Урок даў прафесар

Люди и судьбы

У рамках рэалізацыі праекта “Знакамітыя выпускнікі” ў СШ № 1 г. Валожына была арганізавана сустрэча вучняў старшых класаў з выпускніком 1964 года, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі Навук, прафесарам, загадчыкам кафедры функцыянальнага аналізу Белдзяржуніверсітэта, віцэ-прэзідэнтам беларускага матэмачычнага таварыства, лаўрэатам прэміі камсамола Беларусі і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Якавам Валянцінавічам РАДЫНАМ.

За кароткі час, які правёў у сценах школы, ён паспеў вельмі многа расказаць пра сябе, пра сваю работу, з радасцю прыгадаў школьныя гады, сяброў, настаўнікаў.

З асаблівай цеплынёй успамінаў прафесар пра сваю настаўніцу матэматыкі Ефрасінню Афанасьеўну Радзюк. “Гэта быў педагог ад Бога…” Дзякуючы ёй, Якаў Валянцінавіч пазнаёміўся з многімі кнігамі па матэматыцы. Яна дала будучаму загадчыку кафедры кнігу “Задачы павышанай цяжкасці” К. У. Шахно. Я. В. Радына сказаў, што нічога больш цікавага ў жыцці не чытаў.

У алімпіядах ён удзельнічаў адразу па трох прадметах – фізіцы, хіміі і матэматыцы. Звычайна яны праходзілі ў адзін дзень. Але Якаў Валянцінавіч паспяваў усюды, спачатку ішоў на хімію, затым – на фізіку, калі заставалася адна гадзіна да заканчэння — на сваю любімую матэматыку, усё рашаў і займаў першае месца.

Фізіку ў той час у школе выкладала маладая настаўніца Ніна Міхайлаўна Стручынская. Вучням яна многа расказвала пра свайго класнага кіраўніка Мікалая Іванавіча Брыша. Лёс распарадзіўся так, што менавіта гэты чалавек стаў для Якава Валянцінавіча галоўным настаўнікам у прафесіі. Нахлынулі ўспаміны пра студэнцкія гады, як паступаў, здаваў экзамены і як, дзякуючы таму самаму Брышу, прымаў першыя ў сваім жыцці экзамены.

Слухаючы Якава Валянцінавіча Радыну, мы зразумелі, што неад’емнай часткай яго жыцця з’яўляецца ўніверсітэт, у які ён прыйшоў у далёкім 1964 годдзе студэнтам і застаецца да сягонняшняга дня. Прайшло паўвека… За гэты час ён паспеў многа зрабіць для навукі, выдаў першы ў свеце задачнік па функцыянальным аналізе. У 2010 годзе прафесар узнагароджаны Прэзідэнтам краіны А. Р. Лукашэнкам медалём “За працоўныя заслугі”.

Дзве гадзіны старшакласнікі з цікавасцю слухалі Якава Валянцінавіча. Час ішоў непрыкметна. Нельга было не заўважыць , што яскравы талент гэтага чалавека праяўляецца не толькі ў працы, але і ў паўсядзённым жыцці. Яму ўласцівыя цудоўнае пачуццё гумару, невычэрпнае жыццялюбства і аптымізм.

Пасля сустрэчы з Я. В. Радынам сённяшнія выпускнікі задумаліся, ці не прадоўжыць сваё навучанне ў БДУ. Толькі па-сапраўднаму ўлюбёны ў сваю справу чалавек можа захапіць гэтым іншых. Якаву Валянцінавічу гэта ўдалося!

Настасся РАГЕЛЬ,

вучаніца 11 класа СШ № 1



Добавить комментарий