У кожнага сваё жыццё зямное

Общество

Аніла Васільеўна Уланчык нарадзілася і вырасла ў Чарнігаўскай вобласці на Украіне, а ўсё свядомае жыццё пражыла ў Беларусі, у вёсцы Цябуты Сугваздаўскага сельсавета. За больш чым пяцьдзесят гадоў навучылася размаўляць па-беларуску, толькі з прыемным мяккім украінскім акцэнтам.
Да вайны паспела дзяўчына скончыць сем класаў. Калі прыйшлі немцы, то амаль адразу мясцовую моладзь сталі хапуном хапаць і ганяць на розныя цяжкія работы. Жылі ў былой школе, не раз даводзілася пераходзіць рэчку па пояс у вадзе, а стаяў халодны красавік. Некалькі разоў Ніла ўцякала дадому, успамінае, як аднойчы для гэтага давялося скакаць праз акно з другога паверха. І толькі з трэцяй спробы чарнавокую хахлушку Анілу разам з многімі яе землякамі немцы вывезлі ў Германію. Быў чэрвень 1943 года.
У гаспадара, да якога трапіла дзяўчына, у парабках былі яшчэ тры ўкраінкі, а таксама два палякі. Гаспадарку пынілі вялікую – 30 кароў, 7 коней, быў у ёй і трактар. Працавалі ад цямна да цямна. А жылі работнікі ўсе разам у падвале, бы ў турме, на вокнах былі краты. Існаванне мала чым адрознівалася ад лагернага. Хіба што эсэсаўцаў з аўчаркамі не было. Яшчэ зацемна, пакуль гаспадары бачылі салодкія сны, дзяўчаты даілі кароў, затым прымаліся за іншую работу. Падчас жніва ўбіралі ўраджай, грузілі мяшкі з зернем, малацілі, і так да позняй восені.
У «бауэра» меліся жонка, дзве дачкі і два сыны. І ўсім трэба было дагадзіць. Адна з дачок хадзіла ўся ў чорным – яе муж быў забіты пад Сталінградам. Таму сваіх работнікаў тая немка ненавідзела лютай нянавісцю. Не выказвала да іх ні кроплі жалю. Сыноў потым забралі на фронт.
З вызваленнем з нямецкай кабалы Анілу накіравалі на работу на судабудаўнічы завод у Данцыгскім порце. Работа таксама была не з лёгкіх. Там дзяўчына падхапіла тыф і два месяцы правяла ў шпіталі. Пасля лячэння прадаставілі больш лёгкае рабочае месца – у партовай сталовай, дзе Аніла і пазнаёмілася з беларусам Аркадзем Уланчыкам, былым партызанам і франтавіком. Гэта было каханне з першага погляду, і Аніла, не вагаючыся, паехала за сваім абраннікам у Беларусію. Праўда, афіцыйна распісваліся яны на Украіне, а перад самым Новым, 1947 годам прыехалі на мужаву радзіму – у вёску Цябуты.
Аркадзь Ігнатавіч працаваў у калгасе кладаўшчыком, Аніла Васільеўна хадзіла на палявыя работы. Перанесеныя ваенныя нягоды, цяжкая нежаночая праца напомнілі пра сябе ў мірным жыцці, калі Аніла даведалася, што ёй не суджана мець дзяцей. Так і жылі ўдваіх. Апошнія гады ўвогуле Аніла Васільеўна каратае адна. У суседніх вёсках жывуць мужавы сёстры, былыя партызанкі Малання Ігнатаўна і Руфіна Ігнатаўна, з імі кожны дзень мае зносіны па тэлефоне.
А. В. Уланчык практычна не выходзіць з дому – баляць ногі. Самы часты і жаданы госць – сацыяльны работнік Рамуальда Францаўна Федаровіч. Яна даўно замяніла ёй сям’ю. Вакол на вуліцы суцэльна – пустыя дамы, гаспадары якіх паўміралі. Дроў, брыкету на зіму былая вязніца назапашвае загадзя, газавага балону адзінокай жанчыне хапае амаль на паўгода. Паколькі ў Германію Анілу вывезлі 18-гадовай дзяўчынай, ніякіх выплат як непаўналетні вязень яна не атрымлівала і, наогул, не атрымала ніякай кампенсацыі за страчанае здароўе, перакрэсленае юнацтва. Гаворыць, што дабівалася, але нічога не дабілася, не змагла даказаць… Пенсію зарабіла таксама невялікую, апошні раз атрымала 340 тысяч рублёў, але ёй хапае, не пані. Значную частку выдаткоўвае на лекі. Асаблівасць гэтай жанчыны – цудоўны, мяккі характар, яна ні на што не скардзіцца. Няўтульна адчувае сябе былая вязніца зімой. Усё даецца цяжка, печку распаліць – праблема, трэба чакаць, пакуль сацработніца прынясе дроў. А кожная вясна надае новыя сілы і асвятляе жыццё надзеяй.
Гэта зіма выдалася асабліва марознай, вецер выдзімаў са старэнькай хацінкі апошняе цяпло. І тады сваячка Малання, на сем гадоў маладзейшая, прыняла рашэнне забраць Анілу да сябе ў Ласокіна. Яна не забылася, як жылі разам пасля вайны, як тая яе замуж выдавала. Малання Ігнатаўна значна мацнейшая, яшчэ карову трымае. Яна і камандуе парадам. Задае тон на ўвесь дзень. Аніла яе слухаецца, хаця і сама стараецца дагадзіць, дапамагчы хоць чым-небудзь. Дзяліць дзвюм удовам няма чаго, а разам не проста весялей, але і спакайней. Старэнькія жанчыны з любоўю даглядаюць адна адну, за сталом падкладваюць лепшы кавалачак, разам глядзяць тэлевізар, успамінаюць вайну, перабіраюць, бы пацеркі, розныя імгненні жыцця. А яшчэ з нецярпеннем чакаюць выхадных і святаў, калі прыедуць Маланніны дзеці, унукі і праўнукі, рыхтуюць для малых гасцінцы. Аніла Васільеўна за гэты час відавочна пакрапчэла, нават душой адтаяла. Даўно за ёй так не даглядалі, даўно ёй не было так цёпла і ўтульна…

Наталля ШТЭЙНЕР.
Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий