З гэтага года ў раёне з’явілася новая структура – раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў. Аб тым, якія функцыі ўскладаюцца на аб’яднанне, мы папрасілі расказаць старшыню Вераніку ЗАГОРСКУЮ.
– Вераніка Віктараўна, Ваша пасада з’яўляецца выбарнай ці па назначэнні?
– Беларускай федэрацыяй прафсаюзаў прынята рашэнне аб стварэнні такой дадатковай структуры, як раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў. На пасаду старшыні чалавек назначаецца вышэйстаячай арганізацыяй. У маім выпадку – Мінскім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў.
– Такія прафсаюзныя аб’яднанні цяпер будуць у кожным раёне?
– Так. Прычым з наданнем статусу юрыдычнай асобы. Аб’яднанні арганізацый прафсаюзаў стануць галоўным органам прафсаюзнага руху ў раёнах.
– За кошт чаго будзе ажыццяўляцца фінансаванне арганізацыі, які прадугледжаны штат?
– Згодна з Палажэннем, крыніцай фінансавання стане працэнт ад агульнай сумы штомесячных членскіх узносаў. Штатным раскладам раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў прадугледжана пакуль што толькі адна адзінка старшыні.
– Раскажыце, чым плануеце напаўняць свой працоўны дзень?
– У рабоце буду кіравацца рэгламентамі Палажэння. Неабходна скаардынаваць дзейнасць прафесіянальных саюзаў раёна, якія да гэтага моманту працавалі паасобку. Давядзецца шмат увагі ўдзяліць нарматыўным і заканадаўчым актам, накіраваным на абарону інтарэсаў работнікаў.
– Любая структура павінна мець паўнамоцтвы, як стымулюючыя, так і караючыя. Наколькі мне вядома, старшыні большасці прафсаюзных пярвічак працуюць на грамадскім пачатку. Якія меры ўздзеяння за несумленнае выкананне абавязкаў ці, наадварот, заахвочвання за добрасумленнае стаўленне да работы будуць у Вас?
– Ніякіх караючых функцый новае аб’яднанне несці не будзе. Прадугледжана хіба што вынясенне прадпісання кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый для выкаранення недахопаў у прафсаюзнай рабоце. А наконт таго, што некаторыя прафсаюзныя лідары працуюць на грамадскіх пачатках, то гэта ўжо недахопы Калектыўных дагавораў. Па магчымасці неабходна ўнесці ў дакумент дапаўненні аб матэрыяльнай падтрымцы старшынь пярвічак.
– Нядаўна на адрас нашай прафсаюзнай арганізацыі прыйшоў запыт за Вашым подпісам з просьбай даць інфармацыю аб колькасці членаў. Па праўдзе кажучы, успрынялі мы яго як праяву бюракратыі. Прадчуваем, што колькасць папераабароту павялічыцца. Можа Вам трэба самой ісці да людзей і адмовіцца ад кабінетнай работы?
– Пакуль што раённым аб’яднаннем арганізацый прафсаюзаў вядзецца падрыхтоўча-арганізацыйная работа. На даным этапе найперш неабходна хаця б зарыентавацца ў падначаленых кадрах, сабраць звесткі пра колькасць і якасць работы пярвічак. Спадзяюся, што здолею наладзіць цесную сувязь з людзьмі, працоўнымі калектывамі. У бліжэйшы час планую наведаць усе прафсаюзныя арганізацыі. Транспартам, праўда, аб’яднанне не забяспечана, таму давядзецца звяртацца за дапамогай да калег, у першую чаргу – да старшыні камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна В. С. Гідлеўскага. З такімі вопытнымі актывістамі прафсаюзнага руху, як Віктар Станіслававіч, мяркую, можна разлічваць не толькі на падтрымку напачатку дзейнасці, але і на плённае супрацоўніцтва ў далейшым.
Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА