Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Официально

У нашым рэдакцыйным архіве ёсць нямала фотаздымкаў з урачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных знамянальным датам, сустрэчам кіраўніцтва раёна з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Людзі таго легендарнага пакалення – яркі летапіс гераізму, прыклад адданасці любімай Айчыне.

На перадзе нас чакае ўсенароднае свята – слаўны юбілей ВЯЛІКАЙ  ПЕРАМОГІ. Гэта падзея будзе шырока адзначацца і ў краінах, якія ўнеслі неацэнны ўклад у разгром фашызму, якія адстаялі мір на зямлі бязмерна вялікай цаной…

У раёне праводзіцца мэтанакіраваная работа па падтрымцы і павышэнні якасці жыцця ветэранаў, пажылых людзей, асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў.

На Валожыншчыне жывуць 48 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны (з іх 10 інвалідаў і 30 удзельнікаў), 74 былыя вязні фашызму. І ў мінулыя гады, і сёлета ім з боку ўлады аказваецца садзейнічанне са сродкаў мясцовага бюджэту і сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў добраўпарадкаванні жылля, рамонце пячнога ацяплення, электраправодкі і іншых бытавых праблемах.

 

На здымку: старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч у час сустрэчы з ветэранамі вайны. Фота з архіва рэдакцыі.

Фота Сяргея БОБРЫКА

 

Сёлетні год удвая юбілейны не толькі для нашага калегі, С. І. Штэйнера, але і для ветэранаў вайны, якім таксама неўзабаве споўніцца 90 гадоў: Уладзіміра Антонавіча Шаблыкі з Валожына і Івана Рыгоравіча Мацыгуда з Івянца (14 лютага); Аляксея Іванавіча Санталава з райцэнтра (17 сакавіка); Івана Васільевіча Фурса з вёскі Нелюбы (5 мая); Аляксандра Іосіфавіча Саевіча з Цімкавічаў (1 ліпеня). Зычым ім усім бадзёрасці духу, моцнага здароўя і жыццёвага аптымізму!

Сёння слаўны юбілей адзначае ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ветэран журналісцкай справы С. І. ШТЭЙНЕР з Валожына: на жыццёвым календары перагорнуты 90-ы лісток!

Для цяперашняга пакалення Самуіл Ісакавіч без перабольшвання з’яўляецца прыкладам вялікай любові да Радзімы, веры і служэння народу, разам з якім усё вытрымаў і перамог; адданасці выбранай справе і прафесіі, якая, па волі лёсу, стала сэнсам усяго жыцця – больш за тры дзясяткі гадоў ён адпрацаваў у раёнцы. Журналісцкімі сцежкамі пайшлі і нашчадкі. Сёння Самуіл Ісакавіч па праву можа ганарыцца сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі: кожны з іх паважаны чалавек, і свайго бацьку, дзядулю і прадзядулю яны толькі цешаць і радуюць. Сам імяніннік, нягледзячы на паважаны ўзрост, жыве паўнацэнна і актыўна. Самуіл Ісакавіч прымае ўдзел у раённых мерапрыемствах, навучае маладое пакаленне патрыятызму і любові да роднага краю. З кожным чалавекам, нягледзячы ні на ўзрост, ні на пасады, яму ёсць аб чым пагаварыць, бо С. І. Штэйнер усім цікавіцца, шмат чытае. У яго можна павучыцца жыццёвай мудрасці, прынцыповасці, разважлівасці і вялікай прагі да жыцця.

 



Добавить комментарий