У мажорнай гаме…

Культура

Некалі ў іх гарадской кватэры амаль пастаянна гучалі розныя мелодыі. Загадкавыя музычныя інструменты яшчэ ў маленстве замянялі дапытлівым дзяўчынкам цацкі. Няўмелай рукой Святлана і Вольга націскалі на клавішы і падбіралі на слых розныя эцюды. З гадамі схільнасць да музыкі перарасла ў сур’ёзнае захапленне. Сёстры паступілі ў Валожынскую музычную школу, дырэктарам якой амаль дваццаць гадоў запар працаваў іх бацька – Анатоль Станіслававіч Таўгень. Ён іграў на многіх народных музычных інструментах, а таксама на гітары, бас-гітары. У свой час яго настаўнікам быў прызнаны маэстра, знакаміты Рыгор Сямёнавіч Сарока з Маладзечна.

Прайшоўшы добрую прафесійную школу, Анатолю Станіслававічу, вядома ж, было што перадаць у творчую спадчыну сваім любімым дочкам. Праўда, у музычнай школе з імі займаліся іншыя педагогі. Святлану, напрыклад, вучылі Ганна Антонаўна Зянько і Ірына Валянцінаўна Дунаеўская. Свае педагогі былі і ў сястры Вольгі. Сёння і Святлана і Вольга ўжо самі працуюць выкладчыкамі ў Валожынскай дзіцячай школе мастацтваў. Святлана Анатольеўна вучыць сваіх падапечных ігры на баяне. Дома ў яе таксама ёсць музычны інструмент – піяніна. На ім ужо практыкуюць дзве яе дачкі – Мілана і Сафія. Старэйшай пакуль яшчэ толькі 8 гадоў, але яна ўжо спасцігае азы музычных ведаў у школе мастацтваў. Маці выбар дачкі, вядома, з задавальненнем падтрымала. Парадаваўся б і дзядуля за сваю таленавітую ўнучку, але ён, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця некалькі гадоў таму…

Святлана Анатольеўна Таўгень, як і некалі яе бацька, скончыла Маладзечанскае музвучылішча імя Агінскага. Атрымала яна завочна і вышэйшую адукацыю. Паспяхова абараніла дыпломную работу на аддзяленні “сацыяльная работа і псіхалогія” ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Але на педагагічнай ніве працаваць усё ж не стала. Музыка ўзяла верх!  Акрамя тэарэтычных і практычных заняткаў з дзецьмі ў школе мастацтваў, жыццё Святланы Анатольеўны Жукоўскай звязана і са сцэнай. У складзе ансамбля народных інструментаў яна разам з іншымі калегамі выступае на многіх раённых мерапрыемствах. Гэты ансамбль традыцыйна забяспечвае музычнае суправаджэнне раённага Свята працы. Шмат выступленняў было ў калектыву ў пераднавагоднія дні, часта запрашаюць  валожынскіх артыстаў і многія прадпрыемствы, установы на свае ўрачыстасці з нагоды юбілейных дат. Выступленне перад публікай – гэта своеасаблівы экзамен на прафесіянальную сталасць. І яго Святлана Анатольеўна разам са сваімі калегамі заўсёды здаюць на выдатна.

С. А. Жукоўская спрабуе сябе і ў іншым амплуа – акцёрскім. У канцы мінулага года адбылося яе першае выступленне на дзіцячым раённым свяце. Выконвала ролю вядомага казачнага персанажа. Дэбют удаўся. Спадабалася і юным гледачам, і калегам.

Маладая сям’я Жукоўскіх жыве ў новым доме ў мікрараёне Ганчары райцэнтра. Бацькі задаволены, што, дзякуючы льготнаму крэдытаванню, яны маюць уласную добраўпарадкаваную трохпакаёвую кватэру.

Музыка хоць і любімы прафесійны занятак, але карпатлівая выкладчыцкая праца таксама стамляе. Куточкам своеасаблівага рэлаксу стаў для Святланы Анатольеўны вялізны хатні акварыум: працяглы час маладая маці разам з дочкамі могуць назіраць за прыгожымі рыбкамі. Іх пластычнасць, грацыёзнасць, рухі вады заўсёды чамусьці асацыіруюцца з прыемнымі мелодыямі. У гэтай маладой, шчаслівай маці і жонкі ёсць і яшчэ адно захапленне. Святлана Анатольеўна рупліва фарміруе багатую калекцыю экзатычных архідэй. Жанчына ва ўсім стараецца знайсці гармонію, яна радуецца кожнаму новаму дню. У мажорнай гаме праходзіць яе жыццё.

Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий