Агонь не даруе легкадумства

Закон и порядок

Двойчы давялося выязджаць пажарным 8 студзеня ў сельскую мясцовасць на тушэнне пажараў. 

У 13.09 паступіла паведамленне аб узгаранні надворнай пабудовы ў вёсцы Раднікі. Першымі на месца здарэння прыбылі супрацоўнікі інспекцыі МНС з Івянца. Яны і канстатавалі, што гарыць дах, полымя бушуе і ўнутры памяшкання.

Пасля таго, як агонь ліквідавалі, было ўстаноўлена, што прычынай пажару стала парушэнне правілаў эксплуатацыі электрычнай праводкі. У выніку гаспадар панёс значныя страты – знішчаны пабудова і маёмасць, якая ў ёй захоўвалася.

У 00.45 у вёсцы Ракаў загарэўся жылы дом. На месца пажару былі накіраваны мясцовыя пажарныя, а таксама іх калегі з Пугачоў і Заслаўя. Агонь паспеў знішчыць дах, пашкодзіць унутраныя памяшканні. Па папярэдніх вывадах, прычынай няшчаснага здарэння стала парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення: вельмі блізка да крыніцы цяпла прымыкалі драўляныя канструкцыі перакрыццяў (менш за 30 см).

Супрацоўнікі МНС папярэджваюць грамадзян: калі пажар узнік па прычыне таго, што ў вас дапушчана няспраўнасць электраправодкі ці няправільна пабудавана і эксплуатуецца печ, то, згодна з 2-й часткай артыкула 23.56 Адміністрацыйнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, вам пагражае штраф у памеры ад 30-і да 50-і базавых велічынь.

У тым, што правіла “няведанне закона не вызваляе ад адказнасці” дзейнічае, некаторыя пагарэльцы ўжо пераканаліся. Летась па чатырох адміністрацыйных пратаколах назначана агульная сума штрафаў у памеры 18 мільёнаў рублёў.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий