Тэлефон міліцыі — 102

Закон и порядок

БАІ БЕЗ ПРАВІЛ

За два дні да Новага года ў дзяжурную часць РАУС патэлефанаваў жыхар райцэнтра і паведаміў, што каля кафэ “Мікс” група маладых людзей учыніла бойку.

Зачыншчыкамі хуліганскіх “разборак” сталі двое хлопцаў 1994 і 1995 гадоў нараджэння, студэнты сталічных ВНУ. Пры дапамозе кулакоў яны спрабавалі высветліць адносіны аж з чатырма праціўнікамі, двое з якіх – супрацоўнікі праваахоўных органаў суседняга раёна. Баі без правіл спыніла прыбыўшая на месца здарэння міліцыя.

Супраць хуліганаў узбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса, па якой ім пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.

 

НЯВЕТЛІВЫ ГОСЦЬ

Пасля візіту аднаго са сваіх знаёмых жыхарка райцэнтра недалічылася ў кашальку ста долараў ЗША і вымушана была звярнуцца за дапамогай да праваахоўнікаў.

Злодзеем аказаўся мужчына 1952 года нараджэння, які ўжо не раз меў сутычкі з законам. Па словах злачынцы, на крадзеж яго падштурхнулі паводзіны самой пацярпелай, якая спачатку распівала з ім спіртныя напіткі, а потым заснула, пакінуўшы грошы навідавоку. Ён проста скарыстаў магчымасць разбагацець за чужы кошт і пры гэтым спадзяваўся, што гаспадыня не заўважыць прапажы.

 

УКРАЎ МЕХ, А РАЗБАГАЦЕЎ – НА СМЕХ

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі нідзе не працуючага маладога чалавека, які падазраецца ў тым, што абакраў дзіця – вучня 2005 года нараджэння.

Пра тое, што ў сына прапаў пакет са зменным абуткам і іншымі  асабістымі рэчамі, паведаміла ў дзяжурную часць РАУС маці. Урон ацэнены пацярпелымі ў 422 тысячы рублёў. Страта можа і не вялікая, але зімовыя канікулы хлопчыку і яго бацькам азмрочыла.

За свой цынічны крадзеж злодзей панясе адказнасць па ўсёй строгасці закона.

 

ПРАПАЎ, ЯК У ПРОЦЬМУ ЎПАЎ

У першы дзень каталіцкіх Каляд у Івянцы за антыграмадскія паводзіны затрыманы супрацоўнік сталічнай праваахоўнай службы, старшы лейтэнант юстыцыі.

Будучы ў стане алкагольнага ап’янення, мужчына перашкаджаў адпачываць грамадзянам, груба выказваўся, слаў у іх адрас пагрозы. Каб хоць неяк уціхамірыць дэбашыра, грамадзяне выклікалі ўчастковага. Аднак і на заўвагі міліцыянера падагрэты спіртным мужчына адэкватна не рэагаваў: адмаўляўся падпарадкоўвацца патрабаванням, аказваў супраціўленне.

У адносінах да яго быў складзены адпаведны пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. За сваю неабдуманую хуліганскую выхадку мужчына, хутчэй за ўсё, развітаецца з прэстыжнай работай.

 

ДАЧНАЯ ХРОНІКА

Непрыемнасцямі распачаўся год для адной мінчанкі, гаспадыні дачнага доміка ў Станюшках.

Прыехаўшы 2 студзеня ў вёску, жанчына адразу зразумела, што яе маёмасць стала аб’ектам злачынства. Аб гэтым сведчылі павыбіваныя вокны. Такім чынам зламыснік ці зламыснікі вынеслі з памяшкання тэлевізар і іншую бытавую электратэхніку, адзенне. Урон склаў больш за 16 мільёнаў рублёў.

Па факту крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа. На месцы здарэння аператыўным работнікам удалося выявіць сляды і доказы, якія павінны дапамагчы ў пошуках вінаватага.

 

ТРАГІЧНЫ ФІНАЛ КАНФЛІКТУ

У першы дзень Новага года стала вядома пра забойства, якое адбылося ў вёсцы Каліварыя. Ва ўчыненым прызнаўся сам забойца – пенсіянер 1942 года нараджэння.

Трагедыі са смяротным зыходам папярэднічаў канфлікт: успыхнула спрэчка, а потым і да бойкі справа дайшла. Забіты быў на трыццаць гадоў маладзейшым і хутка наносіў балючыя ўдары. У адказ раз’юшаны пенсіянер схапіў крыўдзіцеля за горла і з усёй сілы пачаў душыць. Адпусціў рукі толькі тады, калі перастаў адчуваць супраціўленне…

Ад страху і роспачы забойца не ведаў, што рабіць, і кінуўся да сваёй знаёмай у Адамова, расказаў ёй, што здарылася, а жанчына ўжо выклікала міліцыю.

Зараз крымінальная справа па факту забойства знаходзіцца на стадыі следства, а вінаваты дае паказанні.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий