У інтарэсах пакупнікоў

Общество

Аддзел нехарчовых тавараў райспажыўтаварыства налічвае 11 гандлёвых кропак па ўсім раёне. На прылаўках магазінаў – 70% тавараў айчыннай вытворчасці. Пакупніцкая цікавасць да прапанаванай прадукцыі істотна ўзрастае ў час гандлёвых акцый, якія прадугледжваюць скідкі, – летась іх правялі каля 20. Напрыклад, у дзень скідак, 31 студзеня бягучага года, аддзел нехарчовых тавараў атрымаў 350 мільёнаў выручкі, а за мінулы месяц нагандлявалі на 2 мільярды 300 мільёнаў рублёў.

Лепшыя паказчыкі сярод гандлёвых кропак аддзела нехарчовых тавараў райспажыўтаварыства на вёсцы забяспечыў Вішнеўскі магазін № 19. Загадчыца, яна ж і прадавец, Ганна Францаўна Лаўнікевіч выканала план тавараабароту за мінулы год на 100% пры аб’ёме 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў. Нядрэнны гадавы паказчык і ў Сакаўшчынскага магазіна № 27, якім загадвае Святлана Зыгмундаўна Мяшковіч. Тут атрымана 700 мільёнаў рублёў.  

Істотны паказчык забяспечвае магазін № 68 “Мэбля” па вуліцы Савецкай райцэнтра. У асартыментным пераліку – больш за 30 найменняў тавараў беларускай вытворчасці: шафы, ложкі, камоды, тумбачкі, сталы камп’ютарныя і кухонныя і многае іншае. Напрыклад, самая дарагая спальня, якую купілі ў мінулым месяцы, каштавала 16 мільёнаў рублёў. Такая ж цана была і ў самай дарагой канапы, секцыі ж набываюць за 11 мільёнаў. Пакупнікі могуць заказваць мэблю, выбіраючы на свой густ у шматлікіх каталогах, прапанаваных пастаўшчыкамі.

 

На здымку: Загадчыца мэблевага магазіна Валянціна Пятроўна МУЧЫНСКАЯ, якая працуе ў сістэме райспажыўтаварыства 39 гадоў, і прадавец Маргарыта Уладзіміраўна БІБІК з 43-гадовым стажам у гэтай арганізацыі перавыканалі мінулагодні план тавараабароту ў 111%, забяспечыўшы паказчык у 4 мільярды 130 мільёнаў рублёў.

Са студзеньскім планам у 170 мільёнаў рублёў магазін сёлета таксама паспяхова справіўся: рэалізавалі тавараў на суму больш за 180 мільёнаў. Напрыклад, толькі ў апошні дзень мінулага месяца тут прададзена прадметаў хатняга інтэр’ера на 101 мільён рублёў.

Алена ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий