З арыенцiрамi вызначылiся

Общество

Справаздачна-выбарны сход – важны этап у жыцці раённай партыйнай арганізацыі КПБ. Гэта пацвердзілася не толькі стопрацэнтнай яўкай, але і прысутнасцю на форуме намесніка старшыні райвыканкама П. І. Бібіка, загадчыка аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі В. М. Адамовіча.

Мерапрыемства пачалося з хвіліны маўчання ў знак ушанавання памяці нашага таварыша, старэйшага камуніста раёна І. Ф. Вашчука, які пайшоў з жыцця пасля цяжкай хваробы.

Справаздачны даклад зачытала першы сакратар раённай партыйнай арганізацыі КПБ І. С. Каваленка. Выступленне было пабудавана на матэрыялах сучаснай рэчаіснасці. Камуністы ніколі не застаюцца ў баку ад важных падзей, імкнуцца праўдзіва даносіць інфармацыю жыхарам раёна па актуальных пытаннях. У прыклад прыводзілася дзейнасць старшыні раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскага, дырэктара Вішнеўскага вучэбна-педагагічнага комплексу А. В. Клімковай, старшынь Пяршайскага і Дорскага сельвыканкамаў В. І. Кушаль і Р. Б. Іваноўскай.

Членамі райпартарганізацыі з’яўляюцца людзі з вялікім жыццёвым вопытам. Яны разумеюць сваю адказнасць за выкананне задач па росквіту краіны і часам крытычна ацэньваюць свой удзел у гэтай вялікай справе. І. С. Каваленка, не ідэалізуючы становішча, падкрэслівала, што не размовы, а карпатлівая, мэтанакіраваная работа зможа даць станоўчыя вынікі.

Разумеючы, якую важную ролю ў рэалізацыі палітычнага курсу ўлады, скіраванага на будову дзяржавы для народа, адыгрываюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, райпартарганізацыя вельмі сур’ёзна і ўдумліва падышла да пытання вылучэння сваіх кандыдатур. У арганізацыі і правядзенні выбараў было задзейнічана 45 працэнтаў камуністаў. Яны працавалі ва ўчастковых выбарчых камісіях, ініцыятыўных групах, з’яўляліся назіральнікамі за працэсам галасавання. Сёння мы маем прадстаўніцтва ў мясцовых і раённых Саветах дэпутатаў.

Сучасная палітычная абстаноўка ў свеце вымагае канцэнтрацыі намаганняў па абароне заваяваных Кастрычнікам ідэалаў міру, свабоды, роўнасці, сацыяльнай справядлівасці. Тэрарызм, агрэсія, наркотыкі распаўсюджваюцца па ўсім свеце. Войнамі ахоплены многія рэгіёны планеты. Грубым нападкам падвяргаецца камуністычная партыя. Таму вельмі важна мець цвёрдую прынцыповую пазіцыю ў ацэнцы негатыўных з’яў. Кожны камуніст павінен дзейнічаць там, дзе ён упэўнена сябе адчувае, знаходзіць разуменне ў калектыве і мае магчымасць гэта скарыстаць.

Неабходна нарошчваць сілы для стварэння пярвічак, папаўняць рады партыі за лік моладзі. І зрухі тут ужо прыкмеціліся. На сходзе ў рады камуністаў было прынята шэсць маладых членаў, якія працуюць у розных арганізацыях раёна.

Менавіта маладому пакаленню былі адрасаваны выступленні старшыні раённага Савета ветэранаў Р. М. Русакевіча, старшыні раённага Таварыства Чырвонага Крыжа Ж. М. Жывіцкай, дырэктара раённага музея Н. П. Лоўчай.

У сваім звароце да ўдзельнікаў сходу намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік выказаў думку, што раённая партыйная арганізацыя КПБ магла б стаць каардынуючым ядром грамадскага жыцця раёна.

Многія з прапаноў, якія прагучалі ў той дзень, ляглі ў аснову прынятай пастановы. Камуністы далі здавальняючую адзнаку праведзенай рабоце і зноў абралі сваім важаком І. С. Каваленку, а яе намеснікам – актывіста з ліку моладзі Д. К. Карачуна.

Софія КАВЯЗА,

 член рэвізійнай камісіі раённай партыйнай арганізацыі КПБ



Добавить комментарий