Яе кулінарнае майстэрства

Общество

Повар А. Л. БАСЬКО гатуе апетытныя стравы для 119 маленькіх наведвальнікаў дзіцячага садка № 6 “Вясёлы вулей” горада Валожына.

Каб стаць добрым поварам, мець спецыяльную адукацыю пажадана, але неабавязкова. Гэта даказвае прыклад Аксаны Леанідаўны. Павагу калег і добрыя словы ў свой адрас яна заслужыла, дзякуючы сваёй стараннасці, увішнасці і акуратнасці. Але самы вялікі камплімент для повара – пустыя талеркі з-пад ежы пераборлівых маленькіх гурманаў.

На кухні дашкольнай установы Аксана Леанідаўна шосты год. Працуе пазменна: з 6 гадзін раніцы да 14 гадзін дня, альбо з 10 раніцы да 18 вечара. У меню – дзясяткі складаных і простых, але нязменна карысных страў.
Першапачатковая ж прафесія А. Л. Басько далёкая ад кулінарнага майстэрства, як “А” ад “Я”. Адзінае, што іх аб’ядноўвае, – элемент творчасці.
Па спецыяльнасці Аксана Леанідаўна – закройшчык-мадэльер-прадпрымальнік. Скончыла Гродзенскі прафесійна-тэхнічны каледж. Але, на жаль, у поўнай меры прымяніць свае веды так і не змагла. У Іўеўскім камбінаце бытавога абслугоўвання працавала нядоўгі час: там больш даводзілася займацца гандлёвымі справамі. Рукі ж хацелі шыць…
Затым стала поварам на адным з вытворчых лесаўчасткаў, дзе спрактыкавалася смачна гатаваць ежу для вялікай колькасці людзей. Калі муж знайшоў працу ў Валожыне, сям’я Басько разам з двума дзецьмі пераехала сюды жыць з роднай Іўеўшчыны.
На жаль, хобі рэдка становіцца прафесіяй. Аднак, калі ў справу, якой прыходзіцца займацца на дадзены момант, укладаць усю сваю душу, то шчасце абавязкова знойдзе вас.
Тэкст Алены ПАШКЕВІЧ,
фота аўтара



Добавить комментарий