20-годдзе працы літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь»

Культура

Своеасаблівай творчай справаздачай перад землякамі стала святкаванне народным літаратурна-мастацкім аб’яднаннем “Рунь” Валожынскага РЦК 20-годдзя працы пры гэтай установе культуры. Раней “Рунь” была толькі літаратурным аб’яднаннем, якое дзейнічала пры рэдакцыі раённай газеты “Працоўная слава”.

У вестыбюлі Цэнтра культуры разгарнулася кніжная выстава і ўсе жадаючыя маглі пазнаёміцца з калектыўнымі і ўласнымі набыткамі ўдзельнікаў творчай суполкі. Святкаванне юбілею “Руні” супала са знамянальнымі падзеямі ў жыцці не толькі Валожыншчыны, але і ўсёй краіны. Таму хвалююча і пранікнёна гучалі са сцэны вершы і песні нашых творцаў, прысвечаныя 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, па сыноўска-даччынаму шчыра і светла — прызнанне ў любові свайму раёну, які адсвяткаваў 75-годдзе ўтварэння, і гораду Валожыну, якому летам споўніцца 615 гадоў. Пра маладосць нагадалі прысутным творы пра каханне, павесялілі сатырычна-жартоўныя.

Рунеўцы пачулі шчырыя, удзячныя словы ад дырэктара РЦК А. І. Конаўкі, дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна І. М. Зянько, атрымалі падарунак ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Шаноўная госця з Мінска, кіраўнік народнага Клуба паэтаў і кампазітараў “Жывіца” Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, намеснік старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі І. А. Карнаухава, разам з цёплымі прывітальнымі словамі прывезла “Руні” дыплом ДУ “МАЦНТ” і Ганаровую грамату за подпісам дырэктара РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”, старшыні Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” А. М. Карлюкевіча. Падарункам стаў зборнік удзельнікаў “Жывіцы” ў 2-х частках “Праз восеньскі ажур”.

Завяршыўся святочны канцэрт вершам таленавітага ўдзельніка аб’яднання Сяргея Маляўскага і “Гімнам Валожынскай зямлі”, які напісаў на яго словы вядомы беларускі кампазітар Эдуард Зарыцкі.

Валянціна Гіруць-Русакевіч,

кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага

аб’яднання “Рунь” РЦК



Добавить комментарий