Уратаваў АПА

Закон и порядок

11 лютага ў 16 гадзін 28 хвілін у аператыўным упраўленні Валожынскага РАНС раздаўся тэлефонны званок. Усхваляваная жанчына паведаміла, што ў вёсцы Сідараўцы Ракаўскага сельсавета жылы дом напоўнены дымам і адтуль чуецца сігнал аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.

Не марудзячы, на месца здарэння выехалі 4 аварыйна-выратавальныя падраздзяленні. Імі было ўстаноўлена, што адкрытым полымем гарыць дах драўлянага дома. Агонь хутка лакалізавалі, але шкода будынку нанесена значная: шыферны дах цалкам знішчаны, згарэлі цагляная прыбудова, унутранае памяшканне дома, столь.

На момант узгарання ў доме знаходзіўся гаспадар 1949 года нараджэння, пенсіянер, інвалід 2 групы. Мужчына пачуў гук пажарнага апавяшчальніка і самастойна выбраўся на вуліцу яшчэ да прыбыцця падраздзяленняў МНС. Прыбор АПА быў устаноўлены ў доме пацярпелага ў 2009 годзе за кошт сродкаў райвыканкама.

Па папярэдніх вывадах, пажар узнік з-за неасцярожнасці гаспадара пры курэнні. Гэта адна з найбольш распаўсюджаных прычын узгаранняў. Таксама часта да бяды прыводзіць няспраўнае пячное ацяпленне, пакінутыя без нагляду бытавыя электрапрыборы. Устаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік у любым выпадку імгненна зрэагуе і ўберажэ чалавека ад гібелі.

Цэнтр аператыўнага ўпраўлення

 Валожынскага РАНС



Добавить комментарий