Самародак з-пад Ракава

Люди и судьбы

Хутар і бліжэйшую вёску Крывічы злучала адзіная прасёлачная дарога, накатаная яшчэ сялянскімі вазкамі і санямі.

 Чатырохгадовы Сяргей заставаўся на хутары адзін і паслухмяна выконваў распараджэнні мамы і таты: са двара не выходзіць, да студні не лезці, ніякай шкоды не чыніць. Небяспечныя прадметы: нажы, нажніцы, запалкі на ўсялякі выпадак ад малога старанна хаваліся, але яны і не патрэбны былі хлопчыку. Ён меў чым заняцца – ён збіраў гукі.

Вось той шнурок, на якім мама сушыць бялізну, гудзіць, як чмель, пусты збан ад удару спачатку рэзка завішчыць, а потым віск пакрысе робіцца ўсё больш лагодным, аж покуль не сціхне. Свой голас маюць вокны, бярвенні, ганак, клямка…

Самыя ж прыгожыя гукі выдае нацягнутая на плоце рыбацкая лёска: то бударажыць густым, як у таты, голасам, то запяе пяшчотным маміным, то зальецца тоненькім смехам, зусім як старэйшы брат Лёня.

З той самаробнай, працягнутай праз увесь двор “арфы” і пачалося для Сяргея Юрынка адкрыццё таямніц музыкі. За пару дзён чатырохгадовы “артыст” ужо мог прабрынкаць на лёсцы любую знаёмую мелодыю, ад “Лявоніхі” да “Маршу Будзённага”.

Дамашнія вялікай увагі музычным практыкаванням хлопчыка не надавалі, а вось цётка Вольга, якая прыехала пагасціць, вельмі дзівілася і пакрытыкавала бацькоў, што яны не заўважаюць таленту сына.

На пяцігоддзе Сяргей атрымаў у падарунак дзіцячы гармонік. Як жа ўсцешыўся малы першаму інструменту! Узяў у рукі, прабег пальцамі па клавішах і… расплакаўся: “А тут гукі не ўсе!..”

Праз некаторы час цётка Вольга падарыла яму сапраўдны баян. Сяргей асвоіў яго хутка. Нотнай граматы не ведаў, але на слых падбіраў бездакорна. Юнага музыканта і нябачна было з-за расцягнутых мяхоў, але на якасць выканання гэта ніяк не ўплывала. Праз які год Сяргей лічыўся лепшым гарманістам у акрузе. Гэтак жа лёгка ён асвоіў скрыпку, акардэон, электраарган.

Першым вялікім канцэртам у біяграфіі трынаццацігадовага хлапчука стаў раённы конкурс самадзейнасці. На розных музычных інструментах ён акампаніраваў усім нумарам Крывіцкай школы. У той раз настаўнікі з Крывічоў перамаглі, а персонай юнага музыкі зацікавіўся тагачасны загадчык раённага аддзела адукацыі В. В. Бурко. Выклікаў да сябе на размову маці Сяргея, шчыра падзякаваў за выхаванне таленавітага сына, прапанаваў накіраваць хлапчука на вучобу ў спецыяльную школу для адораных дзяцей.

Як толькі Сяргей даведаўся пра нечаканую перспектыву, тут жа загарэўся жаданнем сур’ёзна вучыцца музыцы. Мама і тата хоць і ганарыліся ўнікальнасцю сына, але адпускаць у сталіцу дзіця не рашаліся. Але Сяргей дабіўся-такі ад бацькоў, каб яны завезлі яго ў школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка.

Установа, у якой навучаліся таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі з усёй Беларусі, сустрэла іх цішынёй – дзеці раз’ехаліся на канікулы, а выкладчыкі былі на педсавеце. Хтосьці з вахцёраў прапанаваў наведвальнікам пачакаць у кабінеце для рэпетыцый аркестра.

Сяргей любаваўся прыгожымі інструментамі, расстаўленымі ўздоўж сцяны, але датыкнуцца да іх не рашаўся. Калі адчыніліся дзверы і ўвайшлі трое выкладчыкаў, то першым, што ад іх пачулася, быў смех: “Мы ж набіраем дзетак шасцігадовых, а не юнакоў, у якіх ужо вусы прабіваюцца!”

Маці нават абрадавалася: “Ну, вось, сынок, я ж казала, што дарма прыедзем! Не для цябе гэта ўстанова…”

Але экзамен усё ж адбыўся. Спачатку педагогі запыталіся, на якім інструменце ў гэтым пакоі Сяргей можа сыграць. Экзаменуемы прызнаўся, што ўмее ладзіць з любым, але выбраў баян. Сыграў твор Чайкоўскага, які асабліва часта перадавалі па радыё.

– Гэта не самавучка! Тут жа адчуваецца падрыхтоўка музычнай школы ці нават вучылішча! – загаварылі педагогі.

Бацькі пачалі апраўдвацца, што не лгуць, што Сяргей і нот не ведае… Спрэчку рашыў самы пільны выкладчык: “Хлопец нідзе не вучыўся і гэта факт. Паглядзіце: у яго задзейнічаны ўсе пяць пальцаў. А ці ведаеш ты, мой юны друг, што баяністы іграюць толькі чатырма?”.

Ну адкуль Сяргею было ведаць такія тонкасці?! Потым хлопец на слых паўтараў доўгія музычныя фразы, выкладчыкі дзівіліся яго тонкаму адчуванню мелодыі, выдатнай памяці.

Праз паўтара года Сяргей Юрынок стаў лепшым вучнем, а яго фота змясцілі на  Дошку гонару. Трэба зазначыць, што і па агульнаадукацыйных прадметах ён быў круглым выдатнікам.

Адвучыўшыся пяць гадоў у спецыяльнай школе, Сяргей бліскуча здае экзамены і становіцца студэнтам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

На другім курсе хлопец сур’ёзна захапляецца фізікай, а пасля заканчэння кансерваторыі Сяргей яшчэ і спецыяльнасць па радыёэлектроніцы атрымаў. Так і стаў першым у рэспубліцы гукарэжысёрам з веданнем камп’ютара.

Працаваў з лепшымі музычнымі калектывамі, у тым ліку з Уладзімірам Мулявіным і яго “Песнярамі”. Слава беларускага гукарэжысёра Сяргея Юрынка пакацілася далёка за межы рэспублікі. Запісвацца да яго ў студыю прыязджалі славутыя сімфанічныя аркестры з Англіі, Германіі, Францыі, Італіі.

У 2000-м годзе на адным з запісаў ён працаваў з сотняй музыкантаў, калі атрымаў паведамленне, што памёр бацька, Усевалад Міхайлавіч Юрынок. Моцны боль пранізаў душу Сяргея, але трэба было трымацца, не падводзіць вялікі калектыў, хоць і цяжка было ўявіць, што больш ніколі не пабачыць любы, заўсёды прыветлівы твар, не пачуе песень, якія тата так цудоўна выконваў…

Той год аказаўся асабліва напружаным для гукарэжысёра Юрынка. Такім, што не вытрывала сэрца. Цела чалавека – слабейшае за яго дух. Гэтага таленавітага, прыгожага чалавека, вялікага прафесіянала не стала на 44-м годзе жыцця… Ён пайшоў, недагадаваўшы маленькага сына Аляксандра, не ажыццявіўшы ўсіх задуманых планаў, у самым росквіце сіл і славы. Запісы Сяргея Юрынка – залаты фонд музычнага мастацтва Беларусі. Памяць пра яго ўшаноўваюць у Акадэміі музыкі, адкуль прысылаюць у Ракаў, на адрас маці, Валянціны Кандрацьеўны, дыскі і буклеты, прысвечаныя яе таленавітаму сыну…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий