Прыгадала смак дзяцiнства

Культура

Нядаўна купіла ў падневіцкім магазіне пернікі “Подсолнечные”. Пакаштавала… і была вельмі ўражана іх смакам. Рэцэптура простая, без хімічных дабавак.

Даўно шукала такія, але траплялася ўсё не тое. І, ведаеце, накацілася хваля ўспамінаў, і адчуўся смак дзяцінства.

Вось такія ж пернікі атрымалі мы пасылкай з далёкай Поўначы, куды мой бацька ў 1952 годзе паехаў на лесараспрацоўкі. Тата ведаў, што тут галеча, таму паклаў у пасылку два пачкі “Геркулесу”, макарону, 6 метраў тканіны на сукенкі і адрэз сукна. Але самым экзатычным для нас гасцінцам былі пернікі – белыя, мяккія, духмяныя. Яны быццам увабралі водар лесу, поля і хлеба. Маці раздала дзецям па аднаму, але ж у хату зляцелася яшчэ шмат вяскоўцаў, і ўсе паглядалі на прысмакі з прагнасцю. Давялося дзяліць усім патроху. Атрыманне пасылкі было вялікай падзеяй у вёсцы, тым больш упершыню.

Шмат гадоў прайшло з таго часу. Як тату саладуха, так і мне смак пернікаў запомніўся на ўсё жыццё. І толькі Валожынскі камбінат хлебапрадуктаў вярнуў мяне ў дзяцінства, у водар натуральнага прадукту. Дзякуй родным прадпрыемствам за смачны хлеб і батоны, за сялянскае масла і сыр, за добрыя каўбасы. Працуйце на здароўе сабе і ўсім людзям, а мы падтрымаем вас добрым словам і рублём.

Наталля КАПУСТА,

жыхарка в. Урублеўшчына



Добавить комментарий