Школа ранняга развiцця

Общество

Развіццё творчых здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту і падрыхтоўка іх да навучання ў школе – асноўная мэта Школы ранняга развіцця, якая  вось ужо 4-ы месяц кожную суботу працуе на базе раённага Цэнтра дзіцячай творчасці.

Ідэя належыць дырэктару цэнтра Кацярыне Валер’еўне Кароль. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падтрымаў цікавую задумку. На аснове шматгадовага вопыту калег, якія ўжо даўно працуюць у гэтым накірунку, створаны праграмы, якія прадугледжваюць запатрабаванні бацькоў і ўзроставыя асаблівасці дзяцей. 

Зараз большасць дзяцей прыходзяць у школу ўмеючы чытаць, валодаюць іншымі навыкамі. Тыя ж, хто яшчэ  і букваў не ведае, адчуваюць сябе не вельмі ўтульна. Аднак магчымасць займацца з дзіцем  маюць не ўсе мамы і таты, ды і вынікі ад заняткаў з вельмі загружанымі бацькамі, безумоўна, адрозніваюцца  ад вынікаў работы з прафесіяналамі. Плюсам ранняга развіцця з’яўляецца і тое, што ў гэтым узросце дзеці добра ўспрымаюць і запамінаюць інфармацыю. Бацькам, якіх зацікавіла новая адукацыйная паслуга, вельмі спадабалася, што дзеці будуць мець магчымаць займацца ў невялікай групе, гэта значыць, увагі педагога ім дастанецца значна больш.

Сёння Школу ранняга развіцця наведваюць 17 хлопчыкаў і дзяўчынак  ад 4 да 6 гадоў. Змест вучэбнага працэсу акрэсліваецца адукацыйнай праграмай, якая разлічана на 1 год, і тэматычнымі планамі. У сваёй рабоце педагогі выкарыстоўваюць сучасныя і класічныя  тэхналогіі, методыкі, сродкі, формы і метады навучання, творчыя распрацоўкі, якія садзейнічаюць фарміраванню і ўсебаковаму  развіццю дзіцяці. Большая частка інфармацыі і навыкаў перадаецца дзецям праз гульню, у некаторыя моманты  яны і не здагадваюцца аб тым, што вучацца.

Хлопчыкі і дзяўчынкі раздзелены на тры групы, якія займаюцца паралельна. Працягласць заняткаў з адным педагогам – 25 хвілін. Дзеці маюць магчымасць развіваць мову і маторыку. Педагог дадатковай адукацыі Юлія Васільеўна Язерская дапамагае ім наладзіць узаемасувязь слоў і рухаў. Для развіцця  маторыкі рук, а яна неабходна, каб падрыхтаваць дзіця да пісьма, выкарыстоўваюцца лепка, маляванне,  работа з дробнымі прадметамі. Малышы з задавальненнем перабіраюць гарох, вучацца зашпіляць гузікі, шнураваць абутак.

Дзеля таго, каб дзіцячая гіперактыўнасць накіроўвалася ў пазітыўнае рэчышча,  прадугледжаны заняткі па рухавай актыўнасці з элементамі танца. Для заняткаў у цэнтры маецца цудоўная танцавальная зала з люстэркамі, балетным станком і іншым абсталяваннем. Наталля Пятроўна Шыркова, якая вядзе гэтыя заняткі, упэўнена, што прафілактыка парушэнняў паставы – самае галоўнае ў рабоце з дзецьмі такога ўзросту.

Інфармацыю аб тым, што можна гутарыць паміж сабой не толькі на беларускай ці рускай мовах, але і на замежных, дзецям даводзіць Ала Вячаславаўна Грынкевіч, якая праводзіць заняткі па англійскай мове. Дарэчы, малеча ўжо мае нядрэнны слоўнікавы запас. Большасць могуць скласці невялікія выказванні з выразаў 5-7 слоў.

Наведваюць дзеці і гурток “Лялечны тэатр”, кіраўнік Антаніна Уладзіміраўна Трацэўская. Педагог дапамагае выхаванцам развіваць моўныя здольнасці, адкарэкціраваць каардынацыю рухаў, развівае пачуццё рытму. Бацькі, якім дазволена прысутнічаць на занятках, вераць, што іх рашэнне аддаць дзіця ў Школу ранняга развіцця ў хуткім часе дасць добры плён – творчыя здольнасці сыночкаў і дочак раскрыюцца ў поўным аб’ёме і, магчыма, разаўюцца ў сапраўдныя таленты.

Да таго ж заняткі развіваюць дысцыпліну, фарміруюць уменне працаваць у камандзе. Адзначаюць бацькі і добрую тэхнічную аснашчанасць кабінетаў.

Магчыма, хтосьці дадзены праект успрыме як эксперымент. Школ і цэнтраў ранняга развіцця ў рэспубліцы з кожным годам становіцца ўсё больш. І рана ці позна кожнай маладой сям’і  прыйдзецца стаць перад выбарам: спадзявацца на свой вопыт і займацца з дзіцем самастойна, ці даверыцца педагогам.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий