Хутчэй рэагаваць дапаможа ДПК

Закон и порядок

Згодна з даручэннем Мінаблвыканкама, у нашым раёне створана добраахвотная пажарная каманда. Летась райаддзел па надзвычайных сітуацыях бязвыплатна перадаў пажарны аўтамабіль у ААТ «Багданаўскі». Менавіта гэта гаспадарка стала першай, дзе з’явілася ДПК.

Загадам прызначаны вадзіцель, які ў выпадку паступлення паведамлення пра пажар садзіцца за руль аўтацыстэрны, на якой выязджае на месца здарэння. Цяпер прымаюцца меры, каб аснасціць добраахвотную пажарную каманду неабходным пажарна-тэхнічным абсталяваннем. Нядаўна ў райвыканкаме адбылася ўрачыстая перадача камандзе вогнетушыцеляў і камплектаў баявой вопраткі. На гэтым мерапрыемстве прысутнічалі намеснік старшыні цэнтральнага савета РДГА “Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства” Анатоль Сніцарэнка, старшыня райсавета гэтай арганізацыі Анатоль Шакун, першы намеснік начальніка РАНС Павел Тарасевіч, начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Валожына Аляксандр Журкевіч і галоўны інжынер ААТ «Багданаўскі» Вітольд Буйноўскі.

Сёлета ў раёне запланавана стварыць яшчэ адну ДПК. Абгрунтаванасць і карысць ад такога рашэння відавочныя: указаная мера дапаможа хутка ліквідаваць надзвычайную сітуацыю ў населеных пунктах, якія не трапляюць у зону аператыўнага абслугоўвання пажарных аварыйна-выратавальных падраздзяленняў.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий