Рэцэпты хараства ад вячаслава скадорвы

Культура

Сярод жыхароў Валожыншчыны трапляецца шмат самародкаў – тых, чые таленты гавораць самі за сябе. Адзін з такіх людзей і Вячаслаў Антонавіч Скадорва. Гэтаму вяскоўцу з Забрэззя ўжо 72 гады, хоць пра тое, гледзячы на яго энергічную, напоўненую ўнутранай сілай постаць і прыязную ўсмешку, не скажаш. А вядомы чалавек тым, што ўмее ён плесці карзінкі, скарбонкі, вазы і кошыкі. Для работы майстар выкарыстоўвае самы экалагічны матэрыял – лазовыя дубчыкі.

Наўрад ці думаў калі кадравы ваенны, які пачынаў службу ў Манголіі і Усурыйску, што сустрэне сталы ўзрост на малой радзіме, у той хаце, дзе нарадзіўся. Намеснік камандзіра роты 32-га асобнага палка Камітэта дзяржбяспекі пры Савеце Міністраў СССР, сярод задач якога ў свой час было наладжванне сувязей з Кітаем, настройваўся на іншую будучыню. Лёс, як заўжды, распарадзіўся па-свойму. Вячаслаў Антонавіч вярнуўся дадому і ўладкаваўся працаваць на пасаду галоўнага інжынера ў Дубінской гаспадарцы. Там жа ён і пазнаёміўся з будучай жонкай – настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Узбалацкай васьмігодкі Марыяй Казіміраўнай, разам з якой пражылі без малога 47 гадоў! Пасля вяселля В. А. Скадорву выпала праявіць сябе, зноў прымераўшы  вайсковую форму. Афіцэр запасу дастаткова працяглы час трэніраваў байцоў 45-й танкавай вучэбнай дывізіі пад Барысавам. Сям’і ўвесь час давялося жыць у гасцінічных нумарах, бо прапанаваная “кватэра” агульнай плошчай 9 квадратных метраў ну ніяк не магла задаволіць хаця б элементарныя жыллёвыя патрэбы. І калі надышоў час, Вячаслаў Антонавіч адмовіўся працягнуць ваенны кантракт і вярнуўся – ужо канчаткова – дадому. Спачатку працаваў у Лоскім сельгаспрадпрыемстве, затым 20 гадоў у лясной меліярацыі. Да пенсіі дарабляў зноў-такі ў Лоску загадчыкам майстэрняў.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак спачатку не ведаў, да чаго прыкласці рукі. Сітуацыю і інтарэсы карэнным чынам змяніў паход у магазін. Сярод выстаўленай на продаж літаратуры В. А. Скадорва звярнуў увагу на кнігу пад назвай “Пляценне з лазы: сакрэты майстэрства”. І набыў яе. Гэта выданне стала самавучыцелем, кіруючыся якім, вясковец сёння можа пахваліцца надзвычай багатай, прыгожай і функцыянальнай творчай спадчынай. Працэсу спасціжэння асноў лозапляцення садзейнічала і тое, што Вячаслаў Антонавіч з малых гадоў навучыўся плесці кошыкі. У далейшым рукі трэніраваліся – і сталі атрымлівацца сапраўдныя высокамастацкія вырабы. Пад усмешку майстра Марыя Казіміраўна з гонарам вынесла напаказ сплеценыя ім карзінкі. Прыгожыя, трывалыя, дзесьці пакрытыя марылкай, а дзесьці – лакам, які выгадна падкрэслівае пругкую структуру натуральнай драўніны, яны нават пахнуць па-асобаму – вясной. І гэта нездарма! Аказваецца, выключна ў гэту пару года майстар збірае матэрыял для будучых вырабаў. Як толькі на лазе з’яўляюцца пупышкі, Вячаслаў Антонавіч зразае дубчыкі і здымае з іх кару.

Пасля таго, як дубцы зрэзаны і ачышчаны, надыходзіць пара дастаць уласна зробленыя інструменты для далейшай апрацоўкі драўніны – струг і шмол. Гэта нешта накшталт нажоў, адзін з якіх адказвае за “наразанне” дубца на палосы, а другі – за шырыню будучага палатна для пляцення. Пасля ўсё высушваецца – і Вячаслаў Антонавіч прыступае да асноўнай работы. На выраб адной такой карзінкі, як на фота, разам з матэрыяламі затрачваецца прыкладна тры дні. Затым – фарбаванне ці лакіроўка і зноў сушка. Так нараджаецца чарговы шэдэўр.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий