Равесніца мінулага веку

Общество

Фядора Лаўрэнцьеўна Нахай з Улазавічаў у красавіку адзначыць сто дзесяты дзень нараджэння. За сваё доўгае жыццё да ўрачоў упершыню звярнулася ў 2008 годзе з пераломам рукі. Калі медсёстры заводзілі на пацыентку медыцынскую картку, то некалькі разоў перапыталі: “З якога Вы года? Не можа быць, што з 1900-га!”
Яна нарадзілася ў Дубіне, у першую нядзелю пасля Вялікадня. Бабка-павітуха паднесла немаўлятка маці і сказала: “У добры час дзеўка на свет прыйшла, пад шчаслівай зоркай! І жыць доўга будзе!” Другое пажаданне сапраўды спраўдзілася. А вось першае… Фядоры Лаўрэнцьеўне выпала на долю расці і сталець са складаным ХХ стагоддзем, перажыць усе яго трагедыі.
Бацькі не вельмі радаваліся яе нараджэнню, бо ў сям’і было шэсць дзевак і толькі адзін хлапец. У школу Фядору не аддалі, маўляў, “бабская навука – кросны ткаць ды ніўку жаць…” Вось гэту навуку яна асвоіла выдатна: пасаг падрыхтавала – на зайздрасць усім. Толькі вось суджанага ўсё не было. Не вельмі сваталіся тады да дзяўчат з небагатай сям’і. Замуж пайшла за разведзенага, калі ўжо пад трыццатку бралася. І пражыла з ім у згодзе амаль шэсцьдзесят гадоў! Дзяцей доўга не мелі, пасля нарадзіліся двайняты – хлопчык і дзяўчынка, хлопчык хутка памёр, а ў пачатку вайны з’явіўся яшчэ сынок.
Перабірае Фядора Лаўрэнцьеўна нітку ўспамінаў. А слёзы не-не ды і закапаюць з вачэй на блакітныя жылкі спрацаваных рук. “Вучыцца вельмі хацелася, і памяць добрую мела. Гэта цяпер цяжка ўспомніць, што з раніцы па тэлевізары глядзела. Затое даўніна не адпускае…” Яна добра памятае “Мікалаеўскую” вайну, і як царскія салдаты запрашалі вясковых дзяцей “да кацялка”, кармілі смачнай кашай. Памятае голад, які панаваў пасля вайны. Асабліва цяжка было ранняй вясной, калі з’яўлення першай травы чакалі як манны нябеснай, а бульбу вяскоўцы садзілі такімі слабымі, што па барознах поўзалі…
“Ела хлеб траякі – чорны, белы і ніякі, – жартуе Фядора Лаўрэнцьеўна. – Войны перажыла, а страшней голаду ворага няма. Мне і цяпер балюча, калі бачу, як людзі бузуюць ежу: лупіны ад бульбы выкідаюць, рэшткі хлеба на сметнік выкідаюць. З адных адходаў маглі б кабана выкарміць!”
Сама ж доўгажыхарка заўсёды мела славу добрай гаспадыні. Умела гасцей і запрасіць, і пачаставаць. Кажуць, што такіх смачных паляндвіц і каўбас, як рабіла яшчэ гадоў дзесяць назад Фядора Лаўрэнцьеўна, не было ні ў каго. Ды і агарод у яе быў ураджайны і дагледжаны, сама насенне адбірала, якое іншыя агароднікі ахвотна набывалі.
На пытанне, у чым сакрэт яе доўгажыхарства, жанчына адказвае: “Доўгі век гэта і пакаранне. Перажыла дзяцей, мужа, унукаў. На вяселлях праўнукаў пагуляла, нават падарыць мела чым. Двое прапраўнукаў маю – Андрэйку, яму адзінаццаць і васьмімесячную дзяўчынку, толькі яе імя надта мудрагелістае, ніяк не запомню!”
“Наша бабулька так добра захавалася таму, што заўсёды была аптымісткай і актывісткай. Любіла і ўмела паспяваць, патанцаваць. Мы і цяпер яе часам называем «старушка-весялушка», – далучаецца да размовы ўнучка бабкі Фядоры Галіна. – Калі я дачку замуж аддавала, то яна так хораша павіншавала “ўсю кумпанію”, што ёй нават першае месца прысудзілі за самы дасціпны тост. Такіх добразычлівых людзей, як наша бабулька, не часта сустрэнеш. Яна ніколі ні з кім не вадзілася, жыла, як сама казала, “па-царкоўнаму”. Яе не абуралі ні нашы кароткія спадніцы, ні прычоскі. Калі выпадкова пачуе, што нехта крытыкуе моладзь, то заўсёды скажа: “Кіньце! Іх апраўданне – маладосць і нявопытнасць!”
Безумоўна, сустрэўшыся з такім выключным чалавекам, як Фядора Лаўрэнцьеўна, немагчыма абмінуць пытанне: “Якой дыеты трэба прытрымлівацца, каб жыць доўга ў добрым здароўі”. Вось рэцэпт ад старэйшай жыхаркі раёна Фядоры Лаўрэнцьеўны Нахай:
– Самую значную частку на маім стале займае садавіна і агародніна. Кожны дзень ужываю малако і малочныя прадукты. Мяса люблю, але ем яго мала, напрыклад, палавінку сасіскі на полудзень. Піць стараюся як мага больш, перавагу аддаю адварам малінніку, чабару ці зверабою. Абавязкова штодня – полівітаміны. З медыкаментаў – таблетка валяр’янкі ў выпадку, калі вельмі расхвалюе сюжэт тэлеперадачы…

Алена ЗБІРЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий