У святочным карагодзе…

Общество

Галоўная ёлка раёна сабрала на свята каля двухсот дзяцей і падлеткаў з усіх куткоў Валожыншчыны. На навагодні баль у раённы Цэнтр культуры запрасілі пераможцаў алімпіяд і конкурсаў, выдатнікаў, дзяцей са шматдзетных сем’яў, таленавітых і актыўных школьнікаў з яркімі творчымі дасягненнямі ў адыходзячым годзе.

Хтосьці прыйшоў на свята разам з бацькамі, многія прыехалі групамі ў суправаджэнні настаўнікаў.

У фае перад люстэркамі маленькія модніцы какетліва папраўлялі свае штучныя кароны і аглядалі адна ў адной па-святочнаму ўбраныя пышныя сукенкі. Ля гардэробнай хлапчукі ў строгіх гарнітурах паводзілі сябе не па-дзіцячаму сур’ёзна, хваляваліся, – для большасці з іх навагодні баль раённага маштабу – першы ў жыцці.

Маленькіх гасцей у зале, якія з нецярпеннем чакалі свята, забаўлялі два сімпатычныя клоўны з вялікім кошыкам сувеніраў.

Напачатку навагодняй імпрэзы з віншавальнымі словамі да дзяцей і падлеткаў звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік.

Галоўнай падзеяй урачыстасці стала тэатралізаванае прадстаўленне, якое доўжылася больш за гадзіну. Яго арганізавалі работнікі культуры. Дзеці, стаіўшы дыханне, назіралі за казачнымі перыпетыямі, якія адбываліся на сцэне. Па законе жанру барацьба разгарнулася паміж добрымі і не вельмі персанажамі. Баба-яга і Кікімара, дачуўшыся ад Ваўка пра эліксір маладосці, які ўмее рабіць Снягурачка, захацелі яго займець. Снягурку выкралі. Супрацьстаялі дрэнным героям Сняжынка і Каза Маруся. Аднак і добрую Казу, якая, як знак надыходзячага года, павінна ўдзельнічаць у вытворчасці чароўнага напою, звязалі.    Усіх выратаваў Іван-волат. Цудадзейнае зелле ж аказалася ў руках Дзеда Мароза і прызначалася зусім не для амаладжэння, а называлася эліксірам радасці, які робіць Новы год шчаслівым.

Напрыканцы свята дзеці разам з казачнымі персанажамі з песнямі вадзілі карагод вакол прыгожай ёлкі. Затым іх чакалі завадныя танцы. Кожны з юных гасцей атрымаў з рук Дзеда Мароза і Снягуркі важкі пакунак шакаладных цукерак, прэзентаваны ад імя райвыканкама. Усяго ж з мясцовага бюджэту ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” было выдзелена на набыццё навагодніх падарункаў 40 мільёнаў рублёў.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий