Правапарадак

Закон и порядок

ЗБОЧЫЎ ТАК, ШТО І САМ НЕ РАД

У Ганчыцах мясцовы жыхар на ўласным аўтамабілі ўчыніў дарожна-транспартнае здарэнне: не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у левы кювет і ўрэзаўся ў дрэва. У выніку аварыі вадзіцель, яго пасажырка атрымалі цялесныя пашкоджанні і былі шпіталізаваны.

Супрацоўнікі ДАІ, якія выехалі на месца, канстатавалі, што шыны на пашкоджаным аўтамабілі летнія, пацярпелыя не былі прышпілены рамянямі бяспекі. Да таго ж вадзіцель не правільна выбраў хуткасць, не ўлічыў дарожныя і пагодныя ўмовы. Гэта і прывяло да непрыемнага выніку. У дадатак віноўнік аварыі пакінуў месца здарэння, не дачакаўшыся міліцыі.

ПАКРЫШАЧКУ ЦЫРКАЛА…

Юная асоба, якая працавала прадаўцом у адным з магазінаў райспажыўтаварыства, за паўгода ўчыніла растрату больш чым на шэсць мільёнаў рублёў.

Па факту незаконнага прысваення таварна-матэрыяльных каштоўнасцей зараз вядзецца следства, супраць дзяўчыны ўзбуджана крымінальная справа.

 

ЗАЛЕЗ І Ў ДРУГІ ХАМУТ

У кастрычніку 2013 года трактарыст з Сакаўшчыны быў асуджаны за знаходжанне за рулём у стане алкагольнага ап’янення. Па прыгавору суда ён пакараны папраўчымі работамі са штомесячнай выплатай 20 працэнтаў заробку на карысць дзяржавы і пазбаўлены права кіраваць транспартнымі сродкамі тэрмінам на пяць гадоў.

Нядаўна мужчына зноў трапіў у поле зроку праваахоўнікаў і быў затрыманы падчас язды на трактары без рэгістрацыйных знакаў. За ігнараванне прыгавору суда ён будзе прыцягнуты да новай крымінальнай адказнасці, прадугледжанай артыкулам 417 Крымінальнага кодэкса.

 

ЯЎНА НЕ ВЕГЕТАРЫЯНЕЦ

Па вуліцы Леніна ў райцэнтры супрацоўнікі ДАІ спынілі легкавушку “Фольксваген Шаран”, за рулём якога знаходзіўся жыхар Маладзечна. У салоне аўтамабіля перавозілася тона мяса без суправаджальных дакументаў.

Мужчыну затрымалі, але ён здолеў даказаць, што такую колькасць свежыны вязе для асабістых патрэб. Праваахоўнікам прыйшлося паверыць, падазроны ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці быў адпушчаны.

 

АКОННЫ ДЭСАНТ

У раённую бальніцу дастаўлены мужчына з пераломамі абедзвюх пятачных костак. Траўмы чалавек атрымаў падчас няўдалага прызямлення: скочыў праз акно з вышыні другога паверха.

Цікава, што сёлета гэта ўжо другі ў Валожыне выпадак за зіму, калі мужчыны “сігаюць” з вышыні. Відаць, такім чынам яны пазбягаюць больш рызыкоўных сітуацый…

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Теги:

Добавить комментарий