За працу – павага людская

Культура

Край мой родны, Падбярэззе,

Што між Вішневам, Забрэззем,

У мясціне ў лясістай,

Ля вады крынічнай чыстай,

Што ўпадае шумна, гулка

У раку Беразіну,

Назвы меў дзве – не адну.

 

Лепшыя працаўнікі саўгаса “Падбярэззе”, 1980 год.

На здымку верхні рад злева направа: С. І. Трыпуцька, трактарыст, звеннявы па вырошчванні бульбы; А. У. Бразоўскі, сталяр; Г. Г. Янкоўскі, палявод; Ч. І. Садоўскі, каваль; Л. С. Рагачэвіч, трактарыст, звеннявы на падрыхтоўцы корму; Р. Ю. Жменька, шафёр; М. К. Пудакевіч, трактарыст; Ф. М. Янковіч, брыгадзір паляводчай брыгады. Ніжні рад: Я. Г. Маліноўская, жывёлавод; І. М. Субота, трактарыст; М. С. Дасюкевіч, даярка фермы “Анцэлеўшчына”; В. П. Канашэвіч, трактарыст; М. Б. Матус, жывёлавод; М. Г. Давыдзёнак, даярка фермы “Анцэлеўшчына”; З. М. Задора, брыгадзір паляводчай брыгады “Анцэлеўшчына”; М. У. Юша, старшыня прафсаюзнага камітэта; У. І. Субота, рабочая; С. І. Саевіч, трактарыст; Ф. І. Петрусевіч, жывёлавод; І. І. Бразоўскі, трактарыст; М. Б. Амфаровіч, трактарыст.

 

Там, дзе Валожыншчына мяжуе са Смаргонскім раёнам Гродзенскай вобласці размясцілася вёсачка Подберазь. Да 1955 года было Міхалова. Тут стаялі чатыры хаты, быў млын. Ля млына жыў яўрэй. Яго сын Бэрка арандаваў млын са сваім братам Лёксам.

Узнікненне назвы Подберазь жыхары адносяць      да 1950-1955 гадоў. Так пачалі зваць мясцовасць, дзе стаяў млын. Назва Міхалова была скасавана, калі мясцовасць стала Іўеўскага раёна. Там таксама было Міхалова. Гэта тэрыторыя ў сярэднія вякі была багата на гістарычныя падзеі. Не далей як 12-15 кіламетраў ад Подберазі знаходзяцца такія гістарычна вядомыя месцы Беларусі, як Крэва, Гальшаны са сваімі старадаўнімі замкамі.

Нацярпеліся тутэйшыя людзі. У гады першай імперыялістычнай вайны вельмі доўгі час па рацэ Бярэзіне праходзіла лінія фронту. Былі спалены суседнія вёскі: Вуглы, Поці, Сіняя Гара, Руднікі. Па ўсёй Расіі паразбрыліся бежанцы з гэтых вёсак. У Тамбоўскую вобласць былі вывезены мае дзядуля і бабуля.

Негаючымі ранамі зрэзаны ўсе ўзгоркі левага берага ракі, акопамі ды бліндажамі, а правы бераг захоўвае збудаванні з тоўстага бетону і металу. Яны, як балючыя стрэмкі ў жывым целе, сядзяць у зямлі і цяпер. У час ваенных дзеянняў Чырвонай Арміі супраць белапольскіх захопнікаў Заходняя Бярэзіна зноў становіцца лініяй фронту. А ў 1941 годзе па гэтай тэрыторыі ўжо прайшлі часці нямецкай арміі. У маёй памяці 1941-1944 гады – самыя балючыя, бо тут праляцела маё дзяцінства, і цяпер мне часта сняцца вайна, ліхалецце, гора і пакуты.

Мае гады жыцця ўжо адыходзяць, а ўспамінаў аб перажытым, аб людзях, з якімі даводзілася працаваць і жыць побач, і асабліва пра вёску і ўтварэнне саўгаса “Падбярэззе” шмат, і хочацца пра гэта расказаць.

 

    1950 год, калектывізацыя. Першы калгас пад назвай “Квітнеючая Беларусь”.

Старшыня Вікенцій Іванавіч Мартуновіч. Пазней Подберазь далучаецца да калгаса імя Неўскага, затым – Ракасоўскага, а яшчэ пазней – да Багданаўскага. Працаваць сялянам у гэтым саўгасе было цяжка і складана, бо, каб дабрацца да саўгаса “Багданаўскі”, патрэбна было прайсці 12 кіламетраў, а жыхарам вёсак Лаўскі Брод, Поці, Вароні, Сіняя Гара – 15-20 кіламетраў. Па просьбе жыхароў гэтых вёсак у чэрвені 1963 года была прынята пастанова аб разбуйненні саўгаса “Багданаўскі”. Подберазь становіцца цэнтрам саўгаса “Падбярэззе”. Першы дырэктар саўгаса – Яўген Уладзіміравіч Глінскі. У 24 гады маладому аграному даручылі кіраваць, будаваць, фарміраваць калектыў. Гады ў той час былі ў краіне складаныя: ураджайнасць і прадукцыйнасць жывёлагадоўлі нізкія, сельскагаспадарчай тэхнікі было мала.

Кіраўніком гаспадаркі Я. У. Глінскі прабыў чатыры гады. За гэты час было зроблена нямала: пабудавалі мост праз раку Заходняя Бярэзіна ў Подберазь, кантору гаспадаркі, сталовую, лазню, тры васьмікватэрныя дамы, чатыры фінскія домікі, цялятнік у вёсцы Алянава, кароўнікі ў вёсках Подберазь і Анцэлеўшчына, свінаферму ў вёсцы Поці. Стала расці ўраджайнасць зерневых.

Самымі насычанымі ў жыцці Подберазі былі сямідзясятыя гады, калі саўгасам пачаў кіраваць Міхаіл Браніслававіч Поль.

Мяне ўвесь час выбіралі намеснікам сакратара парткама саўгаса, і мы сумесна вырашалі праблемы гаспадаркі і школы, дырэктарам якой я з’яўляўся ўвесь час. Паступова мы сталі сябрамі.

Міхаіл Браніслававіч хоць і быў малады, але ўмела і строга кіраваў спецыялістамі. Вытворчыя нарады праводзіў кароткія, зладжаныя, даваў слушныя парады падначаленым. За пяцігодку ён вывеў саўгас у перадавікі. Таму не выпадкова, што за працоўныя дасягненні па раслінаводстве Зоя Макараўна Задора – брыгадзір брыгады “Анцэлеўшчына” саўгаса – была ўзнагароджана Залатой Зоркай і ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы. 30 чалавек узнагароджаны ордэнам ці медалём.

Міхаіл Браніслававіч Поль не быў абыякавым і да жыллёвых умоў спецыялістаў, рабочых саўгаса: актыўна будаваліся дамы, магазіны, сталовая, дзіцячы сад, фермы, нават конегадоўляй займаліся.

Маладога дырэктара хвалявала і здароўе людзей. Ён запатрабаваў, каб па размеркаванні ў Подберазь прыслалі доктара.

 

У 1975 годзе ў вёсцы была адкрыта ўрачэбная амбулаторыя. Яе ўзначаліў доктар Іван Віктаравіч Рогач, які працуе і цяпер.

М. Б. Поля паважалі ў гаспадарцы. З ім лёгка было працаваць, ён умеў чалавека выслухаць, дапамагчы справай і словам. Калі я пачаў узнімаць праблему пабудовы новай школы, Міхаіл Браніслававіч мяне падтрымаў. З ім мы не адзін раз ездзілі да раённага і абласнога кіраўніцтва, каб “прабіць” пытанне будаўніцтва школы і жылых дамоў для настаўнікаў.

 

Дзякуючы намаганням і дапамозе Міхаіла Браніслававіча, у 1973 годзе дзесьці 500 вучняў сабраліся на першы званок у новай школе.

Былі пабудаваны чатырохкватэрны дом і тры дамы для настаўнікаў. Будавалася і прыгажэла вёска. Часта ў пабудаваны сельскі Дом культуры сталі прыязджаць з канцэртамі сталічныя артысты, і клуб бітком набіваўся гледачамі, ішлі і старыя, і малыя. Вечарамі штодзённа можна было паглядзець кінафільм. Быў створаны вялікі хор, выступленні яго памятаюць у многіх вёсках жыхары, якія пражываюць цяпер. У хоры ўдзельнічалі ўсе настаўнікі школы і шмат працаўнікоў сельскай гаспадаркі.

Вялікая ўвага надавалася нагляднай агітацыі: баявыя лісткі, дыяграмы вытворчых паказчыкаў. Школьны стадыён раздаваўся галасамі футбалістаў і валейбалістаў.

Калі пайшоў на павышэнне М. Б. Поль, дырэктарам саўгаса стаў Тадэвуш Вікенцьевіч Целяжэвіч.

 

Пры ім на радасць людзям было пабудавана возера, засялілі рыбай, закупілі водныя веласіпеды для ўцехі дзяцей.

На возеры сталі сяліцца лебедзі, заляталі чароды качак.

Цёплыя ўспаміны ў вяскоўцаў заўсёды пакідалі і сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. На Дзень Перамогі мы традыцыйна збіралі разам прадстаўнікоў легендарнага слаўнага пакалення ля помніка загінуўшым воінам, які мы ўстанавілі ў парку на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі. Для гэтага спецыяльна выдзялялі аўтобус, каб з вёсак маглі прыехаць усе ветэраны.

 

Праводзілі ўрачысты мітынг, віншавалі тых, хто падарыў нашчадкам Вялікую Перамогу.                       Хвілінай маўчання ўшаноўвалі памяць пра тых, хто, на жаль, не вярнуўся ў родны край.

У той майскі дзень абавязкова ў кожнай сталовай накрывалі для шаноўных гасцей вялікі святочны стол. Мы разумелі, наколькі трэба людзям шчырая ўвага і клопат, бо жыццё ў вёсцы напоўнена бясконцай працай, і любым спасабам трэба імкнуцца падтрымліваць людзей, узнімаць іх дух, настройваць душы на аптымістычную хвалю, тады і вытворчыя справы пойдуць гладка…

 

Вёска Подберазь – маляўнічае месца для жыхарства, на вуліцах пакладзены асфальт, знаходзіцца каля чыгункі, маецца стаянка для пасажырскіх цягнікоў, на якіх выгадна паехаць у гарады Ліда, Маладзечна, Мінск, недалёка ажыўленая магістраль Мінск-Вільнюс.

І тым не менш вёска вымірае. Да чэрвеня 2014 года былі сярэдняя агульнаадукацыйная школа, дзіцячы сад. Іх закрылі, бо мала дзетак. Цяпер хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца ў школе ў Гародзьках.

Лявонцій ЖАРКЕВІЧ,

жыхар вёскі Подберазь

 

Фота з архіва раённага музея

(Заканчэнне будзе)



Добавить комментарий