Дарылi радасць

Официально

У раённым Цэнтры культуры прайшоў фестываль праваслаўных песнапенняў “Калядная зорка”.

Традыцыйна на яго сабраліся прадстаўнікі дзіцячых школ мастацтваў і Нядзельных школ Валожынскага благачыння.

Свята распачалося з прывітальнага слова і благаслаўлення настаяцеля прыходу святых роўнаапостальных Канстанціна і Алены ў Валожыне айца Дзмітрыя Агіевіча. Затым выхаванцы Нядзельнай школы райцэнтра прадставілі гледачам невялікі спектакль, дзея якога праслаўляе Нараджэнне Хрыстова. Па ходу спектакля дзяўчаты спявалі калядныя песні, якія цешылі душы гледачоў, пасяляючы ў сэрцах пачуцці шчасця і надзеі.

У харавым і сольным выкананні прагучалі кранальныя песнапенні, звязаныя са святам Нараджэння Хрыстова, прадстаўнікоў Гародзькаўскай, Дорскай, Івянецкай, Ракаўскай, Вішнеўскай і Валожынскай школ мастацтваў. Хвалююча праспявалі выхаванцы Нядзельнай школы гарадскога пасёлка Івянец. Уразіла сольнае выступленне самай маленькай удзельніцы свята Валерыі Салішэўскай з Вішнева. Дуэту Марыі Кулік і Ксеніі Мытнік з Дораў гледачы апладзіравалі двойчы, бо яны падрыхтавалі два выдатныя нумары.

Светлыя пачуцці перапаўнялі душу, выканаўцы дарылі гледачам радасць вялікай хрысціянскай урачыстасці.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий