З верай у дабро

Культура

Ці шмат знойдзецца сярод нас аптымістаў, якія на пытанне “На свеце больш добрых людзей ці не вельмі?” з упэўненасцю адкажуць – добрых!

Наш час, такі дынамічны і нестабільны, калі кожны за сябе, а мера ўсіх даброт – грошы, не вельмі спрыяе веры ў людскую высакароднасць. Але Зінаіда Андрэеўна Мандрык яшчэ ў дзяцінстве прыйшла да высновы, што дабра на гэтым свеце больш, і пад сумненне гэта сцвярджэнне не ставіла ніколі.

Лёс не балаваў Зіну. Яшчэ не з’явіўшыся на свет, засталася сіратой. Бацьку забралі на фронт, калі маці была цяжарная. Летам 1944 года маладая ўдава атрымала пахаванку. Дзесці ў Польшчы знайшоў свой апошні прытулак Андрэй Сямёнавіч Купцэвіч. Так здарылася, што нават фотакарткі не засталося на памяць аб ім.

Сіроцкае дзяцінства было не вельмі радасным. Маці, зусім яшчэ маладая жанчына, выйшла замуж за франтавіка. Наўрад ці яна так ужо імкнулася наладзіць сваё асабістае жыццё, у першую чаргу думала аб дзіцяці – сям’і патрэбен быў карміцель. Айчым аказаўся нядрэнным чалавекам, як мог, стараўся замяніць дзяўчынцы бацьку. Але смутная туга аб родным чалавеку, якога ніколі ў жыцці не бачыла і нават не мела ўяўлення аб яго абліччы, засталася ў сэрцы дзяўчынкі на ўсё жыццё.

Не ведае Зінаіда Андрэеўна і дакладнай даты свайго нараджэння. У гады ваеннага ліхалецця жанчыны больш клапаціліся аб тым, як выратаваць сваім дзецям жыццё, чым аб святкаванні імянін. Жылі цяжка. Даводзілася шмат працаваць, бо толькі гаспадарка магла ў той час забяспечыць больш-менш стабільнае існаванне сям’і.

Скончыўшы школу, а вучылася яна добра, дзяўчына разумела, што трэба вучыцца далей – набываць спецыяльнасць. Якую? Дакладна не ведала. Упэўнена была ў адным – прафесія павінна быць патрэбнай людзям. Сяброўкі-аднакласніцы збіраліся паступаць у медвучылішча. Тады такая навучальная ўстанова існавала  ў Юрацішках. Зіна вырашыла паспрабаваць. Паступіла адразу, з добрым вынікам. Вучыцца было цяжка, але цікава. А калі пачалася практыка, і давялося сутыкнуцца з сапраўднымі хворымі, якім патрэбна дапамога, дзяўчына зразумела: медыцына – яе прызванне. Яна адчула гэта сэрцам. І  нават зараз, маючы за плячамі  дзесяцігоддзі працоўнага вопыту, упэўнена ў гэтым на 100%.

Па размеркаванні вярнулася ў родны Валожын. Сур’ёзную, заўсёды засяроджаную медсястру тагачаснае кіраўніцтва  райбальніцы ацаніла адразу і накіравала на працу ў самае “цяжкае” аддзяленне – хірургічнае. Адказнасць працы і палохала, і прыцягвала. Зінаіда Андрэеўна і зараз памятае першую аперацыю на адкрытым сэрцы, на якой давялося прысутнічаць. Малады ляснік з Вішнева па недарэчнасці атрымаў агнястрэльную рану. Сітуацыя была адчайнай. Але аперацыйная брыгада  рызыкнула і выратавала хлопцу жыццё. Долі секунд вырашалі, жыць чалавеку ці не. Менавіта гэта аперацыя падштурхнула з прыняццем адказнага рашэння – буду аперацыйнай медсястрой. Колькі прыйшлося запомніць, вывучыць, прайсці курсаў, каб стаць сапраўдным прафесіяналам сваёй працы. З вялікай удзячнасцю ўспамінае Зінаіда Андрэеўна  ўрачоў-хірургаў Анатоля Пятровіча Інфаровіча, Мікалая Уладзіміравіча Пыжыка, якіх лічыць сваімі настаўнікамі ў прафесіі. Вось дзе былі прафесіяналы! Шчыра радуецца за доктара Надзею Васільеўну Глускую, якая, на шчасце, практыкуе і зараз.

Ці было цяжка? Ці здараліся няўдачы? На гэтыя пытанні вельмі патрабавальная да сябе жанчына адказвае чэсна – было. Колькі ўсяго было! Але часцей успамінаюцца пацыенты, у вачах якіх яшчэ плешчуцца боль і страх, але ўжо загараецца агеньчык надзеі і ўдзячнасці. Дарэчы, медсястра Мандрык мае ў сваёй працоўнай кніжцы толькі два запісы, паміж якімі 42 гады адданага служэння свайму прызначэнню. Рэдкі выпадак! Ці хацела яна  больш вышэйшай пасады? Магчыма марыла стаць урачом? “Ды не, –  гаворыць Зінаіда Андрэеўна. – Я лічу, што самае вялікае шчасце – жыць і працаваць на сваім узроўні, які адчуваеш і розумам, і сэрцам. Бо калі не так, гэта вельмі цяжка і разбуральна для чалавека”.

У Зінаіды Андрэеўны цудоўная, любячая сям’я, якая ставіцца да яе з ласкай і пяшчотай. Ды і хто не будзе ласкавым побач з такім чалавекам? Канечне, бывалі ў жыцці жанчыны і  цяжкасці. І праблемы са здароўем не абышлі бокам ні яе, ні яе блізкіх. Але жыццёвы аптымізм і вера ў дабро заўжды дапамагаюць ёй перажыць любыя выпрабаванні. З гонарам расказвае жанчына аб сваёй дачцэ Ірыне, якая прыняла ад яе прафесійную эстафету і ўжо шмат гадоў працуе медсястрой у гінекалагічным аддзяленні. Апантанасць медыцынай дачка пераняла ад маці і, як і яна, не ўяўляе жыцця без белага халата.

Кожны, хто ведае Зінаіду Мандрык, скажа, што больш вернай сяброўкі няма на свеце. Так, яна верыць у дружбу і сябраваць умее шчыра і аддана. Для жыхароў вуліц Букштыновіча і Калініна заўсёды адчыненыя веснічкі паміж надзеламі Мандрыкаў і Бразінскіх даўно сталі сімвалам суседскага даверу і ўзаемадапамогі. Ды і іншыя суседзі не ўяўляюць свайго жыцця без гэтай жанчыны. Каму памераць ціск, каму ўкол зрабіць, каму дзіця захварэўшае паглядзець – гэта ўсё да Зіны. Адказу не мае ніхто. Таму што яна адпіхнуць ад сябе чалавека проста не ўмее. Як не ўмее і адпачываць. У сям’і часта ўспамінаюць, як аднойчы іх жонка і маці вырашыла наведаць санаторый. Пуцёўка ёй дасталася як узнагарода за адданую працу. Палову тэрміну Зінаіда  неяк адбыла (адмучылася!) і зразумела – болей не вытрымае! Як там муж, дзеці, гаспадарка, кветкі (кветкі для яе – больш чым хобі)? Сабралася і прыехала дадому. Уздыхнула з палёгкай і вырашыла – больш нікуды не паеду!  “Не маё гэта”, – гаворыць жанчына. А падарожнічаць не хацелася? “Ды не. Не люблю я быць далёка ад дому. Хаця жыццём у розных далёкіх краінах вельмі цікаўлюся. Я і падарожнічаю… з тэлевізарам”, – смяецца Зінаіда Андрэеўна. Яшчэ яна вельмі любіць чытаць. У асноўным Талстога, Пушкіна, Коласа. Мудры, прыгожы свет геніяў дае сапраўдны адпачынак яе душы. А любімы раман (хто б сумняваўся?) – “Джэйн Эйр” Шарлоты Брантэ.

У адрозненне ад большасці жанчын яе ўзросту (а яна вось-вось адзначыць даволі салідны юбілей) Зінаіда Андрэеўна ніколі не гаворыць “І калі тое жыццё прайшло? Як і не жыла!”. Яна ўпэўнена, што жыццё яе было і застаецца цікавым. Сям’я, запатрабаванасць у прафесіі, цудоўныя людзі вакол, і ўсё гэта на роднай зямлі – што яшчэ патрэбна для шчасця?

Аб гэтай сціплай жанчыне я даведалася ад яе сяброўкі. Напішыце пра Зіну, яна – незвычайная! Сапраўды, такіх прыемных людзей, пасля размовы з якімі адчуванне як пасля наведвання храма, сустрэнеш не часта. “Што дапамагае Вам жыць?” – пытаюся на развітанне. Адказвае цвёрда і ўпэўнена: “Я веру, што і дабро, і зло вяртаюцца”.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий