Iм таленту i старання не займаць

Официально

Збіраць разам і віншаваць з поспехамі лепшых школьнікаў раёна стала добрай традыцыяй.

На святочнае прадстаўленне “Навагодні серпанцін” у канцэртную залу гімназіі № 1 горада Валожына запрасілі 25 юных інтэлектуалаў, спартсменаў і артыстаў, якія ярка праявілі сябе ў 2014 годзе.

На ўрачыстасць завіталі пераможцы алімпіяд, конкурсаў і даследчых прац. Напрыклад, Вераніка Станкевіч з Гародзькаўскага НПК “Дзіцячы сад-сярэдняя школа” ўдзельнічала ў 3-м этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. Мікалай Баркоўскі з гімназіі № 1 перамог у дыстанцыйнай алімпіядзе па інфарматыцы. Анастасія Стэльмах з СШ № 2 райцэнтра атрымала дыплом першай ступені ў 2-м этапе рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове. Гімназістка Аліна Яршова – удзельніца 3-га этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы.

Прысутнічалі на свяце падлеткі, якія занялі прызавыя месцы ў спартыўных спаборніцтвах. Гімназіст Мікалай Кавяза прывёз дыплом 3-й ступені з рэспубліканскіх спаборніцтваў па флорболу. Марына Бубен з Івянца – выдатніца і пераможца рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы. Вучань гімназіі Яўгеній Пукала атрымаў дыплом 2-й ступені на рэспубліканскіх спаборніцтвах па баскетболу.

Сярод запрошаных былі і творчыя маладыя асобы: юныя танцоры, спевакі і мастакі. Ірына Шокаль, якая вучыцца ў гімназіі, стала дыпламантам абласнога конкурсу каларызаваных фота “Каляровая гісторыя”. Уладзіслаў Іваноўскі з Пяршаяў – пераможца раённай алімпіяды па Правілах дарожнага руху – атрымаў дыплом 2-й ступені на абласным конкурсе “Выратавальнікі вачыма дзяцей”.

Святочная сустрэча стала асабліва сімвалічнай – год, які распачаўся, аб’яўлены ў краіне Годам моладзі. Напачатку імпрэзы таленавітых дзяцей прывіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскі і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. А. Чарнышова.

У сяброўскай атмасферы, седзячы за ўтульнымі круглымі столікамі, юнакі і дзяўчаты паглядзелі канцэртную праграму, пазнаёміліся.

Школьнікаў забаўлялі клоўны з невычэрпным запасам гульняў, конкурсаў і танцаў. Да агульнай весялосці далучыліся Дзед Мароз і Снягурка. Навагоднія казачныя персанажы ўручылі кожнаму запрошанаму падарунак ад грамадскай арганізацыі “Белая Русь”. Святочная імпрэза дадала прыемных уражанняў у эмацыянальную скарбонку школьных зімовых канікулаў.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара

 



Добавить комментарий