ДЗЯЦЕЙ, ЯК ТЫХ СНАПКОЎ НА ТОКУ…

Молодежный курьер

  Наталля Жаўрыд, даярка малочнатаварнай фермы “Нарэйшы” ААТ “Агра-Дубінское”, калі нарадзіла чацвёртае дзіця, у дэкрэтным водпуску амаль што і не была – выйшла на працу па просьбе кіраўніка гаспадаркі Г. В. Каспяровіча. Не магла адмовіць, бо ведала, што рабочых рук не хапае. Дапамагчы гадаваць  шасцімесячнага Кірыла пагадзілася маці Наталлі, якая пераехала жыць да дачкі з Любанскага раёна.

    Нарэйшы ўсяго ў пары кіламетраў ад Брылькоў, дзе жыве немаленькая сям’я Наталлі. Але паспрабуй кожны дзень паспець на ранішнюю дойку, сабраць у школу траіх дзяцей, выправіць на работу мужа. Іншы раз за дзень і пяці хвілін не набярэцца, каб, як кажуць, хоць дух перавесці. Яе равесніцы, а Наталлі ледзь за трыццаць, яшчэ і сем’ямі не ўсе абзавяліся. Жывуць, у параўнанні з ёй, амаль бестурботна. Толькі шматдзетная маці ім не зайздросціць, бо сваё нялёгкае шчасце яна не прамяняе ні на якія жыццёвыя выгоды.

    Нехта, праўда, і ёй можа пазайздросціць: часам дзяўчаты ў векавухах застаюцца, а Наталля нядрэнна выйшла замуж, ужо маючы траіх дзяцей. З першым мужам развялася з-за яго пастаянных сутычак з законам. Спачатку думала, што пасля першай “адседкі” ён адумаецца, але звярнуць з крымінальнай сцежкі таму аказалася няпроста. 

    Наталля і на Валожыншыне аказалася па прычыне, што паехала за мужам, які тут адбываў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. Уладкавалася на работу, думала, што хоць дзеці нейкім чынам прымусяць бацьку ўзяцца за розум. Усе намаганні аказаліся дарэмнымі. Не сказаць, каб муж не любіў сваіх дзяцей. Ён мог падурэць з імі, пагаварыць, а вось клапаціцца пра іх не ўмеў ці не жадаў. Ангеліна, Вікторыя і Максім часам прыпамінаюць тату, але ўсё радзей. Бо ў іх цяпер ёсць хай і не родны, але сапраўдны бацька, які не дасць у крыўду, які думае пра іх будучыню. А калі з’явіўся брацік Кірыл, то з’яднаў усіх яшчэ больш. Сінявокі хлопчык, самы малодшы член сям’і, стаў агульным любімцам, насуперак свайму прозвішчу Нелюб.

    Старэйшыя дзеці Наталлі вучацца ў шостым, чацвёртым і другім класах. Пакуль невялікія, але вырастуць – не паспееш азірнуцца. Таму разам з мужам Станіславам Нелюбам, які працуе трактарыстам у лясгасе, рашылі набыць яшчэ адзін дом. У райцэнтры адшукалі нядрэнны варыянт. Зараз рамантуюць будынак пад свой густ. На першы час можна будзе кватарантаў пусціць – лішняя капейка не зашкодзіць, а там, глядзіш, і дочкі занявесцяцца…

    Штораніцы, папарадкаваўшы дзяцей, спяшаецца Наталля на ферму, дзе абслугоўвае групу з 48-і галоў. Дойка – трохразовая, ручной працы хапае, бо тут пакуль што не комплекс, з яго камп’ютарам, робатамі і іншым сучасным абсталяваннем. Але час не стаіць на месцы. Наталля верыць, што добрыя змены абавязкова будуць. А яшчэ гэта маладая жанчына пераканана: калі ўжо лёсам наканавана перажыць нейкія цяжкасці, то лепш з імі справіцца напачатку. А потым, загартаваўшыся, можна нічога не баяцца.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий