Па шляху атрымання прафесiянальнай адукацыi

Общество

На базе раённага Цэнтра культуры прайшоў дзень прафарыентацыі. Вучні 9-х і 11-х класаў устаноў адукацыі раёна сустрэліся з прадстаўнікамі Беларускага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Навапольскага аграрна-эканамічнага каледжа, Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя, Маладзечанскіх політэхнічнага і гандлёва-эканамічнага каледжаў, Мінскага абласнога каледжа.

Прадстаўнікі вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў свае выступленні падмацоўвалі відэаролікамі, мультымедыйнымі прэзентацыямі, дэманструючы, як вучацца і адпачываюць студэнты, якія ўмовы пражывання ў інтэрнатах. Яны расказалі пра парадак паступлення, умовы атрымання месца ў інтэрнаце. На заканчэнні выступоўцы ў індывідуальным парадку адказвалі на пытанні выпускнікоў.

Прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага абласнога каледжа завіталі на сустрэчу разам са сваімі студэнтамі, што вельмі спадабалася аўдыторыі. Маладыя людзі падзяліліся ўражаннямі аб вучэбнай установе, расказалі пра свае будучыя прафесіі.

Відэаролікі і прэзентацыі госці пакінулі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму, а раздатачныя матэрыялы, буклеты былі прапанаваны вучням выпускных класаў і перададзены ва ўсе ўстановы адукацыі.

На сустрэчу са старшакласнікамі прыйшлі прадстаўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Сівы і ваенны камісар раённага ваеннага камісарыята Ю. В. Нахай. Яны расказалі, у якіх вышэйшых навучальных установах можна атрымаць адпаведныя спецыяльнасці, пра спецыфіку прафесій ваеннага і выратавальніка. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. В. Садоўскі пазнаёміў будучых студэнтаў з найбольш запатрабаванымі ў раёне прафесіямі.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий