ПАД ЗНАКАМ ЮБIЛЕЮ РАЁНА

Общество

Наша малая Радзіма – Валожынскі раён – святкуе сваё 75-годдзе! У баку ад гэтай знамянальнай даты не засталіся і бібліятэкі Валожынскай ЦБС.

    “Валожыншчына: учора, сёння, заўтра” – круглы стол пад такой назвай прайшоў у Валожынскай раённай бібліятэцы. Пачалося мерапрыемства з гімна Валожынскай зямлі, словы якога напісаны жыхаром Валожына, былым старшынёй раённага Савета дэпутатаў Сяргеем Маляўскім.

    Вядучыя мерапрыемства бібліятэкар аддзела абслугоўвання чытачоў і інфармацыі ЦРБ Марына Тур, загадчыца аддзела Алена Сугака гаварылі аб тым, што валожынцам ёсць чым ганарыцца: самабытнымі традыцыямі, культурай, гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі, сваёй гісторыяй і сваімі людзьмі.

    Першай прадаставілі слова дырэктару раённага краязнаўчага музея Наталлі Лоўчай, якая прадэманстравала для прысутных мультымедыйную прэзентацыю “Зямля бацькоў – жыцця крыніца”. На мерапрыемства былі запрошаны людзі, якім неабыякавы лёс раёна, якія шмат гадоў працавалі на вельмі адказных пасадах: Анатоль Кулак – былы намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Леў Бяляўскі – былы загадчык аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама, Уладзімір Клішэвіч – былы кіраўнік спраў райвыканкама. Яны падзяліліся з прысутнымі сваімі ўспамінамі пра этапы развіцця нашага раёна, прывялі шмат цікавых фактаў. Актыўны ўдзел у размове прынялі ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былы намеснік рэдактара раённай газеты “Працоўная слава” Самуіл Штэйнер і Ірына Каваленка, якая шмат гадоў з’яўляецца першым сакратаром раённай партыйнай арганізацыі КПБ і ніколі не заставалася ўбаку ад важных падзей, якія адбываліся ў раёне.

    Прысутнічалі на сустрэчы і майстры мастацкага слова, тыя, хто ўпісаў у гісторыю раёна свае творчыя дасягненні – члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч і Марыя Шакун. Яны прачыталі для прысутных некаторыя са сваіх вершаў, прысвечаных роднай старонцы. Віншаванні з нагоды юбілею раёна перадаў член Саюза пісьменнікаў, жыхар райцэнтра Міхась Курыла. Аб тым, чым жыве наш раён сёння, якія ў яго перспектывы, расказалі Сяргей Глінскі – старшыня раённага Савета дэпутатаў і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Адамовіч. Мерапрыемства прайшло ў цёплай, сардэчнай атмасферы. Не выпадкова было вырашана праводзіць такія сустрэчы часцей. Напрыканцы для ўсіх прысутных прагучала песня ў выкананні саліста РЦК Аляксандра Шаўчэнкі.

Мерапрыемствы з нагоды

юбIлею нашага раёна

прайшлI ва ўсIх Установах бIблIятэЧНАЙ сIстэмы

     У Гародзькаўскай сельскай бібліятэцы райшла сустрэча “Старонкі гісторыі нашай”. Бібліятэкар М. Ф. Сярэдзіч расказала прысутным пра наш раён, пра многія населеныя пункты, якія маюць багатую гісторыю: Багданава, Вішнева, Лоск, Малая Люцінка, Ракаў і інш., пра знакамітых людзей, лёс якіх звязаны з Валожыншчынай, пра тое, што на тэрыторыі раёна знаходзяцца 153 помнікі гісторыі і культуры. Напрыканцы мерапрыемства прайшла віктарына “Што я ведаю пра сваю Валожыншчыну?”. Прысутныя на сустрэчы вучні паказалі добрыя веды, бо гэта зямля іх продкаў, месца, дзе яны нарадзіліся.

    У Вішнеўскай сельскай бібліятэцы на працягу ўсяго святочнага дня, 15 студзеня, бібліятэкар А. Г. Жвірко прапаноўвала літаратуру пра мінулае і сучаснае раёна, творы вядомай беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, дзіцячай пісьменніцы Уладзіславы Станкевіч, бессмяротныя паэмы Пятро Біталя – імёны якіх назаўсёды звязаны з Вішневам.

    Л. В. Садоўская – бібліятэкар Адамоўскай сельскай бібліятэкі-клуба запрасіла чытачоў на завочнае падарожжа “Зямлі маёй куточак дарагі”, на якім вялася гутарка пра гісторыю, знакамітых людзей нашага краю, вядомую збіральніцу фальклору Фаіну Іосіфаўну Драгун, а ў этнаграфічным пакоі-музеі “Адамоўская святліца” была разгорнута выстава.

    Бібліятэкар Сівіцкай сельскай бібліятэкі Ж. Я. Мойса разам з загадчыцай Сівіцкага Дома культуры наведалі на даму былых працаўнікоў гаспадаркі – віншавалі, спявалі, гутарылі. Дзень краязнаўчых ведаў “Культурная спадчына Валожыншчыны” прайшоў у Ракаўскай сельскай бібліятэцы, гульня-падарожжа “Геральдыка Валожынскага раёна” – у Забрэзскай сельскай бібліятэцы-клубе.

Настасся ПАХОЛКА,

метадыст АБМ Валожынскай ЦРБ



Добавить комментарий