Крыштальныя цуды з Ракава

Общество

У аграгарадку Ракаў знаходзіцца творчая майстэрня «Іслач» па вырабах са шкла. Яе гаспадар, Васіль Васільевіч Рубцоў, ужо шмат гадоў займаецца апрацоўкай крыштальных вырабаў.

 “Пасля школы я вучыўся ў Беларускім дзяржаўным політэхнічным інстытуце на будаўнічым факультэце, там вучаць усяму. У маладосці ювелірыў патрошку, у дзяцінстве рабіў жаночыя ўпрыгажэнні, завушніцы. А посуд, шкло  люблю з дзяцінства”, – распавядае майстар.

Васіль Рубцоў таксама падзяліўся з намі: “Пару гадоў таму мы ўзяліся за рэстаўрацыю Налібоцкіх радзівілаўскіх вырабаў. У 1730-1740 гады ў Налібоках была заснавана шклярня, мануфактура, дзе вырабляліся такія рэчы, якімі карысталіся каралеўскія асобы. Зараз у асноўным вырабы з той шклярні знаходзяцца за мяжой, у Літве, а ў нас іх амаль не засталося. Тады я вырашыў узяцца за «аднаўленне» тых вырабаў. Вынік атрымаўся вельмі добры. Нашчадкі Радзівілаў даведаліся пра маю працу, прыехалі паглядзець. Посуд ім так спадабаўся, што яны вырашылі забраць яго на радзіму Радзівілаў”.

Васіль Васільевіч шчыра запрасіў нас у майстэрню. Асноўны занятак майстра – гравіроўка па крыштале. Майстэрню ў Ракаве адкрыў не так даўно. У невялікім пакоі сям-там стаялі яшчэ нераспакаваныя вырабы. Аднак самыя цікавыя экспанаты ўжо чакалі нас на паліцах. Так Васіль Васільевіч паказаў шмат незвычайных, цікавых работ. Напрыклад, у адным наборы на шклянках былі выгравіраваны розныя жывёлы: зайцы, птушкі. Як патлумачыў гаспадар: “Гэта паляўнічы набор для мужчын, якія пасля палявання вырашаць адпачыць. Вось для іх я і зрабіў адпаведны посуд, ёсць яшчэ набор і для рыбаловаў. Кожная лінія на шкле асобна гравіруецца  рознымі інструментамі. Праца карпатлівая, доўгая, але цікавая”. З Аўстрыі майстар купляе чысты крышталь, а потым ужо тут ператварае фантазіі ў рэальнасць.

Увогуле, спектр вырабаў вельмі шырокі: мы ўбачылі крыштальную алоўніцу, куфлі з падсветкай, цукерніцу, велікодныя яйкі з крышталю і многа іншых, не менш цікавых вырабаў. Келіхі, графіны, вазы самых незвычайных форм і ўзораў. Работы робіць як для сябе, так і на заказ. На паліцах мы ўбачылі фужэры для вяселля, наборы да юбілею, дня нараджэння. Па жаданні заказчыкаў можна набіць ініцыялы, любыя надпісы, віншаванні. Кошт такой прыгажосці разнастайны. Так, за шкляны магніцік можна заплаціць 12 тысяч, а за некаторыя наборы і да двух з паловай мільёнаў.

Таксама Васіль Рубцоў паказаў нам куфлі, у аснову ўзору якіх пакладзена апавяданне Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», на шклянках выгравіраваны беларускія лясы, палі, азёры. Майстар робіць кніжкі, праўда ад кніжак застаецца толькі вокладка. А вось «змест» ужо крыштальны: фужэры, куфлі, графіны. Васіль Васільевіч паказаў нам новую калекцыю, ідэю для якой падказаў сусед, беларускі мастак, дудар і этнакультуролаг Тодар Кашкурэвіч, які прыдумаў арнамент. Куфлі змяшчаюць старажытнабеларускі ўзор інь і ян, які ў перакладзе на беларускі лад атрымаў значэнне агню і вады, ад чаго атрымліваецца «вогненная вада». Майстар ужо нават прыдумаў слоган новай калекцыі: “З нашымі знакамі здаровымі будзьце”.

У працэсе гутаркі да нас далучыўся сын Васіля – Аляксандр, або, як ён сам сябе называе, Алесь, які таксама атрымаў адукацыю ў тым жа інстытуце, што і бацька. Васіль з радасцю кажа аб тым, што ў яго ёсць сапраўдны памочнік, бо сын цалкам падтрымлівае ідэі бацькі і з радасцю дапамагае прыдумваць і ствараць новыя прадукты.

Зараз творчая майстэрня “Іслач” супрацоўнічае з французскай фірмай «Cristal de Paris», якая выкупляе вырабы і прадае ў сябе на радзіме. Заказаў у майстра хапае, у Беларусі прадукт творчасці майстэрні можна набыць у Нясвіжы, у некаторых крамах. Васіль Рубцоў плануе стварыць уласны магазін у цэнтры Ракава пад прыкладнай назвай «Валожынскія гасцінцы», каб радаваць турыстаў і землякоў сапраўднымі крыштальнымі цудамі.

Кацярына ЗАБЕЛА,

фота аўтара



Добавить комментарий