НА ГАДЫ ЗУБ НЕ ТРЫМАЮЦЬ, ВЕСЯЛЯЦЦА І СПЯВАЮЦЬ

Культура

    Адзін з асноўных накірункаў дзейнасці РЦК – работа з людзьмі сталага ўзросту. Тыя, хто аддаў працы лепшыя гады жыцця, заслужылі права дастойна адпачываць, аддавацца любімым захапленням. Для ўсіх жадаючых адкрыты дзверы раённага цэнтра культуры.

    Ветэраны працы, што маюць добрыя вакальныя здольнасці, наведваюць заняткі народнага хору “Спяваючыя сэрцы”. Яўгенія Іванаўна Харук, якая кіруе ім, акрамя асноўнай творчай працы арганізоўвае і розныя цікавыя мерапрыемствы, экскурсійныя паездкі па гістарычных, славутых мясцінах роднага краю, юбілеі, вечары адпачынку і інш.

    Што ж рабіць таму, хто не вызначаецца спявацкімі данымі? Для такіх працуе клуб пажылых людзей “Верас”. Ён створаны каля года таму і мае ўжо 25 удзельнікаў. Зараз клубам кіруе Ларыса Дзмітрыеўна Гладчанка. Кожны член клуба можа рэалізаваць свае здольнасці рэжысёра, вядучага святочнага вечара, вечара адпачынку, арганізаваць выставы кулінарных вырабаў і сваіх рук майстэрства, правесці гульню або віктарыну. У плане клуба “Верас” шмат разнастайных мерапрыемстваў, якія праводзяцца на працягу года. Гэта сустрэчы з цікавымі людзьмі – работнікамі ЗАГСа, псіхолагамі, урачамі, святарамі, нават цэлымі калектывамі. А яшчэ – экскурсіі, дні імянінніка, юбілеі і сямейныя ўрачыстасці, святочныя агеньчыкі, прысвечаныя прафесійным святам і датам календара, народным святам, усемагчымыя танцавальна-забаўляльныя праграмы. У бягучым годзе ўжо прайшлі свята гумару, забаўляльная праграма “Ражаство нам радасць прынясло”, велікодная вечарына, вечары адпачынку, конкурсы талентаў, выстава сямейнай творчасці “Наши руки не для скуки”, марафон старадаўніх танцаў і многія іншыя. Не застаюцца ў баку “верасоўцы” і ў час уборачнай кампаніі. Удзельнікаў мастацкай самадзейнасці з задавальненнем вітаюць працаўнікі палёў, вёсак нашага раёна.

    Усе тыя, хто наведвае клуб, – адна вялікая і дружная сям’я. Сюды збіраюцца, каб пасядзець за кубачкам чаю, абмеркаваць любімыя фільмы, падзеі, навіны і проста пагутарыць. Не пакідаюць і людзей у бядзе, наведваюць хворых у бальніцы і дома.

Ірына МАНДРЫК,

метадыст РЦК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *