Агляд падзей у раённай газеце за люты 1970 года

Культура

ЗВЫШПЛАНАВАЯ ПРАДУКЦЫЯ

На Івянецкім кансервавым заводзе план па асартыменту перавыкананы. Які паказчык ні вазьмі (па кансервах, безалкагольных напітках ці кандытарскіх вырабах), па кожнаму значнае перавышэнне.

Калі ж казаць аб укладзе асобных работнікаў, то ў першую чаргу варта назваць паважаных у калектыве слесара-наладчыка Сцяпана Станіслававіча Складоўскага, шафёра Антона Іванавіча Вараксу, варшчыцу карамелі Ядвігу Канстанцінаўну Анісовіч, рабочую кансервавага цэха Леакадзію Аляксандраўну Юхневіч, брыгадзіра змены Яніну Сігізмундаўну Аляшэвіч і іншых, хто ў годзе ленінскай ударнай работы з вялікім стараннем клапоціцца пра агульны поспех.

САМЫ ТРАПНЫ СТРАЛОК

Вялікую ролю ў справе падрыхтоўкі юнакоў да службы ў радах Савецкай Арміі, іх фізічнай загартоўкі адыгрывае ваенна-тэхнічны спорт.

З усяго раёна ў Валожын з’ехалася моладзь прызыўнога і дапрызыўнога ўзростаў на спаборніцтвы па стральбе з малакалібернай вінтоўкі. У выніку барацьбы, якая разгарнулася ў адкрытым стралковым ціры, перамагла каманда Залескага сельсавета. Не на многа адсталі ад яе і будучыя воіны з Белакорца – у іх другое месца. Трэцяй стала каманда юнакоў з Івянца.

Самым трапным стралком аказаўся П. Высоцкі з Вішнеўскага сельсавета. Ён заняў першае асабістае месца ў спаборніцтве, выбіўшы 47 ачкоў з пяцідзесяці. Удача напаткала і А. Зялкоўскага з Белакорацкага і Н. Гуда з Падневіцкага сельсаветаў. Яны занялі адпаведна другое і трэцяе месцы. Пераможцам уручылі кубак, дыпломы і граматы РК ДТСААФ.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

У механізаваным звяне па вырошчванні бульбы, якое ўзначальвае Пётр Іванавіч Нарушэвіч з саўгаса “Ракаўскі”, атрыманы самы высокі ў раёне ўраджай. Летась кожны з 35 гектараў даў па 227 цэнт. клубняў.

Выдатна працавалі летась на ўборцы ўраджаю камсамольцы Павел Галабурда і Пётр Малютка з саўгаса імя Маякоўскага. Іх экіпаж прызнаны лепшым маладзёжным экіпажам раёна, узнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага абкама ЛКСМБ. Цяпер Пётр Малютка заняты на нарыхтоўцы арганічных угнаенняў пад ураджай сёлетняга года, а Павел вучыцца на курсах механізатараў.

Трыста тысяч чалавек наведалі з дня адкрыцця музей Ф. Э. Дзяржынскага ў Івянцы. Супрацоўнікі музея арганізавалі перасоўныя экспазіцыі, якія расказваюць аб сумеснай дзейнасці Леніна і Дзяржынскага. З матэрыяламі знаёмяцца многія калгаснікі, вучні школ.

Сельскія і вулічныя камітэты прымаюць актыўны ўдзел у разгортванні сацыялістычнага спаборніцтва ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна. Па іх ініцыятыве і падтрымцы летась было пасаджана 22900 дэкаратыўных і пладовых дрэў, 20000 кустоў. Закладзена пяць паркаў і сквераў. У населеных пунктах зроблена больш за 180 калодзежаў, адрамантавана 2384 пагонныя метры платоў, зроблена новых 25929 пагонных метраў.

У Валожынскай сярэдняй школе № 1 у пасляваенны час атрымала адукацыю амаль тысяча чалавек. Сярод іх два кандыдаты навук: А. І. Яблонскі і В. П. Ляхновіч. Тры былыя выпускнікі – І. Г. Макоўскі, І. Д. Сімановіч, А. А. Ганько – цяпер падпалкоўнікі Савецкай Арміі.

 

КАБ СУВЯЗЬ БЫЛА БЕЗДАКОРНАЙ

 Для работнікаў раённага вузла сувязі мінулы год быў плённым і шчодрым на здабыткі.

Асабліва добрых вынікаў дасягнулі калектывы Івянецкага, Адамоўскага і Пяршайскага аддзяленняў, якія ўзначальваюць вопытныя сувязісты В. К. Буснюк, Л. А. Стагначова, С. В. Тамашэўская.

У індывідуальным сацыялістычным спаборніцтве пераможцамі сталі аператары раённага вузла сувязі Н. І. Сухарава і А. А. Наскова, тэлеграфістка А. А. Дарожка, паштальён З. В. Трапашка, манцёры У. П. Карабан, А. М. Буклыс, старшы электрамеханік Э. І. Бычко. Яны сапраўдныя маякі, ударнікі камуністычнай працы.

Павялічылася шчыльнасць тэлефонаў гарадской тэлефоннай сувязі. На кожных сто жыхароў пазалетась іх было пяць, а сёлета – сем.

 

НЕРЭНТАБЕЛЬНЫЯ ПЧОЛЫ

Пчалярствам у нашым раёне займаюцца толькі дзевяць калгасаў і тры саўгасы. У іх налічваецца трыста трыццаць шэсць пчаліных сем’яў. Гэта, вядома, вельмі мала. Пасекі самі па сабе малыя, а таму і нерэнтабельныя.

Пасекі дрэнна забяспечваюцца інвентаром, памяшканнямі, не хапае кваліфікаваных пчаляроў: тут заняты людзі, якія маюць малое ўяўленне пра гэту справу. Толькі ў саўгасах “Падбярэззе” і “Радзіма” працуюць спецыялісты. У саўгасе “Ракаўскі” ўвогуле ліквідавалі наяўную пасеку.

Між тым, разлікі паказваюць, што прыбыткі ад апылення пчоламі прыкладна ў дзесяць разоў перавышаюць прыбыткі ад прамой прадукцыі пчалярства. Сярэднія памеры прыбаўкі ўраджаю ад апылення складаюць: для грэчкі – больш за 40%, для люцэрны – 50%, пладовых дрэў – 65%. Прыйшоў час падумаць аб стварэнні пасек ва ўсіх гаспадарках раёна.

 

ЛЁД ПРЫНОСIЦЬ ПРЫБЫТАК

Каля малочнатаварных фермаў саўгаса “Залескі” ўзнімаюцца лёдавыя маналіты. Яны растуць уверх і па баках. Гэта не свавольства прыроды, а справа рук чалавека, які стварае запасы холаду на летні перыяд.

Навошта патрэбны лёд, тут ведае кожны. Быў час, калі саўгас нёс вялікія страты ад таго, што малако ўлетку губляла свае якасці, а то і зусім псавалася. І вось, калі на фермах з’явіліся воданапорныя вежы, артэзіянскія калодзежы, па прапанове жывёлаводаў пачалі нарыхтоўваць лёд. Першы год паказаў, што, укрыты слоем пілавіння, ён захоўваецца на працягу ўсяго лета. Ахалоджанае малако захоўвае высокую якасць.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Афіцыянтка высокай культуры абслугоўвання наведвальнікаў” – такога звання ўдастоены работніцы Валожынскага рэстарана Ганна Іосіфаўна Барадака і рэстарана ў гарадскім пасёлку Івянец Алена Зянонаўна Лукашэвіч.

Загадчыцу культмага ў вёсцы Ракаў Яўгенію Іванаўну Чэнада, загадчыцу магазіна ў вёсцы Вялікае Запруддзе Марыю Сцяпанаўну Паўлаву, работніцу валожынскай кнігарні Ганну Іосіфаўну Патаповіч праўленне райспажыўсаюза ўдастоіла звання “Прадавец высокай культуры абслугоўвання пакупнікоў”.

Многія працаўнікі палёў і фермаў, члены іх сем’яў адпачываюць штогод у санаторыях, дамах адпачынку і піянерскіх лагерах. Паправілі здароўе ў здраўніцах рабочыя саўгаса “Залескі” Ніна Рак, Мікалай Куракевіч. Сярод тых, хто правёў водпуск у дамах адпачынку, – механізатары Генадзь Войцех, Браніслаў Пякарскі, Уладзімір Пастуховіч, даяркі Ванда Шут і Людміла Маслёнік.

