За радком гісторыі

Культура

Зоя Макараўна ЗАДОРА, Герой Сацыялістычнай Працы, брыгадзір паляводчай брыгады саўгаса “Падбярэззе”:

–  У 1953 годзе маладым спецыялістам па размеркаванні я прыехала на працу ў раён. Маё знаёмства з валожынскімі людзьмі пачыналася сустрэчай з цудоўнай дзяўчынай – Нінай Наквас, якая ў той час была сакратаром райкама камсамола. Яна падабрала нас, маладых дзяўчат, на аўтобусным прыпынку, прытуліла і фактычна вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Гэта была паважаная і сёння Ніна Фёдараўна Галіеўская. Мне пашанцавала працаваць пад кіраўніцтвам разумных і мудрых кіраўнікоў: дырэктара Вішнеўскай МТС Аляксея Яфімавіча Шабаля, першага дырэктара саўгаса “Падбярэззе” Яўгенія Уладзіміравіча Глінскага. Я ганаруся, што мне давялося працаваць з чалавекам, пра якога і дагэтуль памятаюць у Падбярэззі, Ракаве і Валожыне, – Міхаілам Браніслававічам Полем. Дзякуючы яго розуму, арганізатарскаму таленту, гаспадарка была лідарам не толькі ў раёне і вобласці, але і ў рэспубліцы, неаднаразова мы прадстаўлялі дасягненні Беларусі на выставе ў Маскве і былі адзначаны медалямі.

Адпрацаваўшы ў сельскай гаспадарцы амаль 45 гадоў, кожны год старалася павялічыць ураджайнасць культур. Было няпроста, але  побач са мной былі працавітыя людзі, якія разумелі і ва ўсім падтрымлівалі. У 1987 годзе, перад адыходам на пенсію, ураджайнасць зерневых была 56 цэнтнераў з гектара, бульбы – 287, капусты і караняплодаў – больш за 400 цэнтнераў. За высокія паказчыкі мяне вылучалі дэлегатам ХХVII з’езда Беларусі і ХХVI з’езда КПСС.

Сямён Ісакавіч ШТЭЙНЕР, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ветэран журналістыкі:

– Успамінаю Валожын у 1952 годзе, калі я ўпершыню сюды прыехаў: гэта былі некалькі брукаваных вуліц, на Вішнева дарога вяла, на станцыю Гародзькі і да Пяршаяў. Не было дарогі на Мінск: спачатку трэба было ехаць у абласны цэнтр, горад Маладзечна, куды ішла машына адзін раз у суткі, а з Маладзечна трэба было дабірацца да сталіцы. На месцы цяперашняга будынка раённай дзіцячай бібліятэкі была абсталявана пошта, магазіны размяшчаліся ў прыстасаваных драўляных дамах, не было шматпавярховак, па ўскрайку горада месціліся сялянскія хаткі. Нямнога часу прайшло, і пачаў змяняцца выгляд горада і райцэнтра: была пабудавана Сакаўшчынская ГЭС, і першае электрычнае святло атрымалі калгасы “Рассвет”, “Чырвоны сцяг” і “1 Мая”. Пасля электрычнасць і водаправод прыйшлі ў Валожын. Мне пашчасціла працаваць з такімі савецка-партыйнымі кіраўнікамі, як сакратары райкама Кавалеўскі, Дарагуш, Русак, Анціпенка, Савельеў. На маіх вачах раслі людзі і эканоміка раёна. Я рады, што давялося сустракацца і пісаць пра ветэранаў сельскай гаспадаркі, былых франтавікоў Загузава, Горскага, Галубцова, Супрона, Захарэвіча, Танюкевіча, які першым пачаў вырошчваць кукурузу і дзякуючы гэтаму наш раён славіўся на ўсю рэспубліку. Я ганаруся тым, што вучыўся вопыту, чалавекалюбству ў такіх людзей, як педагогі Паныш, Кіпкееў, урачы Бабінцава, Інфаровіч. Іх няма на гэтай зямлі, але яны пакінулі добрую памяць і вялікі след у гісторыі раёна, пабудаваўшы школы, Дамы культуры, МТФ, якія дзейнічаюць і зараз.

 

Анатолій Мікалаевіч КУЛАК, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага Савета дэпутатаў з 1995 па 2009 гады:

– Я заўсёды любіў і люблю сваю родную Валожыншчыну, дзе нарадзіўся і якой прысвяціў сваё жыццё. Узгадваю, як на маіх вачах будавалася вуліца Партызанская: узводзіліся першыя пяціпавярхоўкі. І што цікава, людзі баяліся засяляцца ў шматкватэрныя дамы – год-два кватэры пуставалі. Калі ж уладальнікі зразумелі ўсе выгоды, пайшоў ажыятаж, і з’явіўся попыт на такое жыллё. Якраз тады і пачалося вялікае будаўніцтва – засяленне мікрараёнаў Папоўка і Сельгастэхніка.

Ніколі не забудуся тагачаснага начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Івана Данілавіча Лебедзева, пад кіраўніцтвам якога мне давялося працаваць. Цікавы ён быў чалавек і надзвычай працавіты, работа для яго стала асноўным сэнсам жыцця. Да вялікай адказнасці і адданасці даручанай справе ён прывучыў мяне і іншых спецыялістаў, яскравым пацвярджэннем чаму сталі добрыя вынікі работы гаспадарак раёна. Харошыя ўспаміны ў мяне засталіся і пра другога сакратара райкама партыі Аляксандра Хрыстафоравіча Чаеўскага. Дзякуючы яго настойлівасці і вялікай патрабавальнасці ў нашым раёне ўсе дарогі, у тым ліку на Маладзечна, Івянец, Гародзькі, Вішнева, былі асфальтаваны. Мне ў гэтым накірунку адводзілася роля забеспячэнца бітуму, з якой я справіўся.

Сяргей Дзімітравіч БУБНЕВІЧ, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання, трактарыст-машыніст калгаса імя Леніна:

– На гады маёй працы прыйшоўся самы росквіт тагачаснай гаспадаркі-мільянера, бо на рахунку калгаса лічыўся 1 мільён рублёў. Кіраваў калектывам Міхаіл Іванавіч Уласік – строгі і патрабавальны, але паважаны сярод калгаснікаў чалавек, які ўмеў трымаць сваё слова. Акрамя высокіх паказчыкаў, у той час у калгасе разгарнулася вялікае будаўніцтва: былі ўзведзены двухпавярховы адміністрацыйны будынак, кацельня, сталовая, гасцініцы, дзіцячы садок, свінаферма ў вёсцы Аўгустова на 4 тысячы галоў. У гаспадарцы налічвалася 3 тысячы галоў БРЖ, з іх 1,5 тысячы кароў. Падабраўся і добры састаў граматных спецыялістаў – сапраўдных прафесіяналаў, талковых гаспадарнікаў: намеснік старшыні Мікалай Сямёнавіч Косік, галоўны інжынер Мікалай Фёдаравіч Рубацкі, галоўны аграном Фёдар Фёдаравіч Кулак, галоўны заатэхнік Надзея Георгіеўна Войтава, загадчыца свінафермы Людміла Мартынаўна Кулікоўская, загадчыца цэнтральнай МТФ “Макараўка” Вера Уладзіміраўна Невядомская, брыгадзір паляводчай брыгады № 5 Міхаіл Фёдаравіч Зялкоўскі, узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Плённай стала для мяне і дэпутацкая дзейнасць у галоўным заканадаўчым органе краіны: у прыватнасці, дзякуючы маёй прапанове, былі ўнесены важкія папраўкі ў Працоўны кодэкс, згодна з якімі менавіта калгаснікі атрымалі магчымасць выходзіць на заслужаны адпачынак на 5 гадоў раней вызначанага тэрміну.

 

Ірына Сяргееўна КАВАЛЕНКА, старшыня раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь:

– Маё дзяцінства прайшло ў мікрараёне Сельгастэхніка. У памяці назаўсёды засталіся такія людзі, якія для дзяцей работнікаў у той час пабудавалі стадыён, басейн, пункты пракату і іншыя аб’екты. Гэта былы кіраўнік сельгастэхнікі Віктар Васільевіч Аніськін, Вера Пятроўна Касоўская, Уладзімір Іванавіч Глябовіч – людзі-наватары, якія змаглі арганізаваць калектыў на правядзенне суботнікаў і на заробленыя грошы стварыць умовы для развіцця дзяцей. Пачуццё вернасці і адданасці роднай зямлі, асэнсавання сябе як асобы мне далі мае бацькі і мой першы настаўнік СШ № 2 Валожына Антон Антонавіч Навіцкі. З асаблівай цеплынёй успамінаю сям’ю настаўнікаў Мікалая Іванавіча і Марыі Эдуардаўны Балашкаў з Манькаўшчынскай васьмігадовай школы, куды я была накіравана на працу пасля заканчэння педінстытута. Падчас работы ў райкаме камсамола і райкаме партыі лёс даў магчымасць сустрэцца з сапраўднымі героямі зямлі – Героямі Сацыялістычнай працы Лізаветай Трафімаўнай Валадкевіч і Зояй Макараўнай Задора, таленавітымі і мудрымі кіраўнікамі гаспадарак Міхаілам Вікенцьевічам Ягоўдзікам і Іванам Васільевічам Брылеўскім.

Больш за трыццаць гадоў я працую ў Валожынскім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі. Тройчы пераходны сцяг Дзяржпрафадукацыі БССР упрыгожваў калону ўстановы падчас правядзення дзяржаўных свят. У гэтым вялікая заслуга былых дырэктараў Вячаслава Вікенцьевіча Бурко і Васілія Іванавіча Ракаўца, якія змаглі згуртаваць калектыў і накіраваць на вырашэнне пытанняў адукацыйнага працэсу.

Гутарку вяла Алена Залеская, фота з архіва рэдакцыі



Добавить комментарий