26-ы год Андрэй Канстанцінавіч БАНДАРЫК працуе за такарным станком рамонтных майстэрняў ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”

Общество

bandarikНа новым такарным станку “Optimum” нямецкай вытворчасці Андрэй Канстанцінавіч выточвае дэталі для сельскагаспадарчай тэхнікі, выконваючы заказы аграрыяў раёна. Прывязуць зламаную дэталь – токар зробіць такую ж якасную новую з грубай металічнай “балванкі”: выконвае разьбу, праточку, зенкераванне, каліброўку і іншыя аперацыі.

    Калегі з павагай называюць яго незаменным чалавекам. Спецыяліст вельмі адказны, акуратны і ўважлівы ў працы. Калі трэба і ў слясарных работах падможа, дзе ён таксама добры майстар.

    На прадпрыемстве “Валожынская райаграпрамтэхніка” працуе і жонка А. К. Бандарыка. Алена – ліцейшчыца ў цэху пластмасавых вырабаў. Працаваў тут электрагазазваршчыкам і сын Дзмітрый, які цяпер служыць у войску. І другі сын Яўгеній абраў тэхнічную спецыяльнасць – ён рабочы Мінскага трактарнага завода. Яўгеній таксама хутка пойдзе ў салдаты, атрымае мужчынскую загартоўку, як і бацька калісьці, які служыў у ВПС у Санкт-Пецярбургу. Працавіты і адказны бацька – ва ўсім прыклад для сыноў.

    …У райаграпрамтэхніку А. К. Бандарык прыйшоў бязвусым хлапчуком, скончыўшы 8 класаў СШ № 2 горада Валожына. Пад апеку ўчарашняга школьніка ўзяў вопытны майстар Віктар Пятровіч. Дапытлівы і кемлівы вучань на хаду схопліваў усе прамудрасці такарнай справы, хоць і лічыцца, што токар – даволі ўнікальная спецыяльнасць, асвоіць якую не кожнаму пад сілу. Трэба мець востры зрок і валодаць хуткай рэакцыяй. І без фізічнай вынослівасці ніяк. Бо стаяць на нагах за станком даводзіцца 8 гадзін у дзень. Ды і на выхадныя выпадаюць дзяжурствы.

    За тры месяцы практыкант авалодаў асновамі тэхналогіі апрацоўкі дэталяў і пачаў выконваць першыя заказы.

    З гадамі ўзровень прафесіяналізму расце, а з ім і такарны разрад. Ён у А. К. Бандарыка – 4-ы. Але сваю кваліфікацыю майстар лёгка можа павялічыць да 5-га і максімальнага 6-га разраду, падаўшы неабходныя дакументы і прайшоўшы экзаменоўку перад спецыяльнай камісіяй.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий