Свой край вывучай

Культура

Фундатарам Валожынскага касцёла ў 1661 годзе быў Юзаф Багуслаў Служка, тады яшчэ маршалак над-ворны літоўскі, а потым ужо кашталян віленскі і гетман польны літоўскі. Памёр ён у 1702 годзе.
Спачатку касцёл і кляштар на сямнаццаць манахаў былі з дрэва. У перспектыве падумвалі пра больш адпаведную пабудову. Пажар у 1815 годзе паскорыў старанні, бо знішчыў стары драўляны касцёл, спаліў большую частку манастыра, яго архіў, бібліятэку і прымусіў бернардынаў звярнуцца за дапамогай да хрысціянскіх душ.
Такі зварот ніколі не быў безвыніковы і бясплённы, асабліва калі на чале дабрачынцаў стаў заможны і набожны дом Тышкевічаў.

За дзевяць гадоў касцёл быў змураваны з каменя ў класічным стылі і забяспечаны рыштункам, назбіраным з розных бернардынскіх касцёлаў. На сродкі нейкага Радынскага ў ліцейшчыка Готліба Феера Абэнда ў Вільні былі куплены два званы, адзін дзесяці-, а другі трохпудовы. Унутры касцёл прыўкрасна аздоблены. Бачна заможная рука і клапатлівая ахвота фундатара, бачна любасць да гэтай святыні і стараннасць капланаў.

У Валожынскім касцёле вялікі і чатыры іншыя алтары, упрыгожаныя разьбой і ляпнымі аздобамі Пульмана. Абразы пэндзля Вайтовіча. Гэты мастак быў вучнем Рустэма, памёр у Валожыне ў мастакоўскай беднасці. Найлепшы з абразоў гэтага мастака – абраз св. Банавентуры ў кардынальскім адзенні, абкружанага ксяндзамі. Яшчэ ў касцёле знаходзіліся яго абразы св. Юзэфа і св. Ганны.

Адзін з прыхільнікаў творчасці гэтага мастака пісаў: ”Я набыў у Валожыне ў жыда п. Рабіновіча дзве нядрэнныя гістарычныя карціны яго здольнай рукі. Адна ўяўляе сцэну Хшаноўскай у Трэмбоўлі, другая – сейм пры Жыгімонце III, сцэну Жыгімонта з Замойскім (“Каролю, не рвіся да зброі”). У абедзвюх кампазіцыя жывая, выкананне паспешлівае, малюнак часам няўдалы ці непапраўлены. Бедны мастак пакінуў свае карціны і не выкупіў”.

Хоры ў Валожынскім касцёле па-за вялікім алтаром, драўляныя, пафарбаваныя ў цёмнае, накладваюць сур’ёзны адбітак на ўвесь касцёл. Ёсць добры, на 27 галасоў, арган. Пад хорамі знаходзіцца скляпенне, а ў ім труны фундатараў і алтар, на якім у пэўныя дні адбываецца імша.

Што да будынка манастыра, то ён быў невялікі, тут мясціліся келлі для двух дзясяткаў манахаў. У Валожыне не раз праводзілася манаская капітула (апошняя – у 1842 г.). Тут скончылі сваё жыццё два вялікія старцы: Стэфан Ялавецкі, экс-правінцыял, і Герард Батранец, юбіляр. Абодва былі пахаваны ў фундатарскім склепе пад касцёлам.

Знакамітай аздобай з’яўляецца ўмураванае ў сцяну надмагілле фундатара гэтай прыгожай святыні Юзафа Ігната Тышкевіча. Анёлак трымае мармуровую табліцу, у версе якой спачывае ўзброены чалавек, абкружаны арматурай, а ніжэй залатымі літарамі высечаны надпіс: “Дом Ясна Вяльможнага Юзафа Ігната Графа на Лагойску і Бярдычаве Дзедзіча на Біржах, Дубінках, Валожыне… Тышкевіча, Старасты Вілятынскага, Палкоўніка Нацыянальнай Кавалерыі, кавалера Ордэнаў Белага Арла і Святога Станіслава, Сіндыка Апостальскага Высокашаноўных ксяндзоў бернардынаў Мінскага Канвента”…



Добавить комментарий