывала сезон продажу гэтых ягад і апошняй з прадпрымальнікаў яго завяршала. Цяпер вырошчваннем трускалак у “прамысловых” маштабах А. К. Бацян  не займаецца. Аднак сабранага ўраджаю з кожнага клапатліва дагледжанага кусціка хапае, каб забяспечыць сябе і родных “вітамінамі” ў перыяд росту і выспявання ягад і запасамі на зіму.

Апошнія дзесяць гадоў Алена Канстанцінаўна працуе загадчыцай мясцовай фермы, якая адносіцца да ліку жывёлагадоўчых аб’ектаў СВК “Пяршаі-2003”. І яна ж разам з мужам Юрыем Аляксандравічам даглядаюць за коньмі гаспадаркі, якіх на момант нашай размовы было 95. Вядома, тут патрэбны сапраўдны клопат, недастаткова проста выпусціць іх пасвіцца. Трэба ведаць норавы кожнай жывёлы, своечасова выявіць хваробу – адным словам, паўнацэнна дагледзець яе. Галоўнае, што гэта справа насамрэч падабаецца жанчыне, імпануе яе душы. А ў такіх выпадках любая праца спорыцца!

Названыя факты – далёка не адзінкавыя захапленні Алены Канстанцінаўны Бацян. Летась у СВК “Пяршаі-2003” адкрыўся новы накірунак дзейнасці – вырошчванне фазанаў.

 

Гераіню замалёўкі з першага погляду захапіла яркая знешнасць гэтых незвычайных птушак. І яна вырашыла паспрабаваць сябе яшчэ ў іх развядзенні! Гаспадары пабудавалі на тэрыторыі сваёй сядзібы вальеру, накрылі яе зверху сеткай – каб не вылецелі будучыя насельнікі. І набылі шэсць самачак і аднаго “пеўня”. Напачатку, калі фазаны “акліматызоўваліся”, было дастаткова складана нават падысці да іх. Птушкі хаваліся ва ўпарадкаваных абапал жывых дрэў буданчыках або разбягаліся па ўсёй вальеры і з усіх сваіх невялікіх сіл спрабавалі ўцячы праз сеткавую агароджу. Але з цягам часу і “прысмакамі”, на якія Алена Канстанцінаўна ніколі не скупілася для сваіх гадаванцаў, справы патрошкі пайшлі на лад. Даволі хутка фазаны сталі адрозніваць, выдзяляць жанчыну ад астатніх прахожых (а іх, трэба сказаць, было даволі шмат, асабліва ў першыя дні, як экзатычнае птушынае пагалоўе з’явілася на падворку Бацяноў). А потым і ўвогуле сталі самі падыходзіць да той, хто пастаянна клапоціцца пра іх. І, вядома, радуюць “прадукцыяй” – яйкамі. Хоць яны ў фазанаў і дробныя – накшталт галубіных, але надзвычайна смачныя, з буйным жаўтком.

Вядома ж, вялікая асабістая гаспадарка ды праца забіраюць ільвіную долю часу А. К. Бацян. Аднак яны ж спараджаюць і новыя планы, задумы. Алена Канстанцінаўна дакладна ведае, што і ў новым годзе сумаваць ёй не давядзецца.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий