Нашы задумы i клопаты…

Культура

Было што абмеркаваць, пра што пагаварыць-паразважаць удзельнікам народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” на сваім чарговым пасяджэнні, якое праходзіла ў апошні снежаньскі дзень.

Юбілейны канцэрт (да 20-годдзя стварэння аб’яднання пры РЦК), выступленне перад вайскоўцамі напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны, удзел у абласным конкурсе “Строфой и тактом” і раённым “Вы ў памяці нашай удзячнай”, выпуск калектыўнага зборніка “Помнім і жывём”, прысвечанага 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 75-годдзю Валожынскага раёна і 615-годдзю г. Валожына – такія пытанні былі прапанаваны для абмеркавання. Улічаны думкі і прапановы кожнага рунеўца, што дасць магчымасць правесці намечаныя мерапрыемствы больш цікава і змястоўна.

Найбольшы клопат выклікала выданне зборніка, аўтарамі якога з’ўляюцца 35 удзельнікаў аб’яднання. Перакананы, кніга будзе добрым падарункам як валожынцам, так і гасцям нашага горада і раёна. І хацелася б, каб выданне было прыгожым і якасным. Але ж на гэта патрэбны немалыя фінансавыя затраты. І добра было б, каб прадпрыемствы і арганізацыі раёна зрабілі свой пасільны ўклад у такую важную справу. А ў зборніку будзе выказана шчырая падзяка ўсім, хто меў дачыненне да яго фінансавання. Так што вы, шаноўныя, атрымаеце і добры падарунак, і своеасаблівую рэкламу свайго калектыву. Упэўнены, што сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, прадпрымальнікаў, фермераў нямала такіх, хто падтрымлівае сучасных літаратараў Валожыншчыны, якія сваімі творамі складаюць славу роднаму краю.

Валянціна РУСАКЕВІЧ,

кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага Цэнтра культуры.



Добавить комментарий