Асцерагайцеся камп’ютарных зламыснiкаў

Закон и порядок

У апошнія гады шырокую папулярнасць атрымалі СМС-рассылкі ці электронныя лісты з паведамленнямі пра выйгрыш аўтамабіля або іншых каштоўных прызоў. Для таго, каб атрымаць «выйгрыш» зламыснікі звычайна просяць перавесці на электронныя рахункі вызначаную суму грошай для выплаты падаткаў, мытных пошлін, транспартных расходаў і г. д. Пасля атрымання грашовых сродкаў яны перастаюць выходзіць на сувязь або просяць перавесці дадатковыя сумы на афармленне выйгрышу.

Засцерагчы сябе ад падобнага роду злачынстваў проста. Перш за ўсё неабходна быць разважлівым. Задумайцеся над тым, ці прымалі вы ўдзел у розыгрышы прызоў? Ці знаёмая вам арганізацыя, якая накіравала апавяшчэнне пра выйгрыш? Адкуль арганізатарам акцыі вядомы вашы кантактныя даныя? Калі вы не можаце адказаць хоць на адно з гэтых пытанняў, лепш праігнараваць паступіўшае паведамленне. Будзьце пільнымі і памятайце, што для таго, каб штосьці выйграць, неабходна прыняць удзел у розыгрышы.

Шмат выпадкаў махлярства звязана з дзейнасцю Інтэрнэт-магазінаў і сайтаў па продажу авіябілетаў. Яны прыцягваюць патэнцыяльных ахвяр неабгрунтавана нізкім коштам. Пры заказе тавараў вас папросяць унесці перадаплату, часцей за ўсё шляхам занясення грашовых сродкаў на нейкі віртуальны кашалёк праз тэрмінал экспрэс-аплаты. Далей магазін на працягу некалькіх дзён будзе прыдумваць адгаворкі і абяцаць вам хуткую дастаўку тавару, а потым бясследна знікне або прышле няякасны тавар.

Мэта падобных сайтаў – ашукаць максімальную колькасць людзей за кароткі тэрмін. Стварыць Інтэрнэт-сайт сёння – справа некалькіх хвілін, таму неўзабаве пасля спынення работы ён адродзіцца па іншым адрасе, з іншым дызайнам і пад іншай назвай.

Купляць авіябілеты праз Інтэрнэт зручна. Вам не трэба нікуды ехаць і стаяць у чэргах. Вы выбіраеце рэйс, дату, аплачваеце білет і атрымліваеце яго праз некалькі секунд. За апошні год істотна павялічылася колькасць скарг на зман пры куплі электронных білетаў. Каб не сапсаваць сабе адпачынак ці дзелавую паездку, скарыстайцеся паслугамі Інтэрнэт-сайта авіякампаніі ці агенцтва па продажы білетаў, якое даўно зарэкамендавала сябе на рынку. З асцярожнасцю аднясіцеся да дзейнасці невядомых вам сайтаў.

Адзін з папулярных спосабаў махлярства звязаны з размяшчэннем аб’яў пра продаж тавараў на электронных дошках аб’яў і інтэрнэт-аўкцыёнах. Як правіла, ашуканцы прыцягваюць сваіх ахвяр нізкім коштам і выгаднымі прапановамі і патрабуюць пералічэння перадаплаты шляхам пераводу грашовых сродкаў на электронны кашалёк. Уважліва вывучыце аб’яву, паглядзіце інфармацыю пра таго, хто размясціў яе. Скарыстайцеся Інтэрнэт-пошукам. Часам досыць увесці ў форму пошуку тэлефонны нумар ці сеткавы псеўданім прадаўца для таго, каб выявіць, што гэтыя даныя ўжо выкарыстоўваліся ў мэтах крадзяжу грашовых сродкаў і зману пакупнікоў.

Паглядзіце сярэдні кошт аналагічных тавараў. Залішне нізкі кошт павінен выклікаць у вас падазрэнні. Калі прадавец патрабуе пералічыць яму поўную ці частковую перадаплату за тавар на электронны рахунак, падумайце, наколькі вы гатовы давяраць незнаёмаму чалавеку.

Прыкметна ўзрасла колькасць выпадкаў рассылкі СМС паведамленняў, якія змяшчаюць інфармацыю пра тое, што банкаўская карта абанента заблакіравана па тых ці іншых прычынах. Часам падобныя паведамленні заклікаюць перавесці грошы для разблакіроўкі карты, часам абанента просяць патэлефанаваць ці адправіць СМС на кароткі нумар.

Неабходна памятаць пра тое, што адзіная арганізацыя, якая зможа праінфармаваць вас пра стан вашай карты – гэта банк, які абслугоўвае яе. Калі ў вас ёсць падазрэнні, што з вашай картай штосьці не ў парадку, калі вы атрымалі СМС апавяшчэнне пра яе блакіраванне, неадкладна звярніцеся ў банк. Нумар тэлефона кліенцкай службы банка звычайна знаходзіцца на зваротным баку карты. Не тэлефануйце і не адпраўляйце паведамленні на нумары, паказаныя ў СМС апавяшчэнні, за гэта можа спаганяцца дадатковая плата.

Калі вы атрымалі СМС ці ММС паведамленне са спасылкай на скачванне паштоўкі, музыкі, малюнка ці якой-небудзь праграмы, не спяшайцеся адкрываць яе. Перайшоўшы па спасылцы, вы можаце атрымаць на тэлефон вірус ці аформіць падпіску на платныя паслугі. Паглядзіце, з якога нумара было адпраўлена вам паведамленне. Нават калі яго даслаў хтосьці са знаёмых, будзе не лішнім дадаткова пераканацца ў гэтым, бо паведамленне магло быць адпраўлена з заражанага тэлефона без яго ведама.

Памятайце, што ўстаноўка антывіруснага праграмнага забеспячэння на мабільнае ўстройства – гэта мера, якая дазваляе павялічыць вашу бяспеку.

У наш час злачынцам не трэба праводзіць складаныя тэхнічныя мерапрыемствы для атрымання доступу да персанальных даных, людзі ахвотна дзеляцца імі самі. Яны размяшчаюць звесткі аб сабе ў сацыяльных сетках, давяраюць іх тысячам людзей, далёка не ўсе з якіх заслугоўваюць даверу. Зносіны ў сетцы абязлічаны, і за фатаграфіяй можа хавацца хто заўгодна. Таму не варта раскрываць малазнаёмым людзям падрабязнасці вашага жыцця, якія могуць быць скарыстаны супраць вас.

УУС Мінаблвыканкама



Добавить комментарий