У раённым краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка работ мастака Мікалая Яўгенавіча Мішчанкі “З любоўю да роднага краю”. На працягу паўтара месяца жыхары і госці Валожына змогуць ацаніць прыгажосць і гармонію беларускай прыроды, гарадскіх пейзажаў, цікавых нацюрмортаў.
Мастак нарадзіўся ў 1949 годзе ў Магілёве. Пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага інстытута выкладаў выяўленчае мастацтва ў школах і педуніверсітэце імя М. Танка. Удзельнічаць у выстаўках пачаў з 2002 года. Зараз працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Работы Мікалая Мішчанкі папаўняюць прыватныя калекцыі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, выстаўляюцца ў галерэях.
М. Я. Мішчанка – прыхільнік традыцыйнай мастацкай школы, які імкнецца перадаць на палатне ўсю прыгажосць навакольнага свету. Яго жывапіс, насычаны яркімі фарбамі, золатам сонца і святла, – гэта мажорны акорд Прыродзе.
На выстаўцы можна пабачыць карціны, выкананыя рознай алейнай тэхнікай. Аб’ядноўвае іх адно – замілаванне вобразамі роднага краю, якое перадаецца і гледачам.
Наш кар.,
фота Сяргея БОБРЫКА