ПРЫЁМНАЕ БАЦЬКОЎСТВА

Общество

У наш час такія формы выхавання дзяцей, якія засталіся без бацькоў, як апека і прыёмная сям’я, з’яўляюцца найбольш распаўсюджанымі. Калі апекунамі становяцца, як правіла, блізкія сваякі, то прыёмнымі бацькамі могуць быць толькі людзі, якія не з’яўляюцца блізкімі (бабулі, дзядулі, браты, сёстры не могуць стаць прыёмнымі бацькамі).

     У нашым раёне на сённяшні дзень у 12 прыёмных сем’ях выхоўваюцца 23 дзіцяці і ў дзіцячым доме сямейнага тыпу –  8 дзяцей.

    Прыёмныя бацькі – гэта не проста людзі, якія ўзяліся выхоўваць дзіця, а прафесія. І, як любая прафесія, яна прадугледжвае заключэнне працоўнага дагавору, выкананне вызначанай работы (у нашым выпадку – гэта выхаванне дзіцяці), заработную плату, штогадовы адпачынак. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Валожынскага РВК наймае Вас на працу па выхаванні дзяцей. На ўтрыманне выхаванцаў выплачваюцца штомесячныя грашовыя сродкі. На перыяд адпачынку прыёмных бацькоў дзіцяці прадастаўляецца месца ў аздараўленчым лагеры.

    На базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў горадзе Валожыне функцыянуе клуб «Надзея», у які запрашаюцца ўсе прыёмныя бацькі і апекуны. Тут яны абмяркоўваюць надзённыя пытанні, праблемы, цяжкасці, дзеляцца вопытам выхавання прыёмных дзяцей. Ніхто не адчувае сябе пакінутым у выкананні самай галоўнай справы для чалавека – выхаванні дзяцей. Мы вельмі спадзяёмся, што хтосьці задумаецца пра прыёмнае бацькоўства і рашыцца на гэты высакародны грамадзянскі крок. Бо сэнс нашага жыцця – у дзецях!

    Кандыдатаў у прыёмныя бацькі і ўсынавіцелі за дадатковай інфармацыяй просім звяртацца па адрасе: г. Валожын, вул. Партызанская, д. 15, орган апекі і папячыцельства: тэл. 58825 ці ў сацыяльна-педагагічны цэнтр: тэл. 58323.

Ірына Шакун,

педагог-псіхолаг ДУА

 «Валожынскі раённы СПЦ»



Добавить комментарий