Прызнанне за чуласць i дапамогу

Общество

У першыя дні студзеня адзначаецца Дзень работнікаў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мерапрыемства, прысвечанае гэтай падзеі, прайшло ў райвыканкаме. У актавую залу запрасілі ўсіх тых, для каго дапамога пажылым і адзінокім стала не толькі прафесіяй, але і неад’емнай часткай жыцця.

Не сакрэт, што значная частка насельніцтва нашага рэгіёну – пажылыя людзі, якія па сваім здароўі і гадах ужо не могуць разлічваць на ўласныя сілы і часта спадзяюцца на дапамогу дзяцей, унукаў, блізкіх. Але, бывае, жыццё распараджаецца так, што на старасці роднага чалавека побач няма. У такім выпадку не пакінуць састарэлага без увагі работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прадстаўнікі іншых сумежных службаў. Гэты факт падкрэсліў, адкрываючы святочнае мерапрыемства, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Л. Садоўскі. Леанід Вікенцьевіч не паскупіўся на добрыя словы віншаванняў і пажаданняў, а пасля запрасіў на сцэну залы пасяджэнняў старшыню рённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскага, які выканаў ганаровую місію – уручыў Граматы абласнога падпарадкавання самым лепшым і дастойным. Сярод 11 узнагароджаных – і работнікі Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі развіцця Святлана Аляксандраўна Купрыяновіч, Дзмітрый Геранімавіч Краскоўскі і Тарэса Іосіфаўна Цынкевіч.

Працягнуў цырымонію ўзнагароджання намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік.Ён уручыў Падзячныя лісты раённага выканаўчага камітэта. У ліку адзначаных вядучы спецыяліст аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння Зоя Яўгенаўна Круглік, галоўны спецыяліст аддзела занятасці Валянціна Купрыянаўна Прыгожая, сацыяльныя работнікі Алена Фёдараўна Гержатовіч, Наталля Іванаўна Новік, Бярнарда Вацлаваўна Пудакевіч, Вольга Георгіеўна Саўчук…

Вядома ж, узнагароджаных у той дзень было значна больш. І ўсе яны заслугоўваюць шчырых слоў удзячнасці ў свой адрас. Чулыя, спагадлівыя, неабыякавыя да чужой бяды людзі – яны і сферу дзейнасці для сябе абралі адпаведную. І два, і тры разы на тыдзень наведваюць сацыяльныя работнікі кожнага свайго падапечнага, дастаўляюць у дом ваду, прадукты харчавання, лякарствы, дапамагаюць прыбраць у кватэры, выконваюць іншыя хатнія справы.

Як расказвае адна з узнагароджаных Ганаровымі граматамі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне вобласці – сацыяльны работнік з Забрэззя Наталля Мікалаеўна Макрыцкая, часта адзінокія людзі пакутуюць ад звычайнага недахопу цеплыні зносін. Таму і пагутарыць трэба, часам – разважыць, перадаць апошнія вясковыя навіны. Сапраўды, дзейнасць сацыяльнага работніка няпростая, у гэтым прызнаюцца ўсе, хто мае дачыненне да гэтай прафесіі. Але кожны з іх ужо і не ўяўляе без падобных клопатаў свайго жыцця. Напэўна таму, што добра разумеюць значнасць таго, што робяць, і адчуваюць вялікую адказнасць за людзей, якія за доўгія гады сталі амаль што роднымі…

Усім узнагароджаным у той дзень зноў выпадзе магчымасць пачуць словы шанавання і падзякі ў свой адрас. 13 студзеня ў складзе дэлегацыі ад раёна яны паедуць у Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, дзе ў гонар прадстаўнікоў сацыяльнай сферы ладзіцца абласное мерапрыемства.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *