Старонкi летапiсу раёна

Культура

Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне Валожынскага краю з лістапада 1939 года па студзень 2015 года.

 Да 1924 года на тэрыторыі БССР існавала адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне былой Расійскай імперыі: губерня – павет – воласць. З 1925 года ў БССР уведзена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне: акруга – раён – сельскі Савет.

15 студзеня 1938 года Вярхоўны Савет ССР прыняў Пастанову “Об изменении и дополнении статей Конституции СССР “О введении в БССР областного административного деления”, згодна з якой замест дзесяці акруг утворана 5 абласцей: Мінская, Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Палеская (з цэнтрам у г. Мозыры).

У сакавіку 1921 года згодна з Рыжскім мірным дагаворам паміж РСФСР і Рэспублікай Польшча да Польшчы адышла частка тэрыторыі сучаснай Беларусі. На гэтых землях былі ўтвораны 4 ваяводствы: Беластоцкае, Віленскае (узнікла ў снежні 1925 года), Навагрудскае (складалася з 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі, Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі), Палескае. Ваяводствы падзяляліся на паветы і гміны. У складзе Віленскага ваяводства знаходзіліся Вілейскі (узнік у чэрвені 1922 года) і Маладзечанскі (узнік у красавіку 1927 года) паветы.

Валожынскі павет існаваў у 1921-1940 гадах на тэрыторыі Польшчы і Беларусі. Утвораны 4 лютага 1921 года паводле Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Польшча ў складзе Навагрудскага ваяводства. Яго агульная плошча складала 3545 км кв. Насельніцтва – 98511 чалавек (1919 год). Цэнтр павета – мястэчка Валожын. У яго склад уваходзілі 11 гмін (па стану на 1921 год): Бакштаўская, Валожынская, Вішнеўская, Дзераўнянская (з 1926 года ў складзе Стаўбцоўскага павета), Іўеўская (з 1926 года ў Лідскім павеце), Ліпнішская (з 1926 года ў Лідскім павеце), Налібоцкая, Палачанская (з 1926 года ў Маладзечанскім павеце), Седлішчанская (з 1926 года ў Лідскім павеце), Селішчанская, Суботніцкая (з 1926 года ў Лідскім павеце).

У 1926 годзе ў Рэспубліцы Польшча праведзена адміністрацыйная рэформа. Яна датычылася і Валожынскага павета. З гэтага года ў склад Валожынскага павета былі ўключаны наступныя гміны: Волменская, Івянецкая, Пяршайская, якія да 1926 года ўваходзілі ў склад Стаўбцоўскага павета.

З 2 лістапада 1939 года Валожынскі павет уключаны ў склад БССР. З 2 снежня 1939 года – павет у складзе Баранавіцкай вобласці, якая была падзелена на 26 раёнаў. З тэрыторыі тагачаснага Валожынскага павета былі ўтвораны Валожынскі, Івянецкі, Іўеўскі, Юрацішкаўскі раёны. Гэтыя раёны складаліся як з населеных пунктаў Валожынскага, так і іншых паветаў.

15 студзеня 1940 года Валожынскі павет скасаваны, замест яго ўтвораны Валожынскі раён у складзе Баранавіцкай вобласці. 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Валожынскага раёна ўтвораны 21 сельскі Савет: Адамоўскі, Брыльскі, Бурмацкі, Войштавіцкі, Вішнеўскі, Гародзькаўскі, Даўбенскі, Дорскі, Забрэжскі, Ігнатаўскі, Ластаянцаўскі, Лоскаўскі, Ляшчоўскі, Мінцеўскі, Пяршайскі, Румскі, Сакаўшчынскі, Стайкаўскі, Сугваздаўскі, Узбалацкі, Філіпіняцкі.

З 20 верасня 1944 года пасля скасавання Вілейскай вобласці Валожынскі раён пераведзены з Баранавіцкай у склад Маладзечанскай вобласці.

На тэрыторыі сучаснага Валожынскага раёна з 1940 па 1962 год існаваў Івянецкі раён. Ён таксама быў у складзе Баранавіцкай вобласці і падзяляўся на 15 сельскіх Саветаў: Волменскі, Дзераўноўскі, Казарэзскі, Каменскі, Ліцвянскі, Налібоцкі, Новікаўскі, Падневіцкі, Рубяжэвіцкі, Руднянскі, Сівіцкі, Старынкаўскі, Таўкачоўшчынскі, Хатаўскі, Церабейнаўскі. Пасля ўтварэння Маладзечанскай вобласці і пераходу Валожынскага раёна ў яе склад Івянецкі раён застаўся ў складзе Баранавіцкай вобласці. Пасля ліквідацыі Баранавіцкай вобласці 8 студзеня 1954 года Івянецкі раён перайшоў у Маладзечанскую вобласць. 20 студзеня 1960 года Маладзечанская вобласць скасавана, Валожынскі і Івянецкі раёны перайшлі ў склад Мінскай вобласці.

17 красавіка 1962 года Івянецкі раён ліквідаваны. Гарадскі пасёлак  Івянец, Зарачанскі, Пральніцкі, частка Волменскага сельсаветаў перададзены Валожынскаму раёну. Ліцвянскі, Прудскі, Рубяжэвіцкі, Хатаўскі, частка Волменскага сельскага Савета перададзены Стаўбцоўскаму раёну.

На тэрыторыі сучаснага Валожынскага раёна ў 1940-1960 гады існаваў з 15 студзеня 1940 года Радашковіцкі раён у складзе Вілейскай вобласці. З верасня 1944 года гэты раён – у складзе Маладзечанскай вобласці. 12 кастрычніка 1940 года Радашковіцкі раён быў падзелены на 16 сельскіх Саветаў: Бароцкі, Белеўскі, Валодзькаўскі, Выганіцкі, Гарадоцкі, Гіравіцкі, Рганіцкі, Дуброўскі, Есьманаўскі, Залескі, Пранчэйкаўскі, Пятроўшчынскі, Сычавіцкі, Уланаўшчынскі, Ушацкі, Ярашэвіцкі.

У склад раёна асобнымі адміністрацыйнымі адзінкамі ўваходзілі г. п. Краснае і м. Ракаў. Мястэчка Ракаў уваходзіла ў склад Выганіцкага сельскага Савета.

16 ліпеня 1954 года створаны Багданаўскі сельскі Савет. Адначасова ліквідаваны Адамоўскі, Бурмацкі, Войштавіцкі, Ігнатаўскі, Лоскаўскі, Ляшчоўскі, Мінцеўскі, Філіпіняцкі сельскія Саветы. Румскі сельскі Савет перайменаваны ў Белакорацкі.

Уладзімір ПУЧКОЎ,

навуковы супрацоўнік

раённага краязнаўчага музея

(Працяг будзе.)



Добавить комментарий