«Ад нараджэння i да скону зямлёй Валожынскай жыву!»

Общество

“Ад нараджэння i да скону зямлёй Валожынскай жыву!” – гэта радкі з паэмы “Дума аб Бацькаўшчыне” нашага таленавітага земляка Сяргея Сяргеевіча Маляўскага. Ён з’яўляецца аўтарам гімна Валожынскай зямлі і шматлікіх вершаў пра родную Бацькаўшчыну. Сын селяніна, з душой інжынера і паэта, ён знайшоў сваё прызванне ў служэнні людзям і дзяржаве: больш за трыццаць гадоў С. С. Маляўскі працаваў у органах улады раёна. Яго заўсёды вылучалі прыстойнасць, сумленнасць, высокая адказнасць, вялікая павага да кожнага чалавека.

– Сяргей Сяргеевіч, мы размаўляем з Вамі напярэдадні юбілейнай даты – 75-годдзя ўтварэння раёна. Для чалавека 75 гадоў – даволі працяглы адрэзак жыцця, гэта – мудрасць і сталасць, а для рэгіёна – гэта перыяд станаўлення і развіцця. Галоўным багаццем любога куточка зямлі з’яўляюцца яе людзі. Вы ўсё працоўнае жыццё аддалі Валожыншчыне, годна і сумленна служылі Радзіме і людзям, у прафесіяналізме і кар’ерным росце дасягнулі значных вышынь. Што дае Вам родная зямля і чаму менавіта ёй Вы вырашылі прысвяціць сваё жыццё?

– Валожыншчына мне дае многае. Гэта мая бацькаўшчына, і я глыбока перакананы, што любіць сваю Радзіму, любіць маці – яшчэ не ўсё, гэтага мала. Трэба ведаць гісторыю сваёй радзімы, свайго кутка. Родная зямля зрабіла мяне тым, кім я стаў, хто я такі, што я зрабіў у сваім жыцці. А вось многага ці не я дасягнуў – аб гэтым ужо няхай мяркуюць людзі. Але я заўсёды жыў паміж землякамі па прынцыпу: адносся да людзей так, як хацеў бы, каб адносіліся да цябе.

У мяне ёсць і другі прынцып па жыцці – прынцып рацыяналізатара: зрабіў, як мог, хто зможа лепш, хай зробіць.

– Чаму не выбралі для пастаяннага месцапражывання вялікі горад? Думаю, што магчымасць такая была.

– Было шмат прапаноў змяніць работу і пераехаць у сталіцу. Але ў мяне была хворая маці, я яшчэ не закончыў школу, а яна злягла. А маці – гэта святое. Братоў-сясцёр не было, адзін толькі бацька – таксама не вызначаўся здароўем. Таму трэба было некаму дапамагаць. Не скажу, што ахвяраваў сабой, бо, што тут жыў і працаваў, і што мне дасталося выконваць, не шкадую ні аб чым. Я не максімаліст і лічу, што зрабіць з годнасцю лепш, чым зрабіць многа.

– На працягу трох дзесяцігоддзяў Вы поруч ішлі з кіраўніцкім корпусам раёна, былі старшынёй рйвыканкама, узначальвалі заканадаўчую ўладу. Каго сёння Вы можаце ўзгадаць з цеплынёй і ўдзячнасцю, хто асабіста для Вас быў прыкладам у жыцці?

– Па жыцці мне сустракаліся больш добрыя людзі. Галоўным аўтарытэтам і прыкладам для мяне быў бацька, хоць ён і просты селянін. Пайшоўшы ў школу, настаўнікам па жыцці стаў дырэктар Антон Станіслававіч Паныш. Ён вельмі любіў дзяцей і хацеў, каб яны сталі людзьмі, патрэбнымі дзяржаве, каб яны прыносілі карысць тым, хто побач з імі. Потым мяне лёс звёў у Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі з таленавітымі выкладчыкамі. З вялікай удзячнасцю ўспамінаю былых першых сакратароў райкама КПБ, старшыняў райвыканкама:  прыстойнасць Юрыя Іванавіча Шчолкіна, энергічнасць, імкненне Мікалая Данілавіча Казачонка, настойлівасць і нават, у добрым сэнсе гэтага слова, непрадказальнасць Аляксандра Хрыстафоравіча Чаеўскага, высокая эрудыцыя Канстанціна Канстанцінавіча Хвянько, якога змяніў таленавіты і творчы чалавек Вацлаў Аляксандравіч Харук. Уладзімір Андрэевіч Мікуліч, які кіраваў вобласцю, быў прыкладам дзяржаўнай адказнасці. Пашчасціла нават сустракацца з Пятром Міронавічам Машэравым у той час, як працаваў у Сугваздах старшынёй парткама.

Мне заўсёды імпанавала ўменне гаварыць з людзьмі, пачуццё вялікага такту Івана Анісімавіча Ефіменкі, Анатолія Іванавіча Дылеўскага, непрадказальнасць Анатолія Міхайлавіча Зязеткі. На месца якіх з трох кандыдатур быў выбраны ў 1989 годзе я. Дванаццаць гадоў мы прапрацавалі з Валянцінам Іванавічам Малішэўскім.

Мне і сёння неабыкавы лёс раёна. Я ўзгадваю, калі мы арганізоўвалі клуб даярак-чатырохтысячніц, якіх было ў раёне не больш за 20, а сёння цэлая гаспадарка, якую ўзначальвае Яўген Яўгенавіч Скрундзь, набліжаецца да 8-тысячнага ўзроўню. Мы радаваліся ўраджайнасці ў 20-25 цэнтнераў з гектара, а сёння раён дасягнуў амаль 100-тысячнага намалоту збожжа.  Значыць, раён развіваецца, жыве. На многія адказныя ўчасткі прыйшлі маладыя, перспектыўныя, граматныя, мэтанакіраваныя кіраўнікі.  За два-тры апошнія гады непазнавальна змяніўся раён і цэнтральныя сядзібы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Так павінна быць, такая дыялектыка жыцця.

– Якія знакавыя падзеі ў раёне адбыліся за гады Вашай працы?

– Гады, калі я працаваў старшынёй райвыканкама, пасля намеснікам старшыні райсавета дэпутатаў, потым старшынёй райсавета, прыйшліся на перыяд 90-х – калі не было ні грошай, ні матэрыяльных рэсурсаў, усё развальвалася на вачах. Цяжка было думаць пра што-небудзь новае, пра будаўніцтва. І тым не менш: у гэты час дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР быў наш Станіслаў Антонавіч Лужынскі з Пугачоў, які звёў мяне з “высокімі” людзьмі з рэспублікі і нават з Саюза, што курыравалі важныя сферы жыцця. І газіфікацыя раёна пачыналася менавіта ў гэтыя цяжкія гады. Пасля ўжо пайшлі грошы, абсталяванне і ўсё іншае, але пачатак быў вось такі. Школа-гімназія ў гэты час была ўзведзена, не спынялася і жыллёвае будаўніцтва, асабліва разбудоўваліся мікрараёны Сельгастэхніка і Папоўка. Таму лічу, што для раёна гэта былі значныя падзеі.

– 2015 год пазначаны важнай датай – 70-годдзем Вялікай Перамогі. Што для Вас асабіста азначае гэта дата?

– Для мяне гэта адно з самых вялікіх святаў. Таму што не было б Перамогі – не было б і мяне, ды і многіх з нас. Мой бацька ў 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, у 1946-м толькі вярнуўся: ваяваў на Кольскім паўвостраве, быў на Курскай дузе. Пашчасціла, што за ўсю вайну яго нідзе не зачапіла. Яго родны брат у жніўні 44-га пайшоў на вайну, а ў студзені 45-га ў Чэхаславакіі склаў галаву. Бацька заўсёды вучыў мяне верыць у лёс, і Перамога, якую ён каваў разам з іншымі франтавікамі, пераацэнцы не падлягае. Аб гэтым трэба памятаць заўсёды, расказваць пра мужнасць і гераізм нашых бацькоў і дзядоў нашчадкам, таму што той, хто страляе ў мінулае з пісталета, той страляе з пушкі ў будучыню.

– Давайце крышачку пагутарым пра Вашы карані, бацькоўскую навуку, сялянскую загартоўку, выбар жыццёвага шляху?

– Я шукаў свой радавод. Так здарылася, што мой длядуля, бацькаў бацька, працаваў у Адэсе на чыгунцы, а бабуля  – гувернанткай. Нарадзіліся яны ў Валожыне, а сустрэліся на Украіне і там стварылі сям’ю. Тут нарадзіліся дзве дачкі, мой бацька быў трэцім дзіцем, але грымнуў 1917-ы, і дзед вярнуўся на родную зямлю. Аднак памятаю, як бабуля мне ў тры гады “Палтаву” чытала. Як быў малы, бацька мне песні спяваў – “Тры танкісты” і “Вставай, страна огромная”, “Калыханку”. Маці вучылася ў “польскай” школе і нават была ў драматычным гуртку, таму часта мне распавядала пра Зайчыка з адной пастаноўкі. На мяне ніхто ніколі з бацькоў рукі не падняў і дрэннага слова я не пачуў. Пра дзягу таксама не ведаў – кажуць, што ёй многія “выхоўваюць”, хоць я, як і ўсе дзеці, шкоду ўчыняў.

– Цікава было б даведацца, адкуль у простага вясковага юнака такі трывалы стрыжань, эрудзіраванасць?

