За працу – павага людская

Культура

(Заканчэнне. Пачатак у № 14.)

У 70-я гады на пасяджэннях сельгасарцелі была пастаўлена задача – зрабіць вёску Подберазь аграгарадком, забяспечыць людзей працоўнага ўзросту работай.

Ва ўзведзеным будынку зрабілі пілараму, адкрылі прадпрыемства па вырабу хатняй мэблі, штыкетніку для агароджвання сялянскіх сядзіб і іншых драўляных матэрыялаў. Для работнікаў пабудавалі інтэрнат.

На жаль, сталі мяняцца кіраўнікі гаспадаркі, якія не змаглі захаваць тое, што было зроблена раней. Спыніла сваё існаванне свінагадоўчая ферма ў вёсцы Поці. Непатрэбнымі сталі канюшні, іх разбурылі. Закрылі жывёлагадоўчую ферму ў в. Алянава, скарачаецца пагалоўе жывёлы і на ферме «Анцэлеўшчына».

Цяпер у вёсцы Подберазь і асабліва ў навакольных – Лаўскі Брод, Руднікі, Вароні, Вуглы, Сіняя Гара, Анцэлеўшчына, Ластаянцы, Алянава і іншых – вельмі шмат пустых хат.

Нямала і такіх, дзе жывуць па адным чалавеку. Асноўныя насельнікі – пенсіянеры. Ёсць яшчэ жыхары, якія працуюць у мясцовым саўгасе “Падбярэззе”: хто механізатарам, хто жывёлаводам. Але такіх нямнога. Пераважна людзі ездзяць на работу ў Маладзечна, Мінск.

Вымірае Подберазь і навакольныя маляўнічыя вёсачкі, дзе на кожнай сядзібе раслі сады, дзе мы хадзілі ў лес збіраць грыбы і ягады. Часам ідзеш па вуліцы і не сустрэнеш ні душы, асабліва ў зімовы час. І гэта дзе некалі ў кожнай хаце звінелі дзіцячыя галасы, дзе ў мясаед ледзь не кожны тыдзень гулялі вяселлі. А як, бывала, святам ідзеш праз вясковую вуліцу, то на лавачках гамоняць кабеты, мужчыны. Цяпер толькі дзе-нідзе бабулькі выйдуць пагрэцца на сонцы. Летам усё зарастае быльнягом на сядзібах, дзе ніхто не жыве. Толькі памяць застаецца ў сэрцы тых, каму гэтыя мясціны дарагія з дзяцінства. Яна будзе жыць, пакуль будзем жыць мы. Мне некалі здавалася страшным, што гарады праглынаюць вёскі, як у фільме “Белыя росы”. Была вуліца, хаты, і раптам усё змянілася.

Бясконца можна расказваць пра вяскоўцаў, пра іх няпростае, багатае на падзеі жыццё. Яны заслугоўваюць гэтага. І няхай у кожнага з іх свае слабасці і недахопы, але гэта сціплыя, добрыя, працавітыя людзі.

Лявонцій ЖАРКЕВІЧ,

жыхар вёскі Подберазь

 

Жыццё раёна



Добавить комментарий