Не мясцовая, але на сваiм месцы…

Культура

Гераіня сённяшняй замалёўкі Раіса Іванаўна Навіцкая не мясцовая. Да 2007 года яна жыла ў Мастоўскім раёне на Гродзеншчыне, працавала там на адным з паштовых аддзяленняў.

Але лёс распарадзіўся так, што па пэўных абставінах давялося “пакаваць валізкі” і разам з двума дзецьмі выбірацца шукаць новае месца жыцця і працы. Выбар спыніўся на Валожыншчыне не выпадкова: тут працяглы час жыла родная сястра, таму пра наш куток Раіса Іванаўна ведала, як кажуць, з першых вуснаў. Так што ехала сюды з адкрытай душой і шчырай надзеяй пачаць новае жыццё.

З працаўладкаваннем атрымалася таксама ўсё выдатна. Каб трывала асталявацца на новым месцы, патрэбна было займець жыллё і, вядома ж, разлічваць на заработную плату, якая б дазволіла і самой пражыць, і дзяцей на ногі падняць. Гэткія магчымасці Раісе Іванаўне прадаставілі ў СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, прапанаваўшы пайсці аператарам машыннага даення на ферму ў вёсцы Саланая. Гэты час Р. І. Навіцкая лічыць удалым. Кіраўнік гаспадаркі Генадзь Уладзіміравіч Бычкоўскі, ацаніўшы мэтанакіраванасць і працаздольнасць работніцы, праз год прапанаваў пасаду загадчыка аддзялення “Даўбені”, а разам з гэтым – і добраўпарадкаваны дом з ліку новабудоўляў.

Хаця работнікі даўбенеўскай фермы былі ёй незнаёмыя, агульную мову знайшлі хутка. Заваяваць прызнанне людзей удалося дзякуючы прыроднай выхаванасці, выканальніцкай дысцыпліне. Падначаленыя, гледзячы, што нават сабе загадчыца не даруе ніводнай памылкі, згадзіліся з яе патрабавальнасцю, узмацнілі самакантроль. Так і нарадзіўся зладжаны калектыў, якім Р. І. Навіцкая кіруе ўжо 6 гадоў.

Тэрыторыя, “падкантрольная” ёй, уражвае чысцінёй і акуратнасцю. У ідэальным парадку ўтрымліваюцца новая даільная зала, памяшканне сухастою і іншыя будынкі, ацанілі работнікі і выдатны рамонт бытавых памяшканняў. Газавае ацяпленне, душ, халадзільнік, кухонныя шафы, мікрахвалёўка, тэлевізар найлепшым чынам служаць для задавальнення патрэб усім дзевяці работнікам МТА “Даўбені”. Адпаведная і аддача: кожны стараецца, клапоцячыся пра 133 галавы дойнага статка, 48 першацёлак і 58 нецеляў. Даглядаюць тут і 47 цялят, якія прыбаўляюць, дарэчы, прыкладна 826 грамаў за суткі. Сёлета пад павелічэнне малочнага пагалоўя плануецца пабудаваць будынак на 300 галоў. Размесцяць там нецеляў.

У гутарцы з жанчынай імпануе яе добразычлівасць і цвёрдая мэтанакіраванасць. У сукупнасці з працавітасцю гэтыя рысы характару дазволілі Р. І. Навіцкай не раз быць на самай вяршыні працоўнага алімпу. На працягу толькі апошніх двух гадоў яе работа была адзначана Ганаровымі граматамі УП “Мінскаблгаз” і рэспубліканскага канцэрна “Белпалівагаз”.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий