Хто быў старанны i руплiвы, той святам сённяшнiм шчаслiвы

Общество

Сярод розных мерапрыемстваў, маштабных і значных, асобнае месца займае Свята працы, якое ў 2015 годзе прымеркавана да 75-годдзя раёна. Гэта і ўрачыстасць, і даніна павагі людзям, якія ўкладваюць сваю штодзённую працу, прафесіяналізм, творчы патэнцыял у развіццё раёна, у забеспячэнне яго дабрабыту. Дзе, як ні тут, збіраюцца разам прадстаўнікі калектываў усіх сфер дзейнасці, людзі, якія заслугоўваюць самага высокага ўшанавання, – лепшыя працаўнікі Валожыншчыны.

Па традыцыі свята пачалося яшчэ ў фае кінатэатра “Юнацтва”. Пад гукі аркестра сустракаліся, гутарылі, успаміналі гады сумеснай працы на карысць Валожыншчыны былыя і сённяшнія кіраўнікі раёна і прадпрыемстваў, дэлегацыі арганізацый, госці са Стаўбцоўскага і Маладзечанскага раёнаў. Прыемна было назіраць за былымі старшынямі райвыканкама – Валянцінам Іванавічам Малішэўскім і Анатолем Міхайлавічам Зязеткам, якія з радасцю сустракаліся са сваімі калегамі і пераймальнікамі. Сярод гасцей мерапрыемства былі Святлана Рыгораўна Сарока – член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Іван Эдуардавіч Ліпніцкі – старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў.

У якасці пралога арганізатары прапанавалі гледачам экскурс у гісторыю Валожыншчыны. Змянялі адзін аднаго кадры на экране, а разам з імі гарталіся старонкі жыцця нашай зямлі. Многія з прысутных у зале пазнавалі сябе і сваіх паплечнікаў на чорна-белых здымках, якія яскрава апавядалі аб развіцці сельскай гаспадаркі і прамысловасці, фарміраванні сферы абслугоўвання, удасканаленні адукацыі, культуры і медыцынскага абслугоўвання. Затым прысутных павітаў старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч. Не будучы ўраджэнцам Валожыншчыны, Уладзімір Антонавіч, між іншым, добра арыентуецца ў гісторыі раёна, якім кіруе, і заўсёды са шчырай павагай успамінае старэйшае пакаленне, на долю якога выпалі суровыя гады станаўлення краю. У першую чаргу – Лізавету Трафімаўну Валадкевіч і шаноўную госцю свята Зою Макараўну Задору. Гэтыя жанчыны – гонар раёна, яго залаты фонд, яны ўдастоены званняў Герояў Сацыялістычнай Працы.

У год, калі наша родная Беларусь сустракае 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, аднымі з жаданых гасцей на свяце сталі, безумоўна, ветэраны. Да шматлікіх узнагарод, якіх нямала ў Самуіла Ісакавіча Штэйнера, Уладзіміра Антонавіча Шаблыкі, Івана Фаміча Радыны і Аляксея Іванавіча Санталава, дабавіўся і юбілейны медаль “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”. Ад раённай арганізацыі «Белая Русь» падарункі ветэранам уручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Францавіч Глінскі. Галоўным момантам урачыстасці стала традыцыйнае ўзнагароджванне лепшых калектываў і працаўнікоў, якія ў 2014 годзе дасягнулі найбольш значных паказчыкаў. Ганаровай граматай аблвыканкама за шматгадовую працу ўзнагароджаны былы кіраўнік ААТ «Валожынская райаграпрамтэхніка», ветэран працы Уладзімір Іванавіч Глябовіч, Наталля Міхайлаўна Галубіцкая – загадчыца Пяршайскай бальніцы сястрынскага догляду, Наталля Лявонаўна Дашко – прадавец магазіна “Гасцінец”, Вольга Міхайлаўна Чараповіч – аператар машыннага даення ААТ “Агра-Дубінское”. Падзяку старшыні Мінаблвыканкама атрымалі Дзмітрый Мікалаевіч Балашка – бетоншчык ААТ “ПМК-188”, Наталля Іванаўна Голуб – аператар па адкорме  БРЖ  КСУП “Пяршаі-2003”, Святлана Міхайлаўна Зайлянкова – дырэктар ДУА “Івянецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”, Святлана Якаўлеўна Скадорва – старшая медсястра неўралагічнага аддзялення райбальніцы.

Цэнтральнымі героямі свята сталі тыя, хто сваёй самаадданай працай у мінулым годзе множыў дабрабыт роднага краю, чые імёны ўпісаны ўжо ў навейшую гісторыю нашага раёна. Многія з перадавікоў не першы раз становяцца пераможцамі і лепшымі па прафесіі. Застаецца толькі спадзявацца, што добры прыклад з іх возьмуць і іншыя.

На Валожынскі філіял УП “Мінскаблпаліва”, якім кіруе М. І. Радына, могуць раўняцца не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Не раз першае месца па паказчыках пакаралася гэтаму зладжанаму калектыву. Так здарылася і летась: яны зноў сталі лепшымі сярод калег Міншчыны. Не займаць старання і руплівасці такім працаўнікам, як Канстанцін Бобрык, Мікалай Гутар, Уладзімір Загорскі.

Добрую славу заваяваў у вобласці камбінат бытавога абслугоўвання (дырэктар Л. В. Акотчык). Сёння яны трывала трымаюцца ў тройцы лідараў, выручку ад рэалізацыі ўласнай прадукцыі за год павялічылі ў паўтара раза.

Нядрэнна папаўняе раённую скарбонку Валожынскае райспажыўтаварыства, саступаючы па аб’ёмах падаткаў толькі аграпрамысловаму комплексу. У 2014 годзе рознічны тавараабарот арганізацыі склаў 179,8 мільярда рублёў.

Своеасаблівай “крывяноснай” сістэмай усіх вытворчых працэсаў з’яўляюцца банкаўскія ўстановы раёна. Цёплыя словы падзякі прагучалі ў адрас кіраўнікоў фінансавых структур Іны Пукалы і Віктара Падгайскага, а таксама супрацоўнікаў Алены Бутовіч, Валянціны Лукашанец, Ганны Субач, Святланы Багуцкай, Алены Балашкі.

Прыемна, што ў кагорце лепшых знайшлося месца і для прадстаўнікоў маладога пакалення. Юнакі і дзяўчаты праявілі сябе ў самых розных сферах дзейнасці: Эма Берташ – педагог, Андрэй Рубацкі – аграном, Павел Ганчар – медык. Актыўная жыццёвая пазіцыя вызначае Алесю Балбатун, Дар’ю Шырочыну, Паўла Дрожжу.

Таленавітымі і руплівымі працаўнікамі культурнай нівы з’яўляюцца Яўгенія Харук, Лізавета Пятроўская, Марына Чабай, Андрэй Язерскі, Валерый Мазура, Дзмітрый Гурбан. Яны ўзначальваюць лепшыя творчыя калектывы, якія, дарэчы, вельмі ўпрыгожылі сваімі выступленнямі гэта велічнае раённае свята.

Без перабольшвання можна сказаць, што ў службе сацыяльнай абароны насельніцтва працуюць самыя сардэчныя, чуллівыя да чужой бяды людзі. Інваліды і ветэраны, малазабяспечаныя грамадзяне і шматдзетныя сем’і знаходзяцца пад пільным патранажам. Таму падзякі і ўзнагароды не абмінулі Наталлю Макрыцкую, Галіну Аноп, Алену Петрашкевіч.

Для таго, каб можна было спакойна працаваць, у першую чаргу патрабуецца грамадскі парадак. Сёння на яго варце надзейна стаяць праваахоўнікі і супрацоўнікі РАНС Валерый Гарбачэўскі, Арцём Гульба, Валерый Жук, Вадзім Пасека, Аляксандр Жалток, Віктар Чуйко.

Самы ж прадстаўнічы атрад пераможцаў – у аграпрамысловым комплексе, што заканамерна, бо раён і спецыялізуецца па сельскай гаспадарцы, і прыбытак ад яе мае самы важкі. Летась нашы сельгаспрадпрыемствы атрымалі валавой прадукцыі на 524 мільярды рублёў. Лічба ўражальная, але патэнцыял далёка яшчэ не ўвесь выкарыстоўваецца, ёсць над чым працаваць. Раўняцца можна на ААТ «Агра-Дубінское» (кіраўнік Г. В. Каспяровіч), СВК «Пяршаі-2003» (кіраўнік Я. Я. Скрундзь), СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» (кіраўнік Г. У. Бычкоўскі).

Алена ЗБІРЭНКА,

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтараў



Добавить комментарий