Радасць усiм добрым людзям

Официально

Улюбёныя ў Хрысце браты і сёстры

Праваслаўнай Царквы і ўсе верныя хрысціяне!

У 2015 раз Гасподзь па Сваёй вялікай міласці даруе нам радасць святкавання Нараджэння Хрыста, далучаючы да вялікай тайны Богаўвасаблення. Сама ж тайна Нараджэння нявыказана, неспасціжна чалавечаму розуму, бо няствораны Бог спалучыўся са Сваім стварэннем: бясконцы і вечны Бог увайшоў у бязмежную прастору, і час нябачны стаў бачным, Боскае і чалавечае з’ядналіся, асвятляючы чалавечую прыроду.

Святая Калядная ноч, слухаючы спевы шматлікага нябеснага воінства: “Слава ў вышніх Богу, і на зямлі мір, у людзях Боская ласка”, зноў і зноў нагадвае нам пра найвялікшую тайну Хрыстовай любові, заміраючы з трапятаннем і глыбокай пашанай перад народжаным Богам, а вешчуны зноў і зноў нясуць Цару цароў свае дарункі – золата, ладан і смірну, якім сёлета, дзякуючы вялікай Боскай ласцы, мы маглі пакланіцца, калі яны былі дастаўлены ў межы Рускай Праваслаўнай Царквы.

Але жыццё, на жаль, прыносіць нам сёння засмучэнне і вялікае зло – братазабойства, праліваючы на святую зямлю Украіны кроў хрысціян, дочак і сыноў гэтай краіны. Няма міру, які запаведваў нам Вялікі Бог, не навучыліся мы берагчы і захоўваць тыя міласці, якія Ён нам дараваў, не ўсвядомілі мы свайго прызначэння, якое Бог нам даў у святую ноч Свайго нараджэння – быць дзецьмі Божымі. Таму, улюбёныя ў Хрысце браты і сёстры, давайце ў гэтыя святыя дні далучымся да анёльскага песнапення і ўзнясём свае малітвы за адзінства Рускай Праваслаўнай Царквы, за святую зямлю Украіны і ўсіх хрысціян, каб дараваў Гасподзь мір і шчаслівае жыццё для ўсіх нас. Бо ў такія вось Калядныя дні ў 1942 і 1943 гадах стала вядома, што пачуў Бог людскія малітвы і падараваў перамогу савецкай арміі ў баях пад Масквой і Сталінградам.

Новы, 2015 год нагадвае нам пра тое, што 1690 гадоў таму, у 325 годзе, I Нікейскі сабор сфармуляваў першую частку Сімвала Веры і навучыў нас правільна выспаведваць святое хрысціянства.

Руская Праваслаўная Царква сёлета нагадвае пра 150-годдзе нараджэння і 90-ю гадавіну смерці Патрыярха Маскоўскага Ціхана, які атрымаў патрыяршы цярновы вянок пасля 200-гадовай адсутнасці патрыяршаства ў Расіі, у цяжкі, смутны час рэвалюцыйных пераваротаў і грамадзянскай вайны.

Мы, беларусы, павінны памятаць, што 1010 гадоў таму, у 1005 годзе, была зацверджана епіскапская кафедра ў горадзе Тураве, у межы якой уваходзілі і цяперашнія Брэсцкая і Гомельская епархіі.

545 гадоў таму, у 1470 годзе, па міласці Божай была знойдзена Жыровіцкая ікона Божай Маці і заснаваны Жыровіцкі Успенскі мужчынскі манастыр.

Трэба ўсім памятаць, што Царква заўсёды падзяляла і падзяляе нягоды ўсяго грамадства, якія Гасподзь пасылае для нашага навучання і пакаяння.

Улюбёныя браты і сёстры! Зноў і зноў сардэчна віншую вас з вялікім светавыратавальным святам Нараджэння Хрыстова і Новым годам! Няхай заззяе святло Хрыстова ў сэрцах вашага ціхага і мірнага жыцця ва ўсякай набожнасці і чысціні. Няхай Калядная зорка Віфліема стане знакам таго, што, па слову апостала Пятра, ужо надыходзіць дзень Гасподні і ўзыходзіць ранішняя зорка ў сэрцах нашых.

Хрыстос нараджаецца – слаўце!

Хрыстос з нябёс – сустракайце!

Хрыстос на зямлі – узнімайцеся!

З божым благаславеннем –

Благачынны Валожынскай акругі,

настаяцель Свята-Канстанціна-

Аленінскай царквы ў Валожыне

протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ



Добавить комментарий