– Лічу, што гэта ад бацькі і дзеда. Ды і ў школе мяне вучылі добрыя педагогі. Шмат далі і заняткі пасля ўрокаў, цяпер іх называюць факультатывамі. Я не моцна хацеў заставацца, таму што там давалі рашаць нялёгкія задачы па хіміі і фізіцы з часопіса “Навука і жыццё”. А асноўную грамадзянскую пазіцыю мне заклалі ў сям’і. Калі цяпер крытыкуюць школу, што, маўляў, там недавучылі-недаглядзелі, я з гэтым не згодны. 80 працэнтаў выхавання кладзецца на сям’ю.

– Якія рысы характару больш за ўсё цэніце ў людзях, што лічыце асноўным, каб чалавек насамрэч мог адбыцца ў жыцці?

– Калі толькі трыма характарыстыкамі абмежавацца, то першая – прыстойнасць, другая – адказнасць, адносіны да справы і да людзей – трэцяя. Хаця чалавечых якасцей больш за 40. І, як калісьці мяне вучыў бацька, трэба ўмець адрозніваць сваё ад чужога. Вялікае значэнне мае самавыхаванне. Інтэрнэт – вялікая сіла, аднак абавязкова трэба чытаць кнігі. Дарэчы, праз час перачытваючы адны і тыя ж творы, па-іншаму іх успрымаеш і нешта новае адкрываеш для сябе. Каб чагосьці дасягнуць у жыцці, трэба ставіць мэты і ісці да іх, ніколі не збочваючы і не здраджваючы людзям.

– Як у Вас раскрыліся паэтычныя задаткі?

– Нават і не ведаю адкуль. Першы верш, як цяпер памятаю, напісаў у 1958 годзе. Напісаў і схаваў, каб не прачытаў ніхто. Пасля пісаў многа: калі вучыўся ў акадэміі, у мяне было 5 запісных кніжак. Але калі вярнуўся дадому пасля арміі, то іх не знайшоў – бацька перабудоўваў дом і, напэўна, выкінуў. Многія з іх і сёння памятаю, але гэта былі асабістыя думы-разважанні, таму не хацеў бы агучваць. А вось першы верш прачытаў на прэзентацыі кнігі Міхася Курылы “Белыя крылы”. Тады і атрымаў прапанову ад Валянціны Гіруць-Русакевіч займацца творчасцю.

– Як пісалі радкі да верша “Зямля Валожынская, родная зямля”, які стаў гімнам Валожыншчыне, ці прарочылі яму такую славу?

– Калі вучыўся ў Вышэйшай партыйнай школе, мяне захапіла гісторыя роднага краю. Працуючы ў райвыканкаме, мне трапіўся трохтомнік, на жаль, не памятаю ні аўтара, ні выдавецтва, але ў ім у мастацкім сэнсе былі апісаны ўсе правіцелі Вялікага Княства Літоўскага. Я прачытаў тры кніжкі за два вечары і стаў цікавіцца: дык а што ж было ў Валожыне? Вось адсюль усё і пачалося.

– Чым зараз займаецеся, што прыносіць асалоду і задавальненне?

– Найперш, кнігі, шмат перачытваю Салжаніцына, Пікуля “Эцюды аб былым”, Караткевіча, многіх расійскіх генералаў, вучоных – і кожны раз іх па-іншаму ўспрымаю. А ў душы як быў, так і застаўся інжынерам. Ёсць у мяне трактарчык невялікі, асабіста сканструяваў бульбасаджалку – на ім цяпер і апрацоўваю бацькоўскі надзел зямлі. Млын зрабіў, станок цыркулярны і фугавальны – люблю з дрэвам працаваць. Вярнуўся да сваіх каранёў. Большую частку праводжу ў родным Гардынаве. Не ўмею сядзець склаўшы рукі, мне трэба быць пастаянна ў працы.

– Ці ўсё, пра што марылі, зроблена? Што б яшчэ хацелася ажыццявіць?

– Планы ёсць, але яны больш асабістага характару, бо гады бяруць сваё. Тым не менш, яшчэ раз падкрэслю: я не максімаліст, мне дастаткова мінімуму чалавечых каштоўнасцей. Лічу, што свой абавязак выканаў, недарэмна пражыў на зямлі – зрабіў, што мог.

– Пражыўшы годна і прыстойна на зямлі, што лічыце галоўным для чалавека ў жыцці?

– Галоўнае – быць патрэбным для Радзімы, для сям’і, для дзяцей і нашчадкаў. Пакуль гэта мне ўдаецца.

– Сяргей Сяргеевіч, што Вы пажадалі б сваім землякам?

– Пажаданні выкажу радкамі з гімна Валожынскай зямлі: “Няхай шчаслівым будзе кожны чалавек – любімым сынам у дзяржавы”.

Гутарыла

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий