Планы дыктуюць традыцыi

Общество

Нядаўна адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Польска Мацеж Школьна”. Старшынёй арганізацыі зноў выбрана настаўніца СШ № 1 г. Валожына А. А. Макарэвіч.

У розных формах дадатковага навучання ў СШ № 1 г. Валожына, Багданаўскай, Вішнеўскай, Сакаўшчынскай, Ракаўскай, Івянецкім дзіцячым доме і Доме дзіцячай творчасці 222 вучні пазнаюць таямніцы польскай мовы, праводзяць тэматычныя канферэнцыі, канцэрты, удзельнічаюць у патрыятычных акцыях, адзначаюць традыцыйныя для палякаў святы.

Прадукцыйна працуе метадычнае аб’яднанне настаўнікаў польскай мовы пад кіраўніцтвам І. С. Ваньковіч. Тут абмяркоўваюцца пытанні выкладання, зацвярджаюцца праграмы гурткоў і факультатываў, ідзе абмен вопытам.

Настаўніца Ракаўскай школы Г. А. Бянкевіч працэс вывучэння польскай мовы і культуры спалучае з мясцовым матэрыялам: дзеці і іх бацькі знаёмяцца з творамі Сяргея Пясецкага. Удала выступілі музычныя калектывы “Прамыкі” і “Вішнеўскія скаваранечкі” на фестывалі памяці Ганны Герман. У СШ № 1 г. Валожына пры падтрымцы пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску прайшоў метадычны семінар для настаўнікаў, на базе Дома дзіцячай творчасці працуе “Школа для дарослых”. Па магчымасці стараемся арганізоўваць пазнавальныя экскурсіі як у суседнюю краіну, так і па славутых мясцінах роднага краю.

Пра тое, што нашы выхаванцы выдатна падрыхтаваны, сведчыць паспяховае выступленне на Рэспубліканскім конкурсе аматараў польскага слова “Крэсы-2014”, на якім Карына Жадэйка з Ракава атрымала Дыплом 3-й ступені.

На будучы год нас чакае вялікая ўрачыстасць – 145-годзе з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца. Раённае аддзяленне “Польска Мацеж Школьна” ўжо цяпер прыкладае шмат намаганняў, каб да гэтай даты ў Багданаве быў адкрыты музей мастака. Нашу ініцыятыву падтрымалі аддзел культуры, ідэалогіі і па справах моладзі райвыканкама, Консульства Польшчы ў Мінску, Нацыянальныя музеі Беларусі, Літвы, Варшавы, Кракава.

Ала МАКАРЭВІЧ,

старшыня раённага аддзялення ГА “Польска Мацеж Школьна”



Добавить комментарий