Рабочыя Івянецкага прамкамбіната рапартавалі аб выкананні плана па вытворчасці і рэалізацыі асноўных відаў прадукцыі: буфетаў і сталоў кухонных, гімнастычных мосцікаў, кантэйнераў для марожанага. Па ўдарнаму нясе Ленінскую юбілейную вахту калектыў мэблевага ўчастка на чале з майстрам Мікалаем Іванавічам Базыленкам. З гонарам змагаюцца за званне ўдарнікаў камуністычнай працы лепшыя сталяры Іван Андрэевіч Янушкевіч, Іосіф Ігнатавіч Матусевіч, Адам Адамавіч Дзеніс. Яны верныя добраму правілу: выдаваць прадукцыю толькі высокай якасці.

Пры Доме піянераў працуе авіямадэльны гурток. У ім займаецца каля дваццаці хлопчыкаў з пятых-восьмых класаў валожынскіх сярэдніх школ. Юныя авіятары вывучаюць мадэліраванне, прынцып работы мадэляў, запускаюць іх. Школьнікі ўдзельнічалі ў абласных спаборніцтвах авіямадэлістаў, дзе занялі шостае месца. Заняткі ў гуртку вядзе загадчык фільматэкі аддзела народнай асветы райвыканкама І. Грыбоўскі.

 

САМАДЗЕЙНЫЯ АРТЫСТЫ-ВIРТУОЗЫ

На тэрыторыі калгаса “Радзіма” працуюць некалькі культурна-асветных устаноў. Калгаснікі ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці. Асаблівую вядомасць у апошні час набыў інструментальны ансамбль.

У яго саставе палявод Аляксандр Канстанцінавіч Кароль (мандаліна), млынар Аляксандр Адамавіч Кароль (цымбалы), эканаміст Вікенцій Аляксандравіч Таўгень (скрыпка), шавец Узбалацкай майстэрні Іван Ігнацьевіч Згірскі (балалайка), кінамеханік Іван Іванавіч Кароль (акардэон).

Самадзейныя артысты паспяхова выступілі на раённым і занальным аглядах-конкурсах, прысвечаных стагоддзю з дня нараджэння У. І. Леніна. Ніводная калгасная ўрачыстасць не праходзіць без выступленняў аматараў мастацкай самадзейнасці. Рэпертуар іх папаўняецца новымі народнымі творамі.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

Прагрэсіўныя формы гандлю ўсталёўваюцца ў Валожынскім універмагу. Новае абсталяванне ў аддзелах трыкатажу і штучных тавараў дазволіць пакупнікам мець да іх адкрыты доступ.

Кожны дзень у саўгасе “Залескі” ўсё больш становіцца тэхнікі, прычапнога інвентару, які прайшоў праз клапатлівыя рукі рамонтнікаў. Выйшаўшы з майстэрні, трактары, аўтамашыны возяць тарфакрошку, мінеральныя ўгнаенні, кармы. У саўгаснай майстэрні не сціхае гул станкоў, успыхвае электразварка, цяжка ўздыхае металічны молат. Асабліва вызначаюцца ў працы токар Аляксандр Жукоўскі, электразваршчык Сігізмунд Ваяводскі, слесары Іван Сухадольскі і Вікенцій Шніп.

У калгасе “Радзіма” трыццаць адзінак транспарту заняты на вывазцы тарфакрошкі і гною. З асаблівым стараннем працуюць трактарысты Пётр Аляксандравіч Рагель і яго напарнік Рыгор Міхайлавіч Чабай, шафёры Дзмітрый Аляксандравіч Згірскі, Уладзімір Аляксандравіч Кароль. Калгаснікі імкнуцца нарыхтаваць не менш чым па васемнаццаць тон кампосту ў разліку на адзін гектар яравой сяўбы.

Сярод членаў літаратурна-мастацкага аб’яднання пры рэдакцыі “Працоўнай славы” нямала моладзі. Паэтычная іскрынка прысутнічае ў байках вучня Ракаўскай СШ Валянціна Жукоўскага, напрыклад, “Багаты Асёл” і “Хочаш жыць – умей круціцца”. Летуценныя вершы пра каханне пішуць Аляксандр Дурко з Гародзькаўскай, Таня Жамойдзіна і Наташа Пятроўская з Забрэжскай сярэдніх школ.